Праблема з падручнікамі
Напрыканцы сьнежня мінулага году ў Польшчы выйшаў дапаможнік для вывучэньня беларускай мовы як замежнай «Беларуская мова: практыкаваньні і тэксты для чытаньня». За некалькі тыдняў увесь ягоны наклад раскупілі. Стварыла падручнік кандыдат філялягічных навук, выкладчыца катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта Вольга Трацяк.
Яна працуе на катэдры беларусістыкі амаль 13 гадоў. Суразмоўца заўважае, што ўвесь час былі складанасьці з матэрыяламі для вывучэньня беларускай мовы. Адзіны падручнік, якім выкладчыкі карыстаюцца ўвесь час і раяць набываць яго студэнтам, гэта «Беларуская мова? З задавальненьнем!» Тацяны Рамзы. Абапіраюцца таксама на сучасныя падручнікі, якія выходзяць у Беларусі, але для навучаньня беларусаў, а не іншаземцаў.
«Мы, усе маладыя супрацоўнікі, мусілі рабіць свае ўласныя, аўтарскія матэрыялы», — кажа выкладчыца.
Аўтарка новага дапаможніка расказала, што ў яго ўвайшлі ейныя напрацоўкі за час выкладаньня на катэдры беларусістыкі.
«Тут сабраныя практыкаваньні, якія выклікаюць найбольш клопату: родны склон назоўнікаў мужчынскага роду з канчаткамі -а/-у, давальны і месны склоны, таксама спэцыфічныя ў беларускай мове, ёсьць заданьні ў беларускай фразэалёгіі, артаграфічныя заданьні: напрыклад, і, й, ы пасьля прыставак у каранях, якія пачынаюцца з і», — камэнтуе філёляг.
Важная частка дапаможніка — ключ з адказамі да практыкаваньняў, што робіць яго прыдатным і для самастойнай працы. Ключ бывае ў падручніках нячаста. Аўтарка падручніка адзначае, што каб падрыхтаваць адказы, патрэбна было столькі ж часу, колькі і на самыя заданьні.
У падручнік увайшлі таксама тэксты для чытаньня з розных выданьняў, у тым ліку перакладзеныя на беларускую мову. Суразмоўца адзначае, што ўнівэрсальны, цікавы тэкст па-беларуску, які можна было б некалькі гадоў выкарыстоўваць для ўдасканаленьня практыкі чытаньня, знайсьці складана.
«Сучасныя мэдыя, якія існуюць па-за межамі Беларусі, пішуць рознымі правіламі правапісу. Калі мы бяром тэкст, то яго трэба дастасоўваць да афіцыйнай формы. Гэта таксама займае час. Плюс няма ўнівэрсальных тэмаў. Вельмі цяжка знайсьці сайт, на якім былі б проста ўнівэрсальныя тэксты пра нормы этыкету ў розных краінах, як весьці бізнэс-камунікацыю, як карэспандаваць у электроннай пошце», — тлумачыць аўтарка кнігі.
«Цяжка казаць, што беларуская мова для беларусаў родная»
На пытаньне, наколькі карысныя для навучаньня матэрыялы папулярных курсаў «Мова нанова», даступныя ў інтэрнэце, Вольга Трацяк адказвае, што яны больш прыдатныя для пазакляснага паглыбленьня ведаў.
«Нам і нашым студэнтам гэтыя курсы знаёмыя. Я вельмі цаню гэтыя курсы. Вельмі цікавы матэрыял і цікава прадстаўлены. Але мы навучаем у акадэмічным асяродку. Я магу карыстацца нейкімі прыкладамі, але для мяне гэта не апора для выкладаньня», — тлумачыць суразмоўца.
Пытаньне, у чым розьніца паміж выкладаньнем беларускай мовы як роднай і як замежнай, апошнім часам часта ўзьнікае на мовазнаўчых канфэрэнцыях, заўважыла аўтарка падручніка.
«У сёньняшняй сытуацыі цяжка казаць, што беларуская мова для беларусаў родная. Большасьць з нас выхоўвалася ў расейскамоўным асяродзьдзі. Калі прыходзіць час сьвядомасьці і вяртаньня да сваіх беларускіх каранёў, мы пачынаем вывучаць яе як замежную, карыстаемся слоўнікамі», — разважае Вольга Трацяк.
Але гэта не да канца так, працягвае яна. Культурны фактар прысутнічае нават у расейскамоўнай сфэры, а беларусы не адарваныя ад сваіх беларускіх каранёў.
«Розьніца ў тым, што ў беларусаў ёсьць беларуская мова ў школе, якая навучае іх асноўным правілам — фанэтычным, граматычным, таму яе вывучэньне не пачынаецца з нуля. Тут няма аспэкту перакладу на расейскую: хоць і можна перакладаць, але ўспрыняцьце беларускай мовы ідзе не як зусім чужой. Мы ў іх ужо шліфуем некаторыя рэчы, напрыклад, вымаўленьне. А палякам патрэбна тлумачыць усё ад нуля», — дзеліцца сваім бачаньнем выкладчыца.
Раней — з Падляшша, цяпер — зь Беларусі
Вольга Трацяк сама вучылася на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Кажа, што тады нямала ейных аднакурсьнікаў паходзілі з Падляшша. Цяпер жа адтуль прыяжджаюць адзінкі.
«Абедзьве школы з дадатковым навучаньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падляскім (гарады на Падляшшы. — РС) маюць вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў. Ліцэісты, вядома, вывучаюць беларускую мову і літаратуру, але ідуць на політэхнічныя, мэдычныя, юрыдычныя кірункі, а да нас вельмі рэдка трапляюць», — кажа суразмоўца.
Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы, на мяжы з Рэспублікай Беларусьсю. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад БССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі.
Цяпер большасьць студэнтаў на катэдры складаюць беларусы і палякі, прыходзяць таксама расейцы, якія шукаюць сваіх каранёў, да 2022 году прыходзілі ўкраінцы, расказвае выкладчыца.
Пасьля 2021 году вялікая хваля эміграцыі беларусаў у Польшчу прывяла да таго, што на катэдры беларусістыкі сабралася група выключна беларусаў зь Беларусі. Пад іхны высокі ўзровень валоданьня беларускай мовай трэба было перарабляць праграму.
Штогод на першы курс бакаляўрэату прыходзяць больш за 30 чалавек, расказвае выкладчыца Варшаўскага ўнівэрсытэту. Аднак летась упершыню ня здолелі набраць групу на магістарскую ступень. Мінімальны набор на яе складаў пяць чалавек. Столькі ж было і ахвочых, але адзін з абітурыентаў ня здолеў сабраць усіх дакумэнтаў, таму паток не дазволілі адкрыць.
«Палітыка, якая цяпер існуе ў Польшчы, нэгатыўны погляд на Беларусь увогуле, тое, што Беларусь вядзе такую, а ня іншую палітыку, таксама не спрыяе папулярызацыі (беларускай мовы. — РС)», — разважае суразмоўца.
Разам з тым, дадае выкладчыца беларускай мовы, ва ўнівэрсытэце яна ніколі не сутыкалася з дыскрымінацыяй ані з прычыны мовы, ані з прычыны паходжаньня.
Дзеля дзяўчат і каб вылучыцца
Вольга Трацяк выкладае таксама ў Школе ўсходніх моваў пры Варшаўскім унівэрсытэце. Гэтая школа прапануе студэнтам дадатковыя заняткі замежнымі мовамі. Усяго 42 мовы, сярод іх і беларуская. Выкладчыца зьвяртае ўвагу, што летась да яе прыйшлі дзесяць чалавек з розных факультэтаў, усе вельмі зацікаўленыя беларускай мовай. Адна з прычынаў — магчымасьць вылучыцца з масы студэнтаў.
«Вядома, гэта не такое зацікаўленьне, як кітайскай або скандынаўскімі мовамі ў Польшчы, але цікавасьць ёсьць. Беларуская мова лічыцца экзатычнай. Кожны можа ведаць ангельскую, расейскую ці францускую, а беларуская мова заўсёды выклікае зацікаўленьне. Чаму беларуская? А ці ёсьць такая беларуская мова? А якая розьніца з расейскай і ўкраінскай?» — тлумачыць суразмоўца адну з прычын прывабнасьці беларускай мовы.
Студэнты беларусістыкі, зьвяртае ўвагу выкладчыца, адрозьніваюць беларускую, расейскую і ўкраінскую мовы (большасьць палякаў гэтыя тры мовы ўспрымаюць як «język ruski»). Да іх звычайна прыходзяць мультылінгвы, якія ўжо ведаюць па дзьве-тры замежныя мовы або нават па пяць-сем.
«Гэтыя людзі вельмі часта ўсьведамляюць, што ёсьць расейская і ўкраінская, шмат зь іх валодаюць гэтымі мовамі і сьвядома прыходзяць да беларускай — ведаючы сытуацыю беларускай мовы ў Беларусі і адчуваючы місію выратаваньня гэтай мовы, каб яна не загінула», — расказвае Вольга Трацяк.
Сярод прычынаў, якія прыводзяць палякаў да вывучэньня беларускай мовы, — адкрыцьцё сваіх беларускіх каранёў і ў выніку пошук свайго месца ў гэтым сьвеце. Ёсьць хлопцы, якія сустракаюцца зь беларускамі і вучаць беларускую мову дзеля сваіх дзяўчат. Частка прыходзіць зь цікавасьці да моваў агулам, з навуковым падыходам. На магістарскую ступень прыходзяць людзі, зацікаўленыя ў працягу навуковай працы.
Выпускнікі катэдры беларусістыкі маюць дайсьці да ўзроўню валоданьня мовай B2 — C1. Аднак, заўважае суразмоўца, рэальныя вынікі залежаць ад канкрэтнага студэнта. У праграму сэмэстру ўваходзіць 120 гадзін беларускай мовы, па чатыры дні на тыдзень. Студэнты працуюць з рознымі выкладчыкамі. Ёсьць прыклады, калі студэнты з нуля даходзілі да ўзроўню C1, але ня ўсе.
Вольга Трацяк нядаўна на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках рэкамэндавала рэпэтытарскія паслугі ў беларускай мове выпускніка катэдры беларусістыкі паляка Альбэрта Вежбіцкага.
«Альбэрт вывучаў беларускую мову з нуля. Ён настолькі працавіты чалавек, настолькі апантаны замежнымі мовамі — шмат гадоў дасканаліў, шліфаваў сваю беларускую мову. Ён атрымаў дыплём выкладчыка польскай як замежнай. Думаю, тыя ж мэтады можна стасаваць і да выкладаньня беларускай мовы. Я ведаю, як ён піша па-беларуску, як ён размаўляе, узровень у яго вельмі высокі. Вядома, ён ня native speaker, і ў яго могуць здарацца дробныя памылкі, але думаю, ён можа прапанаваць свае паслугі», — мяркуе Вольга.
Дапаможнік «Беларуская мова: практыкаваньні і тэксты для чытаньня» выдалі ў канцы мінулага году ў Польшчы за сродкі Фонду дыдактычнай дасканаласьці факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Ён дапамагае вывучаць беларускую мову як замежную на ўзроўнях А1 — В1. У ім 330 старонак, 150 практыкаваньняў у граматыцы, лексыцы і фразэалёгіі, 50 тэкстаў для чытаньня. Да ўсіх заданьняў ёсьць ключ з адказамі, таму падручнік можна выкарыстоўваць і для самастойнага навучаньня, паведамляла раней аўтарка падручніка.
Увесь наклад падручніка раскупілі за некалькі тыдняў. Усяго выдалі сто асобнікаў, дзесяць адразу перадалі ў бібліятэкі. Падручнік каштаваў 39 злотых (каля 10 эўра). Ці будуць яго дадрукоўваць, пакуль невядома.
Форум