Пісьменьніца праводзіць паралелі паміж чарнобыльскай катастрофай і пандэміяй COVID-19, гаворыць пра рызыкі Астравецкай АЭС, зьвязвае незасвоеную навуку Чарнобылю з тым, што стала магчымай вайна Расеі супраць Украіны. Алексіевіч называе Беларусь чарнобыльскай лябараторыяй, камэнтуе папярэджаньні былога палітвязьня Міколы Статкевіча аб тым, што Расея можа нанесьці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі.
00:00 Успамін пра 26 красавіка 1986 году
07:05 Паралелі з Фукусімай: «хроніка будучыні»
15:36 Як людзі «асвойваюць жах»
18:14 Памылкі, якія чалавецтва працягвае паўтараць
25:49 «Мы пагружаемся ў новае Сярэднявечча»
29:29 Пра Статкевіча: ён прадбачыў новыя небясьпекі
36:22 «Гэта мы сыдзем, а радыенукліды будуць жыць»
Тут фрагмэнт інтэрвію
«Статкевіч робіць на мяне ўражаньне чалавека, які здагадваецца пра будучыя часы»
— Мікола Статкевіч, які прабыў каля 6 гадоў за кратамі, які адмовіўся быць вывезеным зь Беларусі, які потым праз інсульт, праз цяжкую хваробу дамогся вяртаньня дадому, завёў свой Telegram-канал і ў адным зь першых тэкстаў напісаў: магчыма, я выжыў, каб сказаць беларусам пра вялікую пагрозу таго, што Расея разьмяшчае ядзерную зброю ў Беларусі і можа нанесьці з тэрыторыі Беларусі ўдар па Эўропе. А Беларусь можа стаць мішэньню для ўдару ў адказ. Як вы ацэньваеце пагрозу, пра якую папярэджвае Мікола Статкевіч?
— Статкевіч робіць на мяне ўражаньне чалавека, які здагадваецца пра будучыя часы. Памятаю, як у 2019 годзе, яшчэ ўсё было спакойна, ён прыйшоў да мяне і сказаў: «Сьвятлана, гэта апошняя, па-мойму, вясна, якую мы жывём на волі. Хутка будуць зусім іншыя часы». І я яму не паверыла. І пазьней адбылося тое, пра што ён прадказваў. І цяпер, думаю, ён вельмі дакладна прадказвае новыя небясьпекі. Гэта так. Мы становімся такім выпрабавальным пляцдармам. Расея адсоўвае небясьпекі магчымай Трэцяй усясьветнай вайны на нашу тэрыторыю, каб гэта было спачатку з намі. Так, ён мае рацыю. Думаю, што такая небясьпека існуе.
— Я памятаю, Мікола Статкевіч быў у Празе пасьля вызваленьня ў 2016 годзе, і вы таксама ў гэты ж час былі ў Празе на запрашэньне чэскіх арганізацыяў і выступалі з лекцыяй у адным з будынкаў Нацыянальнага тэатру Чэхіі. Тады Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч сядзелі ў залі, а вы былі на сцэне. Адказваючы на адно з пытаньняў, вы назвалі Міколу Статкевіча рамантыкам. А як бы вы цяпер назвалі яго?
— Так, я назвала яго рамантыкам у тым пляне, што ў мяне было адчуваньне, што насоўваецца нейкая цемра, якую проста так перамагчы з тых пазыцыяў, пра якія казаў Мікола, было немагчыма. Я ведала, вывучала чалавека дзясяткі гадоў, зыходзячы зь яго псыхалёгіі, і разумела, што мы ня здольныя гэта перамагчы. Дакладна гэтаксама, як я размаўляла з Хадаркоўскім, калі ён выйшаў з турмы. І ён таксама думаў, што ў яго вялікія грошы, ён робіць газэты, ён робіць нейкія арганізацыі і пераможа Пуціна. Я таксама сказала: вы рамантык. Гэта немагчыма. Гэта зноў пачалося нешта, як было ў 1917 годзе, калі інтэлігенцыя разгубілася, як і сёньня. Вы ж бачыце, інтэлігенцыю не чуваць. Ані нашай эліты, ані расейскай не чуваць. Таму што разгубіліся, таму што няма новых ідэяў. Тое самае цяпер. Ёсьць час цемры. Вось яна ідзе, і ўсе бясьсільныя. Але гэта ня значыць, што яна будзе заўсёды.
Цалкам тэкст гутаркі са Сьвятланай Алексіевіч выйдзе на нашым сайце заўтра.
Гэтае інтэрвію выходзіць у рамках кампаніі «Пасьля Чарнобыля: 40 дзён разважаньняў пра здароўе, памяць і будучыню», якую праводзяць Зялёная сетка, Экадом і Альянс «Зялёная Беларусь».
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў.
Форум