Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бясьпечных дозаў радыяцыі не існуе». Анколяг — пра доўгатэрміновыя наступствы Чарнобыля і сыстэмныя памылкі ўладаў


Жаночы Чарнобыльскі шлях у Менску. 26 красавіка 2021. Ілюстрацыйнае фота.
Жаночы Чарнобыльскі шлях у Менску. 26 красавіка 2021. Ілюстрацыйнае фота.

У жывым эфіры Свабода Premium кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская адказала на пытаньні пра доўгатэрміновыя наступствы аварыі на ЧАЭС для здароўя, пра ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі, небясьпеку Астравецкай АЭС.

Глядзіце стрым «Ня толькі пра здароўе з доктаркай Пятроўскай»

Сьцісла

  • Прыкметнае «амаладжэньне» рака малочнай залозы. Калі 20 гадоў таму ў жанчын да 40 гадоў гэта здаралася надзвычай рэдка, то цяпер у анколягаў гэта не выклікае зьдзіўленьня.
  • З курсу радыяцыйнай мэдыцыны студэнты выносяць паняцьце «радыяцыйны гармэзіс» (спрыяльнае ўзьдзеяньне ультрамалых дозаў апрамяненьня). Гіпотэза так і не даказаная.
  • Псыхалягічна жыць са страхам няправільна. Мая галіна — навучыць людзей, як дзейнічаць да таго, як здарылася бяда, і тут хутчэй не прафіляктыка, а раньняя дыягностыка.


«На сёньня дадзеныя статыстыкі анкалягічных захворваньняў у Беларусі ў цэлым адпавядаюць агульнасусьветным тэндэнцыям»

— Як бы вы ацанілі нэгатыўныя наступствы аварыі на ЧАЭС для здароўя людзей з пункту гледжаньня анкалягічных хваробаў? Калі быў найцяжэйшы пэрыяд і якія наступствы захоўваюцца праз 35 гадоў?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

— Іянізацыйнае выпраменьваньне — навукова даказаны фактар рызыкі разьвіцьця пухлінных захворваньняў. Злаякасныя пухліны тычацца стахастычных эфэктаў, гэта значыць імаверных. Для такіх эфэктаў няма дозавай мяжы, а ад дозы залежыць верагоднасьць узьнікненьня захворваньня, а не яго цяжкасьць. Для рэалізацыі гэтых эфэктаў неабходны час.

Я скончыла мэдычную ВНУ ў Менску ў 1998 годзе, і на той момант ужо быў пераканаўчы рост раку шчытавіцы, асабліва ў дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі. Экспэрты адзначаюць рост лейкозаў у дзяцей у пэрыяд з 1986 па 1992 гады.

На сёньняшні дзень дадзеныя статыстыкі анкалягічных захворваньняў у Беларусі ў цэлым адпавядаюць агульнасусьветным тэндэнцыям — рост раку лёгкага, каларэктального раку, раку прастаты ў мужчын, малочнай залозы — у жанчын. Аднак выключыць або даказаць «унёсак» чарнобыльскай катастрофы досыць складана. У прыватнасьці, прыкметнае «амаладжэньне» раку малочнай залозы. Калі 20 гадоў таму ў жанчын да 40 гадоў гэта здаралася надзвычай рэдка, то цяпер у анколягаў гэта не выклікае зьдзіўленьня.

Незалежныя дасьледчыкі наступстваў аварыі на ЧАЭС у сваёй справаздачы за 2016 год (TORCH-2016) прагназуюць да 2065 году 40 000 дадатковых выпадкаў захворваньня на сьмяротныя злаякасныя пухліны і за 16 000 сьмерцяў ад раку ў Эўропе (уключаючы Беларусь і Ўкраіну).

«У станаўленьне беларускай анкалёгіі былі сапраўды ўкладзеныя калясальныя сродкі»


— Як мянялася і як зьмянілася праца анколягаў з часоў аварыі на ЧАЭС?

— Прынцыпова, напэўна, праца анколягаў не зьмянілася. Варта адзначыць, што прагрэс у галіне малекулярнай біялёгіі пухліннага росту, інфармацыйная тэхналёгія Big Data і прарывы ў анкафармакалёгіі дазволілі дамагчыся істотных посьпехаў у лячэньні анкалягічных захворваньняў. Агульнае інфармацыйнае поле, празрысты доступ практычна да любой самай актуальнай прафэсійнай інфармацыі, магчымасьць вучыцца, безумоўна, спрыяюць паляпшэньню якасьці мэдычнай дапамогі анкапацыентам. У станаўленьне беларускай анкалёгіі, трэба адзначыць, былі сапраўды ўкладзеныя калясальныя сродкі, і было гэта абумоўлена вельмі пэсымістычнымі прагнозамі пасьля аварыі на ЧАЭС.

Зьмянілася хутчэй стаўленьне ў грамадзтве да праблемы катастрофы ў цэлым за гэты час. Выпускаючы студэнтаў з мэдінстытуту, у нас з упартасьцю гішпанскай інквізыцыі «ўбівалі» анкалягічную насьцярожанасьць, прымаючы пад увагу, што ўсё насельніцтва ў той ці іншай ступені зазнала ўзьдзеяньне радыяцыі. Цяпер з курсу радыяцыйнай мэдыцыны студэнты выносяць паняцьце «радыяцыйны гармэзіс», гэта значыць спрыяльнае ўзьдзеяньне ультрамалых дозаў апрамяненьня. Гіпотэза, дарэчы, так і не даказаная. Палярызацыя пунктаў гледжаньня на радыяцыйныя рызыкі мае месца ня толькі на постсавецкай прасторы. А абясцэньваньне катастрофы пагражае яе паўторам.

«Курапаты і Чарнобыль — незагойныя раны на сэрцы беларусаў»

— Ганна Севярынец часта кажа пра нявывучаныя беларусамі ўрокі рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя. Ці можна лічыць катастрофу ў Чарнобылі таксама нявывучаным урокам? Пытаньне ад Людмілы Арцюшкевіч.

— І Курапаты, і Чарнобыль — гэта незагойныя раны на сэрцы беларусаў, прыклады беспакараных злачынстваў дзяржавы супраць сваіх грамадзянаў. І дзеяньні цяперашняй улады падчас пандэміі і пратэстаў гэтаксама цынічныя і амаральныя, як дзеяньні савецкай улады. Тым ня менш грамадзянская супольнасьць вучыцца, эвалюцыянуе цяпер як ніколі хутка. Я магу сказаць, што гэта нявывучаныя, але ня марныя ўрокі.

— Вы працавалі шмат гадоў з хворымі на рак дзеткамі. З вашага досьведу, ці сапраўды дзеці найбольш уразьлівыя да наступстваў радыяцыі? І чаму?

— Гэта тлумачыцца непасрэдна эфэктамі апраменьваньня і асаблівасьцямі дзіцячай фізіялёгіі. Найбольш адчувальныя да апраменьваньня клеткі і тканкі, якія хутка дзеляцца і актыўна растуць. Дзіцячы арганізм у сілу нясьпеласьці многіх мэханізмаў абароны і з прычыны актыўнага росту вельмі ўразьлівы перад іянізацыйным выпраменьваньнем.

— Былы палітзьняволены, прафэсар Юры Бандажэўскі займаўся дасьледаваньнем нэгатыўнага ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека. Якая вашая думка як анколяга ў гэтым пытаньні? Ці дасьледаваная і вывучаная гэтая праблема ў Беларусі і сьвеце?

— Я, на жаль, не знаёмая з працамі паважанага прафэсара, але мая асабістая думка — акрамя натуральнага фону, не існуе бясьпечных дозаў радыяцыі. Высокая захворвальнасьць на рак вонкавых лякалізацый у супрацоўнікаў аддзяленьняў прамянёвай тэрапіі, другасныя радыяіндуцыраваныя ракі пасьля прамянёвай тэрапіі, і нават вельмі нізкія, але існуючыя рызыкі радыяіндуцыраванага раку малочнай залозы ў выніку скрынінгавых мамаграфій пераканаўча пра гэта сьведчаць.

«Спроба абясцэніць праблему і закрыць вочы на нязручную праўду»


— У 2005 годзесправаздача ААН, прысьвечаная аналізу наступстваў чарнобыльскай катастрофы, выклікала рэзкую крытыку з боку шэрагу эколягаў і дактароў. Паводле справаздачы, падрыхтаванай ста экспэртамі, наступствы Чарнобыля не настолькі маштабныя і жахлівыя, як прагназавалася. У дакумэнце гаварылася, што катастрофа стала прычынай сьмерці прыблізна 4 тысячаў чалавек, што акрамя людзей, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі катастрофы, а таксама некалькіх тысячаў тых, хто захварэў на рак шчытападобнай залозы, насельніцтва рэгіёну Чарнобылю пацярпела ня так ужо і моцна. Сярод аўтараў справаздачы былі і экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ. Ці такой жа думкі прытрымліваюцца анколягі-практыкі?

— Я азнаёмілася з гэтым дакумэнтам, і ў некалькіх месцах гучалі заўвагі, што дазымэтрычныя дадзеныя Дзяржаўных чарнобыльскіх рэгістраў Беларусі, Расеі і Ўкраіны часткова фальсыфікаваныя. У гэтым выпадку айцішнікі кажуць: «garbage in, garbage out», гэта значыць «сьмецьце на ўваходзе — сьмецьце на выхадзе». Да такіх эпідэміялягічных дасьледаваньняў давер даволі ўмоўны. Гэта зноў жа спроба абясцэніць праблему і закрыць вочы на нязручную праўду.

«Скрынінгавыя праграмы дапамагаюць выявіць захворваньне на той стадыі, калі яно яшчэ курабэльна»


— Як жыць і не баяцца захварэць на рак, бо ніхто не застрахаваны ад гэтага? Вельмі часта чуеш пра гэта, і становіцца страшна жыць. Пытаньне ад глядачкі ratomka Lucky.

— На сёньня абсалютна адкрыты доступ да інфармацыі пра даступныя скрынінгавыя дасьледаваньні. Мужчынам пасьля 45–50 гадоў мае сэнс здаваць кроў на ПСА. Хоць у сьвеце не даказаная яго эфэктыўнасьць, тым ня менш у Беларусі скрынінг раку прастаты праводзіцца. Для жанчын пасьля 50 гадоў — гэта неабходнасьць праходзіць раз на два гады мамаграфічны скрынінг, абавязковы візыт да гінэколяга раз на год, і для курцоў пасьля 45 гадоў нізкадозавае кампутарнае тамаграфічнае дасьледаваньне лёгкіх. Гэтыя скрынінгавыя праграмы дапамагаюць выявіць захворваньне на той стадыі, калі яно яшчэ курабэльна і калі дактары і пацыенты могуць дабіцца посьпеху сумесна.

Калі ў сям’і ёсьць выпадкі раку, асабліва калі гэта рак тоўстага кішэчніка, страўніка, малочнай залозы, яечнікаў, — гэта дадатковая нагода зьвярнуцца да анколяга, і доктар дапаможа ацаніць ступень рызыкі. Ці вы ў стандартнай групе рызыкі па разьвіцьці раку, ці гэта высокая рызыка і скрынінг захворваньняў таго ж тоўстага кішэчніка трэба пачынаць раней, чым прадугледжана стандартам. Псыхалягічна жыць са страхам, напэўна, няправільна. Мая галіна — навучыць людзей, як дзейнічаць да таго, як здарылася бяда. І тут хутчэй не прафіляктыка, а раньняя дыягностыка.

— Дзьмітрый Барэйчук пытаецца: што можна прымяняць беларусам для зьніжэньня рызыкі анкалягічных хваробаў? Якая прафіляктыка?

— Здаровы лад жыцьця, фізычная актыўнасьць, якая дакладна зьніжае рызыку ўзьнікненьня як пухлінных, так і сардэчна-судзінных захворваньняў і хваробаў эндакрыннай сыстэмы. Здаровае харчаваньне, у якім абавязкова павінна прысутнічаць клятчатка і бабовыя (гэта прафіляктыка раку тоўстага кішэчніка). Не злоўжываць чырвоным мясам, бо гэта таксама фактар рызыкі для разьвіцьця раку тоўстага кішэчніка. Для жанчын — рэгулярны агляд у мамолягаў і гінэколягаў на прадмет раньняй дыягностыкі раку малочнай залозы.

«Як паказвае пандэмія, стыль мэнэджмэнту не зьмяніўся, значыць, сыстэмныя памылкі да гэтага часу ня выпраўленыя»


— Ці выклікае занепакоенасьць у дактароў сытуацыя з Астравецкай АЭС і чаму?

— Я не магу ацэньваць эканамічную мэтазгоднасьць, роўна як і радыяцыйную бясьпеку, Астравецкай АЭС, але ўжо занадта дорага беларусам абыходзяцца сыстэмныя памылкі на самых розных узроўнях пад паліткарэктным тэрмінам «чалавечы фактар».

Як сказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у «Чарнобыльскай малітве», «у нашага народу ўвесь час адчуваньне, што яго падманваюць». Я, мабыць, пагаджуся. Адсутнасьць лягічных тлумачэньняў неаднаразовых адключэньняў станцыі спараджае ня проста занепакоенасьць, а хутчэй упэўненасьць у тым, што далёка ня ўсё ў штатным рэжыме. У 1986 годзе першай рэакцыяй уладаў было «ўтаіць», а наступнай — «схлусіць». Як паказвае пандэмія, стыль мэнэджмэнту не зьмяніўся, значыць, сыстэмныя памылкі да гэтага часу ня выпраўленыя. На жаль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG