Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ зацьвердзіў 20-ы пакет антырасейскіх санкцый, які пашырае абмежаваньні і для Беларусі

Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ты пакет санкцыяў супраць Расеі, якія плянавалася ў лютым ўвесьці да чацьвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Крамля ва Ўкраіну.

Санкцыі былі заблякаваныя ў лютым Вугоршчынай і Славаччынай. Вугорскае і славацкае вета не зьвязаныя з самімі абмежавальнымі мерамі, а тычыліся спыненьня паставак расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба», які ідзе ў дзьве цэнтральнаэўрапейскія краіны праз тэрыторыю Ўкраіны. Цяпер гэты транзыт аднаўляецца.

Санкцыі прадугледжваюць забарону на марскія паслугі, зьвязаныя з расейскімі нафтапрадуктамі, што не дазволіла б кампаніям з ЭЗ абслугоўваць судны, якія перавозяць такую прадукцыю з расейскіх партоў.

Таксама уводзяцца захады супраць так званага «ценявога флёту» Масквы, які выкарыстоўваецца для абыходу санкцыяў, і супраць трэціх краін, што дапамагаюць Расеі.

Акрамя таго, удалося пераадолець яшчэ адно вета Будапэшта — адносна выдзяленьня Ўкраіне крэдыту ЭЗ на 90 мільярдаў эўра на 2026–2027 гады, папярэдне ўзгодненага лідэрамі блёку ў сьнежні.

Што ў пакеце пра санкцыі супраць Беларусі

Адносна Беларусі ў новым пакеце санкцый прапануецца распаўсюдзіць на яе існуючыя супраць Расеі абмежавальныя захады. У тым ліку забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі, прамысловых трактароў з магутнасьцю рухавіка больш за 130 кВт, мэталаапрацоўчых станкоў, шкляных вырабаў для лябараторый, гумы, змазачных матэрыялаў, якія функцыянуюць пры розных тэмпэратурах, і шэрагу іншых матэрыялаў, рэчываў і прыстасаваньняў.

  • ЭЗ прапануе забараніць аказаньне Беларусі паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі. Забарона будзе дзейнічаць у дачыненьні да дзяржаўных органаў і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя.
  • Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапляе турызм. ЭЗ хоча забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.
  • Каб паменшыць абыход санкцый, ЭЗ плянуе пашырыць спіс тавараў і тэхналёгій, забароненых для транзыту праз тэрыторыю Беларусі.
  • ЭЗ таксама прапануе дадатковыя забароны на імпарт тавараў зь Беларусі, у тым ліку дадатковых відаў сыравіны, карысных выкапняў, мэталаў, хімічных рэчываў, гумавых вырабаў, дублёных шкураў.
  • Таксама ўзмацняецца юрыдычная абарона для кампаній з Эўразьвязу ад пазоваў ня толькі зь беларускага боку, але і ад суб'ектаў з трэціх краін, якія могуць пацярпець праз санкцыі ЭЗ адносна Беларусі.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG