Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махоўскі: Узмацняць санкцыі адносна Беларусі ўжо амаль няма куды

Каляж
Каляж

Сьцісла

  • У 20-м пакеце санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі няма інавацыйных падыходаў, гэта ўдакладненьне ранейшых санкцыяў і далейшая іх сынхранізацыя з санкцыямі адносна РФ.
  • Самы істотны эфэкт мелі першыя крокі па сынхранізацыі санкцыяў.
  • Цяпер Расея выкарыстоўвае для абыходу санкцыяў пераважна не Беларусь, а іншыя краіны.
  • У цяперашнія абмежаваньні на экспарт зь Беларусі ў ЭЗ трапілі тавары, да якіх раней проста не даходзілі рукі.

Новыя санкцыі ЭЗ могуць істотна паўплываць на імпарт у Беларусь тавараў з Эўразьвязу, але наўрад ці гэта істотна паўплывае на макраэканамічныя паказьнікі, бо амаль усё, што можна, было абмежавана раней — мяркуе эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Якія інавацыйныя падыходы ёсьць у 20-м пакеце санкцыяў ЭЗ?

— Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, які плянавалася ўвесьці ў лютым, да чацьвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Крамля ва Ўкраіну. Андрэй, ці ўтрымлівае 20-ы пакет санкцыяў адносіна Беларусі і Расеі нейкія інавацыйныя падыходы, нейкія захады, якія не прымаліся раней, у папярэдніх 19 пакетах?

Андрэй Махоўскі
Андрэй Махоўскі

— З тых дакумэнтаў, якія я бачыў, нельга сказаць, што ў 20-м пакеце ёсьць нейкія інавацыйныя, прарыўныя падыходы. Гэта хутчэй удакладненьне тых санкцыяў, якія ўжо былі ўведзеныя раней, у прыватнасьці, пашыраны пералік гэтых тавараў, якія нельга экспартаваць з ЭЗ у Беларусь і імпартаваць у ЭЗ зь Беларусі.

Таксама ўводзіцца адмысловы пункт аб юрыдычнай абароне ад беларускіх пазоваў у адказ на санкцыі.

Я нечага кардынальна новага ў гэтым пакеце ня ўбачыў, ня ўбачыў кардынальнага ўзмацненьня санкцыйнага ціску. Шчыра кажучы, проста таму, што асабліва ўжо няма куды ўзмацняць, няшмат санкцыяў, якія ЭЗ мог бы дадаткова ўвесьці супраць Беларусі, бо ўсе прынцыповыя санкцыі ўжо былі ўведзеныя раней.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Новы пакет санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі распаўсюджвае на яе існуючыя супраць Расеі абмежавальныя захады. На Беларусь распаўсюджваюцца ўсе абмежавальныя захады, якія ўжываюцца адносна Расеі?

— Значная частка гэтых захадаў, якія ўжываліся адносна Расеі, цяпер ужываюцца і адносна Беларусі. У свой час была заўважная розьніца паміж гэтымі санкцыямі. Санкцыі адносна Беларусі абмяжоўвалі найперш беларускі экспарт у ЭЗ, і яны ў меншай ступені тычыліся імпарту ў Беларусь з Эўропы. І гэта дазваляла Беларусі зарабляць на гэтым, везьці з ЭЗ у Беларусь тавары, імпарт якіх быў забаронены ў РФ, а потым везьці іх у Расею. Гэтым тлумачыўся гіганцкі імпарт у Беларусь з Эўропы, яго памеры ўзьляцелі ў разы.

Потым санкцыі сынхранізавалі, санкцыі на імпарт у Беларусь наблізілі да санкцыяў адносна Беларусі. У 2025 годзе ў параўнаньні з 2024 годам імпарт тавараў з ЭЗ у Беларусь зьменшыўся на 40%. 20-ы пакет — гэта працяг гэтай сынхранізацыі.

Чаму пад санкцыі трапіў турызм?

— Хіба ўпершыню ў санкцыйны пакет трапіў турызм. А чаму турызм, і як ён спрыяе расейскай агрэсіі?

— Мы яшчэ ў 2014 годзе бачылі ў Крыме, як расейскі турызм спрыяе расейскай агрэсіі. Напярэдадні анэксіі Крыму «турысты», спартовага выгляду хлопцы, аднолькава апранутыя, у вялікай колькасьці ехалі ў Крым. А потым — у Данецк і Луганск. Так што, як расейскі турызм можа дапамагчы агрэсіі, можна сабе ўявіць. Але, напэўна, у дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра такі «турызм».

— Я так разумею, што размова ідзе больш пра эўрапейскі турызм у Беларусі, абмежаваньне яго. У прэамбуле да 20-га пакету санкцыяў гаворыцца пра «дадатковыя забароны на імпарт тавараў зь Беларусі, якія дазваляюць Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы даходаў, тым самым спрыяючы яе ўдзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны». Дык дывэрсыфікуе крыніцы даходаў любы імпарт зь Беларусі, турыстычных паслугаў у тым ліку.

— Так, і Эўразьвяз паступова яго ўвесь і забараняе. Зараз там яго засталося ня вельмі шмат. Калі казаць пра тавары, дык гэта ў 2025 годзе было каля 400 мільёнаў эўра, недзе 460 мільёнаў даляраў.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Акрамя турыстычных паслугаў Эўразьвяз уводзіць дадатковыя абмежаваньні на імпарт зь Беларусі карысных выкапняў, мэталаў, хімічных рэчываў, гумовых вырабаў, нават дублёных шкураў. Чаму імпарт у ЭЗ тавараў зь Беларусі, які зараз вырашана абмежаваць, ня быў абмежаваны раней?

—Я думаю, што просты адказ — рукі не даходзілі раней. Гэтыя тавары складаюць невялічкую долю імпарту ў ЭЗ (беларускага экспарту туды). У першыя гады вайны абмяжоўвалі імпарт зь Беларусі таго, што будзе максымальна балюча для беларускай эканомікі — калійных угнаеньняў і паліва. А цяпер дайшлі рукі і да іншага.

Як Эўразьвяз прадухіляе абыход санкцыяў?

— Ці прадугледжаныя ў 20-м пакеце меры па прадухіленьні абыходу санкцыяў, у прыватнасьці, так званыя другасныя санкцыі — санкцыі супраць тых, хто дапамагае абыходзіць санкцыі? Там ёсьць адмысловы разьдзел, які тычыцца Кіргізстану. Кіргізстан — не суагрэсар. Але, відаць, адзін з пунктаў абыходу санкцыяў. Наколькі маштабныя другасныя санкцыі прадугледжаныя?

— Другасныя санкцыі былі і ў ранейшых пакетах. Але другасныя санкцыі Эўразьвязу ня вельмі добра працуюць, іх ня вельмі баяцца. Ня так, як амэрыканскіх другасных санкцыяў. Бо калі кампаніі забараняюць працаваць з далярамі, кампаніі як міжнароднай інстытуцыі проста няма. А з Эўразьвязам, з эўра крыху ня так. Ну, і Эўразьвяз менш схільны да жорсткіх другасных санкцыяў, чым ЗША.

— Нядаўна BelPol апублікаваў даклад аб шчыльнай супрацы беларускіх прадпрыемстваў з расейскім ВПК. У якой ступені санкцыі 20-га пакету прадухіляць ці ўскладняць гэтую супрацу?

— Яны крышачку ўскладняюць, як і кожны пакет да гэтага. Самы моцны ўдар па гэтай супрацы быў тады, калі была першая сынхранізацыя санкцыяў адносна Беларусі і Расеі. Бо раней Беларусь закупляла тое, што патрэбна Расеі, і потым пастаўляла гэта ў РФ. Але цяпер ужо асабліва няма чаго абмяжоўваць. І цяпер Расея абыходзіць санкцыі ўжо не празь Беларусь, ужо ёсьць іншыя маршруты абыходу санкцыяў. Прынамсі, праз той жа Кіргізстан.

— Ці можна ацаніць, якім будзе эфэкт гэтага пакету для эканомікі Беларусі? Ці можна ацаніць гэты эфэкт на макраўзроўні? Вы прыгадалі, што з 2024 году па 2025 год імпарт тавараў з ЭЗ у Беларусь зьменшыўся на 40%. У выніку 20-га пакету наколькі зьменшыцца?

— Наколькі зьменшыцца імпарт з ЭЗ у Беларусі ці экспарт Беларусі ў Эўразьвяз — гэта адно пытаньне, а наколькі вялікі будзе макраэканамічны эфэкт — гэта крышачку іншае пытаньне.

Паўтаруся: экспарт у ЭЗ летась склаў прыкладна 400 мільёнаў эўра. Гэта вельмі няшмат. Калі, напрыклад, ён нават увесь зьнікне, гэты беларускі экспарт у ЭЗ — гэта крыху паўплывае на макраэканамічныя паказчыкі, але нязначна. Зь імпартам з ЭЗ у Беларусь крыху складаней, але насамрэч і імпарт з Эўропы цяпер ужо ня той, што быў.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG