Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве прычыны, чаму Масква загаварыла пра «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Ужо два расейскія ведамствы дуэтам выступілі з папярэджаньнем аб спробах дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі.
  • Масква прызнае, што дэмакратычная Беларусь не захоча быць у саюзе з Расеяй.
  • Непакой у Крамлі выклікаюць новыя адносіны паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам, а таксама зьмена палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі.

Расея дасылае сыгнал пра тое, што не дапусьціць дэмакратызацыі Беларусі, будзе процідзейнічаць ёй сілай і гатовая дзеля гэтага ваяваць з Захадам.

Такая рэакцыя Масквы — вынік перамоўнага працэсу паміж Менскам і Вашынгтонам, а таксама намацваньнем саюзу Кіева зь беларускай апазыцыяй.

9 лютага Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) выступіла з заявай, у якой папярэдзіла, што Захад чарговы раз рыхтуе «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі. 12 лютага гэтую інфармацыю пацьвердзіла і разьвіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў РФ Марыя Захарава. На чарговым брыфінгу яна абрынулася на Захад, які нібыта імкнецца адарваць Беларусь ад Расеі.

Такім чынам, ужо два расейскія ведамствы (СВР і МЗС) дуэтам выступілі з папярэджаньнем, накіраваным супраць спробаў дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Наўрад ці гэта можна лічыць выпадковым. Крэмль расстаўляе акцэнты і фіксуе пазыцыю.

Нельга сказаць, што гэта прынцыпова новая лінія Расеі. Але, здаецца, упершыню Масква так катэгарычна ставіць пытаньне на публічным узроўні. Прадстаўніца расейскага МЗС жорстка ўвязвае дэмакратыю з геапалітыкай. Захарава не хавае, што дэмакратычная Беларусь не захоча быць у саюзе з Расеяй:

«Прыход там да ўлады заходніх агентаў, безумоўна, перакрэсьліў бы ўсе дасягненьні інтэграцыйнага будаўніцтва нашай зь Беларусьсю Саюзнай дзяржавы».

Таму Крэмль ня мае намеру «сядзець склаўшы рукі і назіраць за ўсім гэтым». Асноўны сэнс заявы Марыі Захаравай ў тым, што Расея не дапусьціць дэмакратызацыі Беларусі і будзе процідзейнічаць ёй сілаю.

Другі важны тэзіс Захаравай у перакладзе на зразумелую мову. Калі Захад паспрабуе падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, то РФ гатовая да вайны з заходнімі краінамі нават з ужываньнем ядзернай зброі. Захарава спасылаецца на міждзяржаўную Дамову аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы», якая ўступіла ў сілу ў сакавіку 2025 году, а таксама на расейскі дакумэнт «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі ў галіне ядзернага стрымліваньня» ад 19 лістапада 2024 г.

То бок расейскія высновы выглядаюць так: калі хочаце міру, то згаджайцеся з дыктатурай, бо ўстанаўленьне дэмакратыі тут прывядзе да ваеннага канфлікту.

Паўстае натуральнае пытаньне: з чаго раптам у Маскве замітусіліся? Здавалася б, апошнім часам не зьявілася ніякіх падзеяў ці чыньнікаў, якія ставілі б пад пагрозу стабільнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму не да канца зразумела, адкуль у Крамлі ўзьніклі такія страхі і асьцярогі стасоўна Беларусі.

Можна выказаць думку, што занепакоілі Маскву два працэсы. Па-першае, гэта новыя адносіны паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам. Пакуль дыялёг тычыўся павольнага вызваленьня палітвязьняў у абмен на скарачэньне санкцыяў, Расея глядзела на гэта спакойна. Але працэс супрацоўніцтва пачаў набываць нейкія няхай эфэмэрныя, але інстытуцыйныя формы (Рада міру), Дональд Трамп запрасіў Аляксандра Лукашэнка прыехаць у ЗША. Таму ў Маскве, праўдападобна, пачалі хвалявацца. Пра гэта ўскосна сьведчыць наступная рэпліка Марыі Захаравай:

«Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх імкненьняў адарваць любымі спосабамі брацкую нам Рэспубліку ад Расеі і рыхтуюцца да „рэваншу“, відаць, чакаючы зручнага моманту».

Па-другое, гэта рэакцыя Расеі на зьмену палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі, намацваньне саюзу Кіева зь беларускай апазыцыяй. Вядома, усё, што робіць Уладзімір Зяленскі, выклікае моцную алергію ў Маскве. І тут ідзецца ня толькі пра сустрэчу ўкраінскага прэзыдэнта зь Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, запрашэньне беларускай дэмакратычнай лідэркі наведаць Кіеў. Апошнім часам Зяленскі стаў актыўна апэляваць да Эўропы з заклікам падтрымаць беларускае грамадзтва ў яго барацьбе з прарасейскай дыктатурай.

Усё гэта разам узятае і выклікала такую бурлівую рэакцыю ў Маскве.

Аднак у Менску на гэтыя крыкі з Масквы адрэагавалі толькі прапагандысты. На афіцыйным узроўні рэакцыя даволі халодная. Бо неяк ня вельмі зручна ўсьлед за Расеяй выкрываць інтрыгі і падкопы Захаду ў момант, калі міністар замежных справаў Беларусі рыхтуецца да паездкі ў Вашынгтон.


  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG