Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская — спэцпрадстаўніцы ЭЗ: Беларускі рэжым ведае ўмовы зьняцьця санкцый

Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Ціханоўскі падчас сустрэчы з спэцыяльнай прадстаўніцай Эўрапейскага Зьвязу па правах чалавека Кайсай Олянгрэн (у цэнтры)
Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Ціханоўскі падчас сустрэчы з спэцыяльнай прадстаўніцай Эўрапейскага Зьвязу па правах чалавека Кайсай Олянгрэн (у цэнтры)

Беларускі рэжым ведае, што павінен зрабіць для зьняцьця эўрапейскіх санкцый — пра гэта заявіла Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы са спэцыяльнай прадстаўніцай Эўразьвязу ў правах чалавека Кайсай Олянгрэн.

Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на галоўнага дарадцу Ціханоўскай Франка Вячорку.

Перамовы прайшлі ў кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы з удзелам былога палітвязьня, мужа Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага.

Па словах Вячоркі, Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія праінфармавалі Олянгрэн аб працэсе вызваленьня беларускіх палітвязьняў, адзначыўшы значную ролю ЗША ў гэтым пытаньні, і падкрэсьлілі неабходнасьць падтрымкі гуманітарнага трэку.

Яны абмеркавалі формулу, у адпаведнасьці зь якой санкцыі ЗША могуць зьмягчацца пры ўмове вызваленьня людзей і спыненьня рэпрэсіяў, але цяпер ня можа быць гаворкі пра зьмякчэньне санкцыяў ЭЗ, уведзеных, у прыватнасьці, за спрыяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і гібрыдныя атакі супраць краінаў-суседзяў Беларусі.

Дэмакратычная лідэрка адзначыла, што, на жаль, месца вызваленых палітвязьняў займаюць новыя. Пры гэтым рэпрэсіі — гэта «ня толькі пра людзей у турмах, але і пра забарону неляяльных рэжыму СМІ і партый, перасьлед прафсаюзаў, немагчымасьць вяртаньня людзей у Беларусь, абмежаваньне іх мабільнасьці».

Паводле Вячоркі, Ціханоўскія і Олянгрэн абмеркавалі таксама супрацоўніцтва зь вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.

Яны абмяняліся думкамі аб тым, які менавіта ціск трэба аказаць на рэжым, каб ён пайшоў на саступкі ў галіне правоў чалавека.

Ціханоўская праінфармавала аб справаздачы Міжнароднай плятформы ў прыцягненьні да адказнасьці для Беларусі (IAPB) у дачыненьні да мэханізмаў, якія могуць быць задзейнічаныя за рэпрэсіі супраць беларусаў.

Ціханоўская адзначыла, што вызваленьне людзей і спыненьне рэпрэсій — галоўны прыярытэт, але сытуацыя з правамі чалавека ніякім чынам не паляпшаецца і мяч знаходзіцца на баку рэжыму.

«Праблема не ў адсутнасьці дыялёгу, а ў адсутнасьці жаданьня беларускага рэжыму паляпшаць і мяняць сытуацыю», — заявіла Ціханоўская, заклікаўшы ЭЗ працягваць ціск на рэжым, пакуль сытуацыя рэальна не палепшыцца.

Мюнхэнская канфэрэнцыя ў бясьпецы — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца з 1963 году.

Ціханоўская ўдзельнічае ў яе мерапрыемствах з 2022 году. Сёлета яна ўжо выступіла перад удзельнікамі сустрэчы маладых лідэраў і на міжнароднай сустрэчы жанчын-лідэраў Women Political Leaders, сустрэлася з генэральнай сакратаркай Парлямэнцкай асамблеі NATO Бэнэдэтай Бэрці і памочнікам генэральнага сакратара NATO Борысам Руге.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG