Кацярына Глод нагадала, што ЭЗ у кастрычніку 2020 году прыняў дакумэнт аб тым, што ён ня зьменіць сваю палітыку ізаляцыі Менску, пакуль у Беларусі ня пройдуць свабодныя выбары, ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і ня будзе дыялёгу ўладаў з грамадзтвам. Паводле дасьледніцы, каб зьмяніць палітыку, трэба прыняць новы дакумэнт аб Беларусі, на які пагодзяцца ўсе 27 дзяржаваў.
Год таму Кацярына казала ў інтэрвію Радыё Свабода, што калі Аляксандар Лукашэнка вызваліць Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, то Эўропа неяк адрэагуе.
Кацярына Глод сказала, што, беручы ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі, яна чула шмат пытаньняў наконт прапановаў Марыі Калесьнікавай.
Супрацоўніца Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі прыгадвае, што ў папярэдніх хвалях нармалізацыі адносінаў паміж Брусэлем і Менскам былі геапалітычныя чыньнікі. «Пасьля 2014 году, пасьля анэксіі Крыму, Лукашэнка спужаўся, і ён вельмі адкрыта пайшоў насустрач Эўразьвязу. Сёньня ў ЭЗ ня бачаць, каб ён ішоў ім насустрач» — кажа Глод.
Анастасія Касьцьгова адзначыла, што пазыцыя кааліцыі за вызваленьне палітвязьняў у Беларусі, якую яна прадстаўляе, не выступае за абмен эўрапейскіх санкцыяў толькі на вызваленьне палітвязьняў. Яна прыгадала, што сама даволі доўга працавала ў офісе Ціханоўскай і ўдзельнічала ў фармуляваньні патрабаваньняў да Лукашэнкі.
«І тады здавалася, што гэта ўсё хутка скончыцца. Але пайшоў ужо шосты год, ды яшчэ і вайна. Сувэрэнітэт краіны апынуўся ў вельмі крохкім становішчы» — зазначыла Касьцюгова.
Былая піяршчыца Ціханоўскай кажа, што доўгія гады ніякага прагрэсу ў становішчы палітвязьняў не было. Паводле яе, ён пачаўся толькі тады, калі санкцыі сталі выкарыстоўваць, а не проста трымаць і чакаць зьмены паводзінаў Лукашэнкі.
Глод адзначае, што ў Эўразьвязе ёсьць усьведамленьне таго, што ў Беларусі нічога не зьмянілася ў лепшы бок. «Наадварот, значна пагоршылася сытуацыя. Тут і суагрэсія з Расеяй, і пераарыентацыя — і гандлёвая, і вайсковая, і гуманітарная — на Расею. Але пытаньне ў тым, а што можа Эўропа зрабіць?» — кажа паліталягіня.
Касьцюгова адрэагавала на гіпотэзу Юрыя Дракахруста, што і ў 2035 годзе ў ЭЗ будуць, як і зараз, абмяркоўваць, ці працуюць санкцыі і ізаляцыя адносна Беларусі. «Па-мойму, у Эўразьвязе лічаць, што ў 2035 годзе проста ня будзе Беларусі» — сказала экспэртка.
Паводле яе, у ЭЗ абмяркоўваюць, як і пра што будуць размаўляць з Уладзімірам Пуціным пасьля вайны, «але ніхто асабліва не абмяркоўвае, як і пра што размаўляць з Лукашэнкам, бо Беларусь ужо не вельмі ўспрымаюць як асобную краіну».
На думку Касьцюговай не выпадае разьлічваць, што Беларусь пры Лукашэнку некуды пойдзе падалей ад Расеі. Але «пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Эўропа можа крыху запаволіць нашае праглынаньне Расеяй» — лічыць прадстаўніца кааліцыі за вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.
Форум