Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ ня змог зацьвердзіць 20-ы пакет санкцый, які прадугледжвае абмежаваньні і ў дачыненьні да Беларусі

Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан выступае ў парлямэнце ў Будапэшце 23 лютага.
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан выступае ў парлямэнце ў Будапэшце 23 лютага.

Эўрапейскі Зьвяз ня змог дамовіцца пра новы пакет санкцыяў супраць Расеі, якія плянавалася ўвесьці да чацьвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Крамля ва Ўкраіну.

Міністры замежных справаў краін ЭЗ, якія сабраліся ў Брусэлі 23 лютага, ня здолелі дасягнуць пагадненьня праз супраціў з боку Вугоршчыны і Славаччыны.

«Мне вельмі шкада, што сёньня мы не дасягнулі пагадненьня, улічваючы, што заўтра — сумная гадавіна пачатку вайны. Мы павінны паслаць моцны сыгнал Украіне, што працягваем яе падтрымліваць, і адначасова ўзмацніць ціск на Расею», — заявіла кіраўніца зьнешняй палітыкі ЭЗ Кая Калас.

Яна дадала, што праца над 20-м пакетам санкцыяў ЭЗ з 2022 году будзе працягвацца.

Што было ў пакеце пра санкцыі супраць Беларусі

Адносна Беларусі ў новым пакеце санкцый прапануецца распаўсюдзіць на яе існуючыя супраць Расеі абмежавальныя захады. У тым ліку забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі, прамысловых трактароў з магутнасьцю рухавіка больш за 130 кВт, мэталаапрацоўчых станкоў, шкляных вырабаў для лябараторый, гумы, змазачных матэрыялаў, якія функцыянуюць пры розных тэмпэратурах, і шэрагу іншых матэрыялаў, рэчываў і прыстасаваньняў.

  • ЭЗ прапануе забараніць аказаньне Беларусі паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі. Забарона будзе дзейнічаць у дачыненьні да дзяржаўных органаў і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя.
  • Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапляе турызм. ЭЗ хоча забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.
  • Каб паменшыць абыход санкцый, ЭЗ плянуе пашырыць спіс тавараў і тэхналёгій, забароненых для транзыту праз тэрыторыю Беларусі.
  • ЭЗ таксама прапануе дадатковыя забароны на імпарт тавараў зь Беларусі, у тым ліку дадатковых відаў сыравіны, карысных выкапняў, мэталаў, хімічных рэчываў, гумавых вырабаў, дублёных шкураў.
  • Таксама ўзмацняецца юрыдычная абарона для кампаній з Эўразьвязу ад пазоваў ня толькі зь беларускага боку, але і ад суб'ектаў з трэціх краін, якія могуць пацярпець праз санкцыі ЭЗ адносна Беларусі.


20 лютага міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс паведаміў у інтэрвію LRT, што пакетам у ліку прадугледжана «пашырэньне некаторых мер у дачыненьні да Беларусі».

У тым жа інтэрвію Будрыс заявіў, што на тыдні 23 лютага Рады ЭЗ па агульных справах «зь верагоднасьцю 95%» прадоўжыць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі яшчэ на год і «у тым жа аб’ёме, у якім яны дзейнічаюць цяпер», нагадвае «Позірк».

Пра тое, што ЭЗ мае намер падоўжыць індывідуальныя і сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі яшчэ на адзін год, заявіў 19 лютага і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Вугорскае і славацкае вета не зьвязаныя з самімі абмежавальнымі мерамі, а тычацца спыненьня паставак расейскай нафты па савецкім нафтаправодзе «Дружба», які ідзе ў дзьве цэнтральнаэўрапейскія краіны праз тэрыторыю Ўкраіны.

Санкцыі прадугледжвалі забарону на марскія паслугі, зьвязаныя з расейскімі нафтапрадуктамі, што не дазволіла б кампаніям з ЭЗ абслугоўваць судны, якія перавозяць такую прадукцыю з расейскіх партоў.

Таксама плянаваліся меры супраць так званага «ценявога флёту» Масквы, які выкарыстоўваецца для абыходу санкцыяў, і супраць трэціх краін, што дапамагаюць Расеі.

Акрамя таго, не ўдалося пераадолець яшчэ адно вета Будапэшта — адносна выдзяленьня Ўкраіне крэдыту ЭЗ на 90 мільярдаў эўра на 2026–2027 гады, папярэдне ўзгодненага лідэрамі блёку ў сьнежні.

Паводле інфармацыі з пасяджэньня, якую атрымала RFE/RL, сярод астатніх 25 краін ЭЗ назіраецца «шырокае расчараваньне». Некаторыя міністры адкрыта паставілі пад сумнеў матывы Вугоршчыны, мяркуючы, што справа хутчэй у парлямэнцкіх выбарах у красавіку, а не ў нафце.

  • Пастаўкі нафты па «Дружбе» спыніліся 27 студзеня пасьля таго, як Кіеў паведаміў пра ўдар расейскага дрона па абсталяваньні нафтаправоду на захадзе Ўкраіны. Аднак Будапэшт і Браціслава абвінавачваюць Украіну ў нежаданьні рамантаваць пашкоджаньні.
  • Абедзьве краіны, якія ня маюць выхаду да мора, усё яшчэ залежаць ад расейскай нафты і атрымалі выключэньні з санкцый ЭЗ, што забараняюць яе імпарт.
  • Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што «няма ні тэхнічных, ні апэрацыйных перашкодаў для аднаўленьня транзыту нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну па „Дружбе“», назваўшы дзеяньні Ўкраіны «палітычнымі» і «шантажом».
  • Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца таксама прыгразіў спыніць аварыйныя пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну, калі транзыт ня будзе адноўлены 23 лютага.
  • У студзені Славаччына забясьпечыла амаль пятую частку ўкраінскага імпарту электраэнэргіі на фоне масаваных расейскіх удараў па энэргетычнай інфраструктуры.
  • У Эўракамісіі заявілі, што «Расея зьнішчыла нафтаправод „Дружба“», а Ўкраіна абавязалася яго адрамантаваць. 25 лютага павінна сабрацца група энэргетычнай каардынацыі ЭЗ, каб абмеркаваць сытуацыю.
  • Нягледзячы на тое, што Вугоршчына атрымала права не ўдзельнічаць у фінансаваньні, для выкарыстаньня агульнага бюджэту ЭЗ патрэбная аднагалосная падтрымка ўсіх дзяржаў-чальцоў.
  • Эўрапарлямэнт ужо падтрымаў выдзяленьне крэдыту, і да нядаўняга часу ў Брусэлі разьлічвалі хутка прыняць канчатковае рашэньне, каб сродкі паступілі ва Ўкраіну да магчымага бюджэтнага дэфіцыту ў красавіку.
  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG