Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэта кралі антыкварныя кнігі, перасылалі іх у Менск, а прадавалі ў Расеі


Унівэрсытэцкая бібліятэка ў Варшаве
Унівэрсытэцкая бібліятэка ў Варшаве

Як стала вядома польскаму выданьню Onet, польскія пракуроры падазраюць уладальніка маскоўскага аўкцыённага дома і былога экспэрта Міністэрства культуры Расеі Сяргея Бурмістрава ў атрыманьні крадзеных кніг.

Паводле зьвестак сьледзтва, ён гандляваў антыкварнымі кнігамі XIX стагодзьдзя, скрадзенымі зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Крадзеж антыкварных кніг расейскіх аўтараў адбываў па ўсёй Эўропе, а ключавую ролю ў справе адгуляў чалавек па імені Міхаіл З., паведамляе Onet.

Міхаіл З. пасябраваў з супрацоўнікамі бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, сьцьвярджаў, што зьяўляецца гісторыкам грузінскай літаратуры, цэлымі днямі праводзіў у чытальнай зале, а падчас частых перапынкаў на цыгарэты ён краў тамы на мільёны злотых.

«Звычайна ён хаваў іх пад швэдрам або ў торбе, а потым нёс у туалет пакой, дзе ўздымаў столь і хаваў здабычу. Пасьля заканчэньня працы ў чытальнай зале ён ішоў у туалет, забіраў кнігі і выносіў іх на вуліцу», — распавёў Onet пракурор Барташ Янды, сябра міжнароднай сьледчай групы «Пушкін».

Міхаіл З. наведваў бібліятэку Варшаўскага ўнівэрсытэту са сьнежня 2022 года па кастрычнік 2023 году. Ён зарэгістраваўся як пастаянны чытач, часта прыходзіў па некалькі дзён запар, і для яго загадзя рыхтавалі пэўныя матэрыялы.

Калі ён краў асобныя тамы, дык замяняў іх падробленымі кнігамі, а супрацоўнікі бібліятэкі счытвалі толькі той код, які супадаў, і падробкі потым вярталіся на паліцы склада замест сапраўдных кніг.

Агулам паводле сьледзтва Міхаіл З. скраў з бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту 78 кніг XIX стагодзьдзя на суму больш за 3,8 мільёна злотых (каля 1 мільёна даляраў). Сярод кніг былі першыя выданьні Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Міхаіла Лермантава ды Івана Крылова.

Злодзей спакоўваў скрадзеныя кнігі і перадаў іх кіроўцу аўтобуса, які ехаў праз Варшаву ў Менск. Там іх павінен быў забраць «кліент». Сам Міхаіл атрымліваў сваю ўзнагароду дыстанцыйна, у выглядзе крыптавалюты.

Сьледзтва высьветліла, што Польшча — не адзіная краіна, якая пацярпела, і што справа мае міжнародны характар. Крадзяжы старадрукаў расейскіх аўтараў адбываліся таксама ў Францыі, Нямеччыне, Чэхіі, Аўстрыі, Нідэрляндах і краінах Балтыі. Прынцып дзеяньняў быў аднолькавым усюды. Сябры злачыннай групоўкі кралі каштоўныя асобнікі з бібліятэк і замянялі іх падробкамі.

Усяго па ўсёй Эўропе было скрадзена 170 тамоў, большасьць з якіх — у Польшчы. Для каардынацыі расьсьледаваньня была створаная міжнародная каманда, якая складалася са сьледчых з усіх пацярпелых краін.

Нягледзячы на тое, што паказаньні Міхаіла З. не дазволілі высьветліць асобу «кліента», сьледчым удалося вызначыць, што восем твораў, скрадзеных з бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, былі прададзеныя на аўкцыёне аўкцыённым домам «Літфонд», які знаходзіцца ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Яго ўладальнік, Сяргей Бурмістраў раней быў экспэртам Міністэрства культуры Расеі.

«Цяжка сказаць, ці стаіць за гэтымі дзеяньнямі расейская дзяржава, ці нейкая група алігархаў, зьвязаных з урадам. Аднак я перакананы, што такі аўкцыённы дом не мог дазволіць сабе прадаваць такія творы без ведама і падтрымкі Крамля. Таксама важна, што ўсе гэтыя крадзяжы па ўсёй Эўропе пачаліся пасьля паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», — кажа пракурор Барташ Янды.

Як стала вядома Onet, акруговая пракуратура ў Варшаве плянуе выставіць Сяргею Бурмістраваму абвінавачаньне ў атрыманьні крадзеных рэчаў і абвясьціць яго ў вышук.

Польскі сьледчы таксама прызнае, што шанцы вярнуць скрадзеныя кнігі ў бліжэйшай будучыні малыя. Аднак ён не выключае, што такая магчымасьць зьявіцца на працягу наступных некалькіх дзесяцігодзьдзяў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG