Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стары сьвет разваліўся, а новы яшчэ „не падвезьлі“». Дар’я Ракава напісала кнігу пра беларусаў у эміграцыі

Дар'я Ракава на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Варшаве
Дар'я Ракава на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Варшаве

У Варшаве адбылася інтэрактыўная прэзэнтацыя шчырай кнігі «Я/Мы Эміграцыя», якую напісала 25‑гадовая беларуска, настаўніца польскай мовы Дар’я Ракава.

Дар’я Ракава апынулася ў Польшчы ў 2018 годзе — хацела атрымаць эўрапейскую адукацыю. Але ў 11-й клясе яшчэ ня вызначылася, чым хоча займацца.

«Я хацела стаць акторкай, але тата мне сказаў, што з такой прафэсіяй я буду жыць у скрынцы. Таму мы выбралі тое, пасьля чаго людзі не жывуць у скрынцы, — паліталёгію… У Беларусі заставацца для мяне — не варыянт. Я разумела, што з маім вострым языком і з тым, пра што я пыталася ў школе, у Беларусі мне будзе ня вельмі добра. Бацькі выпхнулі мяне вучыцца ў Эўропу — прывезьлі ў Люблін. Так што я эмігравала, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам», — з гумарам апавядае Дар’я.

Але ў сваёй кнізе яна ўдакладняе, што «ехаць кудысьці» (як яна зь Беларусі ў Польшчу ў 2018-м), і «зьяжджаць аднекуль» (як бальшыня цяперашніх вымушаных эмігрантаў) — гэта розныя рэчы. Такі досьвед у кожным разе траўматычны.

Выданьне “Я/Мы Эміграцыя” аўтаркі Дар'і Ракавай
Выданьне “Я/Мы Эміграцыя” аўтаркі Дар'і Ракавай

Дар’я прыехала ў Польшчу зь веданьнем польскай мовы В2 (гэта даволі высокі ўзровень, вышэйшы за сярэдні. — РС). Але, як аказалася, яго было недастаткова для паўнавартаснай камунікацыі. А мова дае свабоду, сьцьвярджае Дар’я.

«У новай краіне жыхарства доўга маўчыш. Спачатку табе бракуе слоўва. І часта чуеш ад самых розных людзей, куды табе трэба ехаць, які ты „не такі“ ды які ты недарэчны, калі ўсё ж вырашаеш адкрыць рот. Дыскрымінацыя становіцца настолькі звыклай часткай жыцьця, што да таго моманту, калі мовы ўжо хапае, каб адказаць усім, працягваеш маўчаць, паверыўшы ў сваю непаўнавартасьць. Плаціш падаткі, робіш карысную працу, як мясцовыя, маеш добры досьвед і некалькі моваў ў галаве, але ўсё роўна ты „лішні“ і жывеш з гэтым, сарамліва закрыўшы рот», — піша аўтарка кнігі «Я/Мы Эміграцыя».

«Накіпела і назьбіралася»

Чаму зьявілася гэтая кніга? Калі Дар’я пачала працаваць настаўніцай польскай мовы, навучэнцы апавядалі ёй пра свае прыгоды ў чужой краіне. Яна зьбірала гэтыя эмігранцкія гісторыі. Паколькі была настаўніцай, усё аналізавала, раскладвала па палічках. Дый сваіх прыгодаў і назіраньняў у яе хапала. Апошняй кропляй стаў для Дар’і паход у мясцовую адміністрацыю (urząd).

Дар'я Ракава, прэзентацыя кнігі “Я/Мы Эміграцыя”
Дар'я Ракава, прэзентацыя кнігі “Я/Мы Эміграцыя”

«Мне тады здавалася, што я даволі добра размаўляю па-польску, у мяне не павінна быць праблем. Але пану ва ўжэндзе здалося, што я ня надта яго разумею, і ён пачаў перакладаць некаторыя словы на расейскую. Мне гэта не спадабалася, і я вырашыла ўзяцца за напісаньне кнігі пра цяжкасьці эміграцыі. Напісала яе даволі хутка, празь некалькі месяцаў у мяне ўжо быў тэкст. Так што накіпела і назьбіралася», — расказвае аўтарка.

Кнігу пісала па-расейску, хоць дасканала валодае і беларускай — каб яна была карысная і расейскамоўным, і тым, хто расейскую ведае. У новым выдавецтве «RozUM Media», якое ў траўні 2025 году заснаваў беларус Павал Лягчылаў, які сам тады толькі-толькі эміграваў у Польшчу, кніга выйшла ў двух варыянтах. У лютым яна выйдзе яшчэ і па-польску.

Ад разгубленасьці да ўпэўненасьці

Прэзэнтацыю выданьня правялі інтэрактыўна. Дар’я задала публіцы пытаньне, што для кожнага азначае эміграцыя — адным-двума словамі. Адказы былі самыя разнастайныя: «выпрабаваньне»; «шаленства 24 гадзіны ў дзень»; «новыя магчымасьці і пэрспэктывы»; адстой; «да і пасьля»; «актывізацыя страхаў»; «зьмены і новае жыцьцё»; «самастойнасьць»; «барацьба і складанасьці»; «перазагрузка сябе наноў»; «жопа»; «крызіс»; «дзіва дзіўнае»; «новы галаўны боль»; «вымушаная мера»… Аўтарка выслухала ўсе варыянты і падсумавала: «Экспэрымэнт удаўся. Можаце кніжку купляць — там пра вас будзе дакладна!»

На прэзэнтацыю прыйшло каля 40 беларусаў
На прэзэнтацыю прыйшло каля 40 беларусаў

Дар’я апісала ня толькі сваю гісторыю эміграцыі, хоць і пра яе у кнізе ёсьць. У новым выданьні больш гісторыяў і досьведу іншых — вучняў, сяброў, суседзяў.

«Нас, такіх разгубленых, на чужыне вельмі багата, і гэта не залежыць ні ад статусу, ні ад узросту. Я паказваю шлях ад разгубленасьці першых дзён да ўпэўненасьці, якая зьявілася прынамсі ў мяне, і, думаю, ува ўсіх яна калісьці зьявіцца.

У кнізе шмат сьмешных сытуацыяў, я вельмі багата іранізую, мне хацелася, каб вы сьмяяліся — каб вы думалі, што ўсё ня так страшна», — запэўнівае аўтарка.

У творы Дар’і 6 разьдзелаў, 33 ілюстраваныя гісторыі пра новае жыцьцё ў эміграцыі і пра тое, як даваць рады ўсім складанасьцям, праблемам, цяжкасьцям. Ёсьць сур’ёзныя эсэ: пра польскую паліцыю, пра бюракратычнае пекла, дэпартацыю, законы, якія хутка зьмяняюцца. Ёсьць кранальныя рэчы пра дом і сям’ю, пра складанасьці з мовай, пра сяброўства на эміграцыі, пра тое, як адзін чалавек імкнецца хутка асвоіцца, а другі замірае на некалькі гадоў, і як цяжка напачатку кантактаваць зь мясцовымі.

Дар'я Ракава
Дар'я Ракава

«Я напісала нават пра свае рамантычныя спатканьні на польскай мове, пра тое, як пачалася вайна і я ўжо зьбіралася эміграваць далей, але засталася. Пра сумныя сьвяты не з сваімі блізкімі, пра тых, хто вяртаецца, пра дзяцей-білінгваў і падлеткаў. Пра тое, што „стары сьвет разваліўся, а новы яшчэ не падвезьлі“. Пра самыя розныя рэчы — спадзяюся, кожны знойдзе штосьці пра сябе, каб было весялей жыць у гэтай няпростай сытуацыі, у якой мы ўсе апынуліся», — разважае Дар’я.

Аўтарка абяцае, што калі хтосьці чагосьці ў яе першай кнізе ня знойдзе, яна напіша другую.

Адзін з гасьцей прэзэнтацыі пажартаваў з назвы кнігі: маўляў, «Я/Мы Эміграцыя» — гэта «Ямы эміграцыі»?

Дар’я гумар ацаніла: кажа, што назва «Ямы эміграцыі» таксама добрая і прыдатная. А на пытаньне «за які тэрмін гэтую „яму эміграцыі“ можна засыпаць і цьвёрда і ўпэўнена ісьці па жыцьці?» адказала, што ўсё залежыць ад таго, як чалавек стараецца, намагаецца інтэгравацца.

«Калі ўсё рабіць паводле правілаў, то спатрэбіцца прыкладна 5 гадоў пасьля таго, як вы пачняце інтэгравацца. Так мяркуюць сацыёлягі», — кажа Дар’я Ракава.

«Ня жыць адкладзеным жыцьцём»

На прэзэнтацыі Дар’я прачытала фрагмэнт эсэ «Больш не хачу жыць на чамаданах», які, на думку аўтаркі кнігі, дае надзею.

«Я не зьяжджала зь Беларусі. Я ехала ў Польшчу. Як ні круці, гэта вялікая розьніца, але бытавы крызіс эмігранткі я пражывала гэтаксама цяжка, як і тыя, хто зьехаў, уцякаючы ад рэпрэсіяў і вайны… Навошта табе твае кнігі? Ты жывеш у інтэрнаце. Можа, табе яшчэ і кіборд прывезьці? — гэта мая мама. Яна не разумее, чаму я прашу прывезьці рэчы, якія буду зь вялікай цяжкасьцю цягаць на сабе пры кожным новым пераезьдзе. Я проста хачу, каб мае рэчы былі са мной. І каб было што паставіць на паліцу. Шмат гадоў, акрамя гэтых кніжак і кіборда, у мяне нічога не было. Я ела з самых танных ікейскіх талерак і здавольвалася пасьцельнай бялізнай з інтэрнату, а пасьля падушкамі і коўдрамі арэндаванага жытла. Празь пяць гадоў я купіла сабе ўласную коўдру, падушку, а яшчэ вялікі жоўты фатэль, дыван, двухмэтровае люстэрка, пісьмовы стол і шмат лямпаў.

Мае сябры былі ў шоку — ня толькі таму, што я пераяжджала прыкладна раз на паўгода, але яшчэ і таму, што мне маглі банальна не падоўжыць ДНЖ і прыйшлося б зьяжджаць назаўсёды. Навошта гэтыя рэчы? Такое марнатраўства…

Першы раз з усім гэтым наборам мэблі я пераехала ўжо праз тры месяцы. Мне давялося шукаць бусік і плаціць за пераезд.

Затое на новым месцы, калі я расставіла мэблю, адразу апынулася дома. Ужо ў першы дзень. Абвыкацца не прыйшлося, бо са мной былі мая мэбля і мая бялізна. Любімая, утульная, мной абраная і складзеная маімі рукамі.

Я так усьцешылася, што на наступны дзень купіла сабе шмат прыгожага посуду: келіхі для віна — шырокія, але на вельмі тоненькай ножцы, кубкі для кавы з падвойным шклом, прыгожыя шклянкі для напояў, дзьве вазы для кветак, керамічныя талеркі ручной работы. Калі мне наканавана будзе калі-небудзь зьехаць, я проста раздам гэта ўсё. Я ведала, што больш не хачу пазбаўляць сябе гэтай бытавой раскошы і жыць там, куды нават ня хочацца вяртацца з працы толькі таму, што мне могуць не падоўжыць гэты дурны ДНЖ.

А калі ў мяне ніколі ня будзе грамадзянства? Ці сваёй кватэры? Памру, так і ня выпіўшы віна з сваіх прыгожых келіхаў? У мяне няма грошай на сваё жытло і слабыя шанцы атрымаць пашпарт, але пяцьдзясят злотых на келіх у мяне ёсьць.

І яшчэ ёсьць вялікае жаданьне ня жыць адкладзеным жыцьцём», — піша аўтарка кнігі «Я/Мы Эміграцыя» Дар’я Ракава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG