Такую заяву зрабіў намесьнік міністра замежных спраў Расеі Міхаіл Галузін у інтэрвію расейскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, піша Позірк.
«У такім кантэксьце цэнім публічныя заявы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што „вялікая ўгода“ Менска з Вашынгтонам магчымая выключна пры ўліку нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і адсутнасьці шкоды яе супрацоўніцтву з ключавымі саюзьнікамі — Расеяй і Кітаем», — сказаў прадстаўнік МЗС РФ.
«Зрэшты, упэўненыя, — працягнуў ён, — што з улікам асаблівага характару расейска-беларускіх стасункаў любыя спробы недружалюбных дзяржаў знайсьці „зазоры“ ў нашых пазыцыях у міжнародных справах застануцца бясплоднымі».
Галузін назваў «безумоўна, добрымі навінамі» выключэньне ў лістападзе 2025 года адміністрацыяй Дональда Трампа авіякампаніі «Белавія» з «чорных сьпісаў» Міністэрства фінансаў ЗША, а таксама «ліквідацыю псэўдаправавых бар’ераў на шляху ажыцьцяўленьня палётаў у большасьць рэгіёнаў Расеі, якая зьяўляецца галоўным рынкам для дадзенага авіяперавозчыка».
Раней Лукашэнка, у адрозьненьне ад Уладзіміра Пуціна, прыняў прапанову Трампа аб уваходжаньні ў створаны ім «Савет міру», аднак адмовіўся ляцець у Вашынгтон на першы саміт арганізацыі. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант спаслалася на позьняе запрашэньне і цяжкасьці з пералётам «з улікам закрыцьця паветранай прасторы над ЭЗ». Пры гэтым як будзе дабірацца ў ЗША Рыжанкоў, яна не патлумачыла.
Форум