Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць далейшыя санкцыі». Украінскі ўпаўнаважаны патлумачыў чаму ўлады Ўкраіны ўзяліся за Лукашэнку

Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году

Уладзіслаў Уласюк, упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях санкцыйнай палітыкі, патлумачыў у артыкуле на сайце «Європейська правда», што стаіць за нядаўнімі ўкраінскімі санкцыямі супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Санкцыі ўведзеныя на 10 гадоў. Яны, сярод іншага, прадугледжваюць блякаваньне актываў і капіталу, поўнае спыненьне гандлёва-эканамічных апэрацый і транзыту, спыненьне міжнароднага супрацоўніцтва ў розных сфэрах, візавыя і маёмасныя абмежаваньні, а таксама пазбаўленьне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны.

«Гэта выразны сыгнал партнэрам аб ацэнцы ролі Беларусі ва ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны», — піша Ўласюк.

Паводле яго, Украіна доўга ўстрымлівалася ад санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, але другая палова 2025 году паказала, што Лукашэнка «слабы, бо падпарадкоўваецца Пуціну, а не свайму народу».

«Рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі, якія дапамаглі кантраляваць атакі бесьпілётнікаў на поўначы Украіны ў рэжыме рэальнага часу, разгортваньне ракетнага комплексу „Арэшнік“ на тэрыторыі Беларусі — гэта ўжо ня „ўскосная падтрымка“, а непасрэдны ўдзел ва ўзброеным канфлікце».

Уласюк адзначае, што ёсьць задакумэнтаваныя прыклады выкарыстаньня расейскіх ударных бесьпілётнікаў з выкарыстаньнем сыгналаў ад рэтрансьлятараў.

«Тэрыторыя Беларусі фактычна пераўтворана ў інфраструктурную частку расейскай ваеннай машыны, якая пагражае ўсёй Эўропе.

Але роля Менску на гэтым не сканчаецца. Беларусь сыстэматычна выкарыстоўваецца як хаб для абыходу санкцый. Яе прадпрыемствы інтэграваны ў расейскі ваенна-прамысловы комплекс — у расейскіх ракетах знаходзяцца беларускія платы. Празь яго юрысдыкцыю праходзяць лягістычныя і фінансавыя патокі, якія дапамагаюць Крамлю падтрымліваць вайну», — піша Ўласюк.

Ён таксама падкрэсьлівае, што рэжым Лукашэнкі садзейнічаў стварэньню фільтрацыйных лягераў для ўкраінцаў у 2022 годзе і выкраданьню ўкраінскіх дзяцей.

«Усе гэтыя крокі Лукашэнкі не пакінулі Ўкраіне іншага выйсьця.

Вось чаму ў 2026 годзе мы назіралі паступовую, але ўпэўненую карэкцыю курсу Кіева ў дачыненьні да ўладаў Беларусі».

Уласюк дадае, што ўспрыманьне Лукашэнкі зьмяняецца і ў Эўразьвязе і што Ўкраіна чакае і гатовая ўдзельнічаць у сынхранізацыі санкцыйных рэжымаў ЭЗ супраць Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, у прыватнасьці, поўнай сынхранізацыі забаронаў як на імпарт, так і на экспарт.

«Будуць далейшыя санкцыі», — завяршае артыкул упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях санкцыйнай палітыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG