Ён папярэдзіў аб пагрозах, якія зыходзяць ад Расеі і Кітая, і выказаў меркаваньне, што для вырашэньня гэтых праблем неабходна наладзіць сувязі паміж ЗША і Эўропай.
Зьвярнуўшы ўвагу на вайну Расеі супраць Украіны як на найбольш яскравы прыклад новай рэальнасьці, ён таксама заявіў, што Кітай «сыстэматычна эксплюатуе залежнасьць іншых ад яго».
Мэрц заклікаў да «новага трансатлянтычнага партнэрства», перайшоўшы на ангельскую мову і папярэдзіўшы, што ў «эпоху суперніцтва вялікіх дзяржаваў нават Злучаныя Штаты ня будуць дастаткова магутнымі, каб дзейнічаць у адзіночку».
«Нам трэба ўсьвядоміць па абодва бакі Атлянтыкі, што разам мы мацнейшыя. Таму давайце разам адновім і адродзім трансатлянтычны давер», — сказаў ён, дадаўшы, што Эўропа зробіць свой унёсак.
Мэрц таксама заявіў, што пачаў перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам наконт эўрапейскага ядзернага стрымліваньня.
Канцлер Нямеччыны лічыць, што вайна ва Ўкраіне завершыцца толькі тады, калі Расея будзе як мінімум эканамічна, а магчыма і ваенна, зьнясіленая: «Мы набліжаемся да гэтага моманту, але мы яшчэ ня там».
Паводле яго, пакуль Расея не гатовая да перамоваў пра заканчэньне вайны.
«Калі ёсьць сэнс гаварыць, мы гатовыя гаварыць. Але, як вы можаце бачыць з амэрыканскага боку, Расея пакуль не гатовая да сурʼёзных перамоў», — заявіў ён.
Трохдзённая канфэрэнцыя, у якой удзельнічаюць сотні вядомых палітыкаў, вайскоўцаў і навукоўцаў, праходзіць праз год пасьля таго, як віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Д. Вэнс уразіў прысутных на леташняй канфэрэнцыі сваёй рэзкай заявай, абвінаваціўшы Эўропу ў небясьпечнай палітыцы ў дачыненьні да іміграцыі і ўльтраправых палітычных партый.
«Паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі ўзьнік разлад», — сказаў Мэрц у сваёй сёньняшняй прамове. «Віцэ-прэзыдэнт ЗША Вэнс вельмі адкрыта сказаў пра гэта тут, у Мюнхэне, год таму», — сказаў нямецкі канцлер.
Дэлегацыю ЗША на канфэрэнцыі сёлета ўзначальвае дзяржаўны сакратар Марка Рубіё.
«Стары сьвет сышоў — шчыра кажучы, сьвет, у якім я вырас, — і мы жывем у новую эру геапалітыкі, і гэта запатрабуе ад усіх нас пераасэнсаваньня таго, як ён выглядае і якой будзе нашая роля», — сказаў Рубіё перад тым, як адправіцца з ЗША ў Мюнхэн, дзе ён выступіць заўтра.
Празь некалькі гадзінаў пасьля прыбыцьця ў Мюнхэн Рубіё сустрэўся зь міністрам замежных спраў Кітая Ван І.
Адказваючы на пытаньне пра працяглыя расейскія напады на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру, з-за якіх сотні тысяч людзей зімой апынуліся ў холадзе і цемры, Рубіё адзначыў, што менавіта таму Вашынгтон працягвае міратворчыя намаганьні.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што чакае размовы з Рубіё. «Толькі Трамп можа спыніць вайну, толькі амэрыканскі бок», — сказаў кіраўнік украінскага МЗС у інтэрвію Радыё Свабода.
«Самае значнае, чаго мы можам дасягнуць разам, — гэта скончыць вайну годным мірам і стварыць надзейныя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны і для ўсёй Эўропы, каб ніхто ў Эўропе не баяўся застацца без абароны», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сацсетцы X пасьля прыезду ў Мюнхэн.
Арганізатары Мюнхэнскай канфэрэнцыі паведамілі, што сёлетняе мерапрыемства зьяўляецца найбуйнейшым за ўсю гісторыю, у ім бяруць удзел больш за 1000 чалавек, у тым ліку каля 50 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў і вядучых дыпляматаў.
Форум