Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што скажа Рубіё на Мюнхэнскай канфэрэнцыі праз год пасьля «правакацыйнай» прамовы Вэнса

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё пасьля сустрэчы зь міністрамі замежных справаў Даніі і Грэнляндыі ў Вашынгтоне, 14 студзеня 2026 году
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё пасьля сустрэчы зь міністрамі замежных справаў Даніі і Грэнляндыі ў Вашынгтоне, 14 студзеня 2026 году

Рэкордная колькасьць дэлегатаў прыбудзе на Мюнхэнскую канфэрэнцыю аб бясьпецы, дзе летась віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс шакаваў гаспадароў прамовай, у якой рэзка крытыкаваў хаўрусьнікаў Вашынгтону ў NATO. Год таму на канфэрэнцыі праявіўся разлад між ЗША і Эўропай, і Масква чакае яго паглыбленьня.

Сёлетні форум 13–15 лютага адбываецца падчас інтэнсіўнай глябальнай напружанасьці, Расея і Кітай будуць уважліва сачыць за новымі прыкметамі расколу ў заходнім альянсе, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.

Калі віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс прыехаў на леташнюю Мюнхэнскую канфэрэнцыю аб бясьпецы, ён агаломшыў гаспадароў, заявіўшы ім, што ўціск свабоды слова, які чыняць эўрапейскія хаўрусьнікі Вашынгтону, нясе большую пагрозу для бясьпекі, чым расейская ваенная агрэсія.

Сёлета, калі дэлегацыю ЗША ўзначальвае дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, эўрапейцы могуць спадзявацца на лягчэйшую размову, тады як Расея і Кітай пільна сочаць за новымі прыкметамі расколу ў заходнім альянсе.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс выступае з прамовай на 61-й Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы (MSC), 14 лютага 2025 году
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс выступае з прамовай на 61-й Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы (MSC), 14 лютага 2025 году

«Сакратар Рубіё і віцэ-прэзыдэнт па-рознаму даносяць пасланьні, і ў іх розныя асабістыя стылі. Але я думаю, што наконт палітыкі тут ёсьць 100-працэнтнае супадзеньне», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Аляксандар Грэй, які ўваходзіў у Раду нацыянальнай бясьпекі ў першы тэрмін Дональда Трампа ў Белым доме.

«Я думаю, што пасланьне будзе выглядаць як Стратэгія нацыянальнай бясьпекі ЗША (NSS): выразна гаварыць пра нашы інтарэсы і пра тое, дзе яны перасякаюцца з эўрапейскімі, але не саромецца называць сфэры, дзе ёсьць трывожныя разыходжаньні», — дадаў ён.

Стратэгія нацыянальнай бясьпекі ЗША, апублікаваная ў сьнежні 2025 году, цалкам адпавядала духу прамовы Вэнса. У ёй была крытыка таго, што дакумэнт называе «цывілізацыйным сьціраньнем», — маючы на ўвазе эўрапейскую палітыку рэгуляваньня мовы варожасьці ў інтэрнэце і іміграцыі. У Маскве стратэгію пахвалілі за тое, што ў ёй гаворыцца пра аднаўленьне «стратэгічнай стабільнасьці» з Расеяй.

Гэта быў адзін з чарады момантаў, якія пазначылі няпросты для трансатлянтычных адносінаў год — ад гарачай спрэчкі ў Авальным кабінэце паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім да эўрапейскага супраціву ціску ЗША на Данію з мэтай забраць Грэнляндыю.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Авальным кабінэце Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША, 28 лютага 2025 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Авальным кабінэце Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША, 28 лютага 2025 году

Тым часам заявы Трампа аб тым, што Эўропе трэба менш спадзявацца на Вашынгтон як у сваёй уласнай абароне, так і ў абароне Ўкраіны, выклікалі занепакоенасьць магчымым сыходам ЗША з Старога кантынэнту.

«Злучаныя Штаты больш не разглядаюць Эўропу як наш галоўны тэатар геапалітычных абавязаньняў. І гэта адбываецца з простай прычыны. Расея — гэта дзяржава, якая занепадае, канчаткова занепадае. Яна не найбольшая пагроза для Злучаных Штатаў», — сказаў Грэй.

Напярэдадні канфэрэнцыі падобную пазыцыю выклаў пасол ЗША ў NATO Мэт’ю Ўітакер. Злучаныя Штаты і Эўропа супрацоўнічаюць ў пытаньнях абароны, але разыходзяцца ў каштоўнасьцях. Выступаючы ў Бэрліне 9 лютага, Уітакер заявіў, што Вэнс выступіў з «правакацыйнай прамовай», якая выклікала «законную крытыку» ў такіх пытаньнях, як энэргетычная палітыка, іміграцыя і свабода слова.

«Але ў той жа час гэта не азначае, што мы разыходзімся, — дадаў ён. — Многія з нашых хаўрусьнікаў могуць крытыкаваць Злучаныя Штаты Амэрыкі, але мы ўсё яшчэ ваш найлепшы сябар і хаўрусьнік».

Адказваючы на пытаньне пра Грэнляндыю, наконт якой Трамп спачатку заявіў, што не выключае выкарыстаньня сілы, але адступіў назад пасьля перамоваў з кіраўніком NATO Маркам Рутэ ў студзені, Уітакер сказаў, што «ўсё залежыць ад таго, ці Данія належна інвэставала ў Грэнляндыю з гледзішча бясьпекі», і папярэдзіў аб «шкодным уплыве Кітаю або Расеі».

Занепакоеныя эўрапейскія лідэры імкнуліся супакоіць Вашынгтон, абяцаючы значна павялічыць абаронныя бюджэты ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Трампа больш справядліва разьмяркоўваць цяжар выдаткаў NATO. Яны таксама шматкроць нахвальвалі лідэрства Трампа ў міжнародных справах, пры гэтым падкрэсьліваючы агульную гісторыю і каштоўнасьці. Хутчэй за ўсё, у Мюнхэне прагучыць шмат падобнага.

«Я чакаю супярэчлівага настрою», — сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Карлё Масаля з Унівэрсытэту Бундэсвэру ў Мюнхэне.

«Эўрапейцы і амэрыканцы будуць запэўніваць сябе, што яны ўсё ж яшчэ партнэры. Але за зачыненымі дзьвярыма эўрапейцы будуць змагацца за тое, як стаць больш незалежнымі ад ЗША», — дадаў ён.

Масаля, які летась апублікаваў уплывовую кнігу пад назвай «Калі Расея пераможа» пра магчымае расейскае ўварваньне ў Эстонію, якая ўваходзіць у NATO, сказаў, што ўсе трансатлянтычныя адносіны цяпер «засяроджаныя на Ўкраіне».

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ( у цэнтры)
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ( у цэнтры)

Вашынгтон рэзка скараціў падтрымку Кіева з моманту ўступленьня Трампа на пасаду ў студзені 2025 году. Але ён усё яшчэ адыгрывае ключавую ролю ў забесьпячэньні Ўзброеных сілаў Украіны выведнай інфармацыяй і дагэтуль пастаўляе Кіеву зброю, за якую плацяць эўрапейскія краіны.

«Калі гэтая адміністрацыя адмовіцца нават ад такіх рэчаў, то, вядома, карціна для ўкраінцаў будзе зусім іншай. Такім чынам, уся стратэгія Эўропы ў дачыненьнях з ЗША ў асноўным сканцэнтраваная на тым, каб утрымаць ангажаваньне ЗША ў справы Ўкраіны», — сказаў Масала.

Уладзімір Зяленскі на форуме ў Давосе, 21 студзеня 2026 году
Уладзімір Зяленскі на форуме ў Давосе, 21 студзеня 2026 году

Зяленскі прытрымліваўся падобнай стратэгіі на некалькіх сустрэчах з Трампам і іншымі службоўцамі адміністрацыі ЗША пасьля спрэчкі ў Авальным кабінэце. Але ён таксама ня раз заклікаў эўрапейцаў рабіць больш, не чакаючы Вашынгтону. На леташняй канфэрэнцыі Зленскі заклікаў стварыць эўрапейскую армію. Гэтае пасланьне ён можа паўтарыць у Мюнхэне сёлета.

Выступаючы на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе ў студзені, Зяленскі зноў згадаў гэтую ідэю, выказваючы расчараваньне тым, што ён назваў Днём байбака, калі за моцнымі словамі не наступалі рашучыя дзеяньні.

«Яшчэ год таму тут, у Давосе, я скончыў сваю прамову словамі: „Эўропа мае ведаць, як абараняць сябе“. Прайшоў год, і нічога не зьмянілася», — сказаў ён.

Гэтую думку падзяляе і Рычард Шырэф, былы намесьнік Галоўнага вайскавода NATO ў Эўропе:

«Ва Ўкраіне ня будзе трывалага спыненьня агню, пакуль Расея ня будзе пераможана ва Ўкраіне. А для гэтага Эўропа і Канада павінны распрацаваць і рэалізаваць стратэгію, каб забясьпечыць Украіне ўсю неабходную падтрымку».

Шырэф, які зараз уваходзіць у склад рады бясьпекі і абароны міжнароднага аналітычнага цэнтру GlobSec, сказаў, што ключавыя лідэры NATO не падзяляюць такога погляду.

«Я думаю, што [прэм’ер-міністар Канады Марк] Карні зразумеў гэта. Я думаю, што ўсе астатнія толькі гавораць. Яны гэтага не разумеюць. Я ня думаю, што на гэты момант ёсьць сапраўды моцны хрыбет. Удакладнім: Польшча, Літва, Эстонія, Латвія, Фінляндыя — яны гэта абсалютна разумеюць. Але баюся, што [іншыя] заходнія лідэры палітычна даволі слабыя і неадэкватныя ў гэтым пляне», — сказаў ён.

«Спробы залагодзіць Трампа, якія рабілі Рутэ, Стармэр і Макрон, прывялі да таго, што Трамп пагарджае імі», — дадаў ён.

За апошні год ва ўкраінскім пытаньні часта выяўляла рознагалосьсі паміж Вашынгтонам і яго эўрапейскімі хаўрусьнікамі ў NATO, яно будзе фігураваць у многіх дэбатах у Мюнхэне. Эўрапейскія лідэры публічна падтрымалі імкненьні Трампа пасярэднічаць ў мірных перамовах, але таксама заявілі, што ня вераць у шчырасьць жаданьня Расеі спыніць поўнамаштабнае ўварваньне, пачатае ў лютым 2022 году.

10 лютага штогадовая справаздача эстонскай выведкі стала апошнім выказваньнем гэтай асьцярогі — у ёй гаварылася, што супраца Масквы ў мірных перамовах была «хітрасьцю», накіраванай на «паглыбленьне таго, што Масква ўспрымае як наяўныя разрывы паміж ЗША і Эўропай».


У інтэрвію Макрон аднавіў спробы дамагчыся для Эўропы ролі ў перамовах аб спыненьні вайны ва Ўкраіне. Ён, сярод іншага, заявіў, што Эўропа павінна імкнуцца да ўласнага дыялёгу з Расеяй, «каб не залежаць ад трэціх бакоў у гэтай дыскусіі».

Кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас дадала:

«Усе за сталом перамоваў, у тыям ліку расейцы і амэрыканцы, павінны разумець, што ім патрэбныя эўрапейцы».

Былы дарадца Трампа Грэй, цяпер генэральны дырэктар American Global Strategies LLC, сказаў, што гэта не павінна быць вялікай праблемай.

«Я думаю, што Эўропа, безумоўна, павінна адыграць сваю ролю. Я ня ўпэўнены, ці гэтая роля абавязковая ў штодзённых размовах, але думаю, што Эўропа, відавочна, зьбіраецца адыгрываць галоўную ролю ў абмеркаваньні таго, як будзе выглядаць урэгуляваньне пытаньняў бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG