Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе разблякавалі вялікі крэдыт Украіне ды новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

Сьцягі Эўразьвязу
Сьцягі Эўразьвязу

Украіна мае атрымаць 90 мільярдаў эўра крэдыту, а супраць Расеі і Беларусі ўвядуць 20-ы пакет санкцый за вайну. Раней гэтыя крокі к рамках ЭЗ раней блякавалі Вугоршчына і Славаччына.

Такое рашэньне ўхвалілі 22 красавіка амбасадары краін Эўразьвязу. Канчатковае рашэньне мае ўхваліць Рада Эўразьвязу на саміце 23 красавіка ў Нікасіі.

Амбасадары краін-чальцоў ЭЗ ухвалілі крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра для Ўкраіны і 20-ы пакет санкцый супраць Расеі, пасьля чаго была запушчаная фармальная пісьмовая працэдура, паведаміла кіпрскае старшынства ў Радзе ЭЗ.

«Сёньня крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра для Украіны і 20-ы пакет санкцый былі ўключаны ў парадак дня амбасадараў ЭЗ і ўхвалены на ўзроўні Coreper. Цяпер яны пройдуць пісьмовую працэдуру для канчатковага зацьвярджэньня Радай», — сказала прадстаўніца Кіпра.

Чакаецца, што пісьмовая працэдура будзе завершаная заўтра днём.

Раней кіраўніца Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Кая Калас выказала чаканьне хуткага вырашэньня пытаньня аб наданьні Ўкраіне крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра, зьвярнуўшы ўвагу на «новы імпульс» у гэтым працэсе пасьля выбараў у Вугоршчыне.

У сьнежні 2025 года ЭЗ пагадзіўся выдзяліць Украіне крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра на 2026–2027 гады. Першы транш для Украіны павінен быў быць выдадзены ў пачатку красавіка. Але ў сакавіку лідэры ЭЗ канчаткова не ўхвалілі шматмільярдны крэдыт для Украіны, бо яго заблякаваў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

20-ы пакет санкцый таксама заблякавалі Вугоршчына і Славаччына, сярод іншага яны патрабавалі ад Кіева аднаўленьня працы нафтаправоду «Дружба».

Пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне лідэр партыі «Ціса» Петэр Мадзьяр даў зразумець, што здыме вета Орбана на выдзяленьне Кіеву крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра. Пры гэтым ён адзначыў, што яго краіна ня будзе несьці фінансавую адказнасьць за гэты крэдыт і выступае супраць паскоранага ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ.

21 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што Украіна правяла рамонтныя работы на нафтаправодзе «Дружба». Паводле яго слоў, нафтаправод можа аднавіць працу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG