Ціханоўская выступае ў асноўнай праграме канфэрэнцыі, у палітычнай частцы форуму. У яе будзе дыскусія сумесна зь міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам і амэрыканскім сэнатарам Пітэрам Уэлшам. Калесьнікава выступае на культурніцкай панэлі. Гэта так званы сайд-івэнт у рамках канфэрэнцыі.
Свабода запыталася ў дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, ці будуць пасланьні прадстаўніц беларускай апазыцыі адрозьнівацца і як гэта ўспрыме замежная аўдыторыя.
«У Марыі Калесьнікавай погляды не разыходзяцца так дыямэтральна. Яна проста сканцэнтраваная на вызваленьні палітвязьняў. Яна кажа, што трэба вызваляць людзей любой цаной. А Ціханоўская кажа, што першы крок – вызваляць людзей, але думаць пра тое, што будзем другім, трэцім, чацьвёртым крокам, як вызваліць краіну. І гэта ўсё разыходжаньне. Але вырашэньне гуманітарных пытаньняў, спыненьне тэрору, гучыць аднолькава».
Раней на сустрэчы з прэм’еркай Літвы Марыя Калесьнікава заклікала Вільню аднавіць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў і запусьціць электрычку ў Менск. Вячорка падкрэсьліў, што Сьвятлана Ціханоўская таксама заклікае павялічыць выдачу віз беларусам, каб яны мелі больш сувязяў з Эўропай.
«Але ніхто ў Эўропе ня будзе здымаць санкцый з Лукашэнкі, пакуль ідзе вайна. І пакуль лукашэнкаўская эканоміка працуе на расейскую вайну. Гэта ня зьменіцца, колькі б гэтыя заклікі ня гучалі ад Марыі Калесьнікавай ці кагосьці яшчэ. Таму я думаю, што гэта штучнае супрацьпастаўленьне».
Удзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі пацьвердзілі амаль 50 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. На форуме абмяркуюць эўрапейскую бясьпеку і ролю Амэрыкі, а таксама вайну Расеі супраць Украіны. Чакаецца ўдзел прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага і дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё.
Форум