Былы вязень калёніі № 15 у Магілёве пацьвердзіў зьвесткі пра зьнішчэньне кніг і падручнікаў замежных моваў у беларускіх калёніях.
Ігар (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі)— былы палітвязень папраўчай калёніі № 15 (ПК-15), якая знаходзіцца ў Магілёве. Ён цалкам адбыў свой тэрмін і зьехаў з краіны, баючыся новых рэпрэсіяў.
Былы палітвязень падзяліўся зь «Вясной» інфармацыяй пра ціск у калёніі і тое, як там арганізаваны працоўны і вольны час. Асабліва ўразіў праваабаронцаў аповед былога палітвязьня пра барацьбу адміністрацыі калёніі з кнігамі непажаданых аўтараў і падручнікамі замежных моваў. Гэтыя зьвесткі пацьвердзілі ранейшую інфармацыю пра тое, што ў калёніях сыстэматычна зьнішчаюць літаратуру, раней прызнаную «экстрэмісцкаю».
Паводле былога палітвязьня ПК-15, абмежаваньні на кнігі ды навучаньне сталі асабліва жорсткімі з 2023 году. Пад забарону трапіла ня толькі літаратура, прызнаная «экстрэмісцкаю», але і кнігі адукацыйнага профілю агулам.
«Апошнія год-паўтара гэта быў наагул цырк. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў нас пачалі спальваць літаратуру расейскіх „замежных агентаў“», — згадаў Ігар.
Раней, паводле Ігара, кантралёры заплюшчвалі вочы на тое, што ў зьняволеных ёсьць асабістыя бібліятэкі. Але ў 2024 годзе ў зьняволеных адабралі ўсе асабістыя кнігі, зьвезьлі іх у бібліятэку, адсартавалі і адсоткаў 70 зьнішчылі.
«Кнігі ў мяхах ад бульбы вазілі ў кацельню — і спальвалі. Сабралі тры мяхі — ды спалілі», — расказаў былы палітвязень.
Ігар паведаміў, што з асаблівай увагай кантралёры ставіліся да навучальнай літаратуры, у тым ліку падручнікаў замежных моваў.
«Польская мова лічылася варожай — за падручнік цябе чакала цікавая „гутарка“, маглі даць дзесяць сутак ШЫЗА. Ангельская яшчэ неяк праходзіла, а польская — не».
Затое засталіся лекцыі і абавязковы прагляд на БТ навін ды прапагандысцкіх фільмаў, расказаў былы палітвязень. Паводле Ігара, за гэтым адміністрацыя цяпер звышпільна сочыць празь відэакамэры.
«Раней відэакамэраў было менш, і палова вязьняў лекцыі маглі прапусьціць. Але паставілі шмат камэраў — і цяпер начальнік можа ў кожны момант праверыць», — сказаў Ігар.
Як зьнішчылі збор твораў Гарэцкага
Гэта ня першае сьведчаньне таго, што ў калёніі № 15 пад Магілёвам і ня толькі ў гэтай вязьніцы зьнішчаюць кнігі непажаданых аўтараў.
У верасьні 2024 году былы вязень калёніі Аляксей Кірэеў распавёў пра зьнішчэньне ў ПК-15 кніг шэрагу беларускіх аўтараў, у прыватнасьці Максіма Гарэцкага, а таксама папулярных кніг антытаталітарнай накіраванасьці замежных літаратараў.
«Усе ведалі, дзе стаяць беларускія кнігі — на палічках проста каля бібліятэкара. Памятаю, там быў збор твораў Максіма Гарэцкага, яшчэ было шмат кніг маладых беларускіх аўтараў. Ужо нічога няма. І кніг у гісторыі, асабліва выдадзеных у пачатку 90-х гадоў, — нічога няма. Гэта здарылася недзе ў сакавіку. Потым хлопцы з качагаркі расказалі, што да іх прывезьлі дзьве тачкі кніг і ўсё загадалі спаліць. Там былі і кнігі Оруэла — „Фэрма“, „1984“. Прычым не па адным экзэмпляры, а па некалькі. Усё пайшло ў печ. Пры мне беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая», — расказаў Аляксей Кірэеў.
Форум