Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі скрытыкаваў Ціханоўскую за імкненьне раскалоць Захад у стратэгіі што да Беларусі. У яе офісе адказалі

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Былы паплечнік Ціханоўскай рэзка выказаўся наконт ейнай пазыцыі, але атрымаў крытыку ў адказ.

Валер Кавалеўскі жорстка скрытыкаваў апошнія заявы Сьвятланы Ціханоўскай.

Ён мяркуе, што яе палітыка ў перамовах з заходнімі дзяржавамі вядзе да спробы стрымаць Эўропу ад санкцыйных паслабленьняў.

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

«Па-першае, гэта супярэчыць прыярытэту вызваленьня палітвязьняў, які заяўлены яе структурамі. Іх пазыцыя ня мае ўплывовага практычнага напаўненьня — вызваленьні адбываюцца насуперак патрабаваньням Ціханоўскай аб непрызнаньні, працягу ізаляцыі, захаваньню санкцыяў. Ёсьць і пастаянныя спробы запаволіць працэс гуманітарнай дыпляматыі, кінуць цень сумневаў на яго вартасьць.

Па-другое, Ціханоўская сьвядома заклікае Захад да расколу ў стратэгіі адносна Беларусі. Такі раскол заўсёды аслабляе вагары ціску і перамоўныя пазыцыі (люстэркавае ад „падзяляй і пануй“). Аб’яднаньне, наадварот, такія пазыцыі ўзмацняе. Менавіта зараз трэба спрыяць аднаўленьню мэханізмаў каардынацыі і сынхранізацыі падыходаў паміж ЗША і ЭЗ, якія дзейнічалі ў 2020–2024 гадах. Адметна, што адначасова Ціханоўская выступае супраць падзелаў у беларускім дэмакратычным руху.

Трэцяе, Ціханоўская па-ранейшаму не ацэньвае адэкватна ні зьменаў у кантэксьце, ні пазыцыі Захаду, калі заклікае да дэмантажу рэжыму. Захад шарахаецца ад такіх задач ужо даўно. У Беларусі — у значнай ступені падкантрольнай Расеі — такая пэрспэктыва выглядае фантазійна».

На думку Кавалеўскага, такія заклікі паказваюць наступствы «палітызацыі вызваленьня палітвязьняў».

«Кааліцыі за вызваленьне палітвязьняў вельмі няпроста пераадольваць інэрцыю краін Захаду і мабілізаваць іх да практычных дзеяньняў у вырашэньні крызісу ў Беларусі. Асабліва гэта тычыцца Эўразвязу. У іх шмат тэрміновых задач і прыцягваць увагу да нашых праблем няпроста, хоць у нас ёсьць прагрэс ува ўсіх кірунках», — гаворыць Кавалеўскі.

На думку палітыка, у дэмакратычным беларускім руху інэрцыя яшчэ большая, а галоўная яго мэта — захаваць статус-кво за ўсякую цану.

Адказ з Офісу Ціханоўскай

Фактычна словы Кавалеўскага былі адказам на заяву Ціханоўскай аб тым, што Эўропа не павінна капіяваць падыходаў ЗША да рэжыму Лукашэнкі.

«Раней Эўропа была „добрым паліцыянтам“, Амэрыка — „дрэнным“. Цяпер гэтая сытуацыя памянялася месцамі. Мы просім Эўропу не капіяваць палітыкі Трампа, бо ў нас ёсьць такая формула: амэрыканскія санкцыі — каб вызваляць людзей, эўрапейскія санкцыі — каб вызваліць краіну», — цытавала Ціханоўскую выданьне Politico.

Дарадца Ціханоўскай у юрыдычных пытаньняў Леанід Марозаў адказаў на закіды Кавалеўскага.

Ён адзначыў, што ў Беларусі фактычна адбываецца «ратацыя закладнікаў», і гэта ніяк нельга называць посьпехам дыпляматыі.

Леанід Марозаў
Леанід Марозаў

«Абвінавачваць Сьвятлану Ціханоўскую ў нібыта „запаволеньні вызваленьня палітвязьняў“ — гэта або сьвядомае перакручваньне рэчаіснасьці, або спроба замяніць стратэгію тактычнымі эпізодамі. За апошнія месяцы зафіксаваныя сотні новых крымінальных справаў і дзясяткі новых асуджаных».

На думку Марозава, умова, што санкцыі могуць быць перагледжаныя толькі пры ўстойлівым і правераным зьніжэньні рэпрэсіяў, — гэта не радыкалізм, а базавая лёгіка.

«Калі чалавек вымушаны пакінуць краіну за 48 гадзін, бо жыць у ёй немагчыма, — гэта ня поўнае вызваленьне. Гэта прымус да выгнаньня. Ігнараваць гэты кантэкст і зводзіць дыскусію да формулы „вызваленьня любой цаной“ азначае сьвядома спрашчаць праблему».

Заявы Кавалеўскага пра тое, што заклік да каардынацыі санкцыйнай палітыкі паміж ЗША і ЭЗ нібыта расколвае Захад, выглядаюць, на думку Марозава, асабліва парадаксальна.

Таксама Марозаў адзначыў, што нядаўна быў у Кіеве і чуў пра вынікі працы Кавалеўскага, «далёкія ад трыюмфальных». У канцы ж дарадца Ціханоўскай яшчэ раз зьвярнуўся да тэмы рэпрэсіяў.

«У Беларусі рэпрэсіі інстытуцыяналізуюцца дзясяткамі нарматыўных актаў. Гэта не сытуацыйная кампанія, якую можна згарнуць сэрыяй абменаў. Патрабаваньне сыстэмных крытэраў — гэта не тармажэньне працэсу, а спроба зрабіць яго незваротным. Калі нехта прапануе альтэрнатыву, то яна павінна ўключыць адказ на простае пытаньне: як разавыя паслабленьні спыняць плынь новых крымінальных справаў? Пакуль такога адказу няма, абвінавачаньні ў „запаволеньні вызваленьняў“ гучаць як палітычная рыторыка, а не як прадуманая стратэгія».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG