Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы


Юры Бандажэўскі. Архіўнае фота
Юры Бандажэўскі. Архіўнае фота

Прафэсар Юры Бандажэўскі вывучае ўзьдзеяньне радыяцыі на здароўе чалавека больш як 30 гадоў. Былы палітвязень, доктар мэдычных навук, колішні рэктар Гомельскага мэдунівэрсытэту расказаў Свабодзе, ці зьменшыліся маштабы чарнобыльскіх праблемаў і ў чым небясьпека Беларускай АЭС.

Бандажэўскі адным зь першых у навуковым сьвеце адкрыў прычынна-выніковую сувязь паміж узьдзеяньнем малых доз радыяцыі на арганізм чалавека і ўзьнікненьнем сур’ёзных захворваньняў.

  • Ягоныя дасьледаваньні шырока вывучаліся і вывучаюцца ва ўсім сьвеце, але ў Беларусі яны сталі нагодай для крымінальнага перасьледу, бо ўлады па-іншаму бачылі шляхі ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
  • 6 год (1999-2005) правёў у няволі за нібыта атрыманьне хабару ад студэнтаў на пасадзе рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня, лічачы, што Бандажэўскага пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС.
  • Ужо шмат гадоў навуковец жыве і працуе ва Ўкраіне.

Перагортваць чарнобыльскую старонку зарана

— Спадар Юры, ці можна казаць, што галоўныя наступствы чарнобыльскай аварыі ўжо ў мінулым, бо прайшло 35 гадоў і фактычна завяршыўся пэрыяд паўраспаду некаторых радыяактыўных элемэнтаў, якія найбольш сур’ёзна ўплывалі на стан здароўя чалавека?

— Чарнобыль нікуды не сышоў. Доўгажывучыя радыяэлемэнты дагэтуль прысутнічаюць у глебе, расьлінах і на значнай адлегласьці ад Чарнобыльскай АЭС. Вялікая колькасьць людзей працягвае знаходзіцца пад узьдзеяньнем, спажываючы лясныя ягады і грыбы, мяса дзікай жывёлы, прадукты сельскагаспадарчай дзейнасьці. У глебе шмат ня толькі цэзію, але і стронцыю-90, якія якраз цяпер выходзяць на дамінуючыя пазыцыі, і людзі зь імі сутыкаюцца.

Вельмі небясьпечна цяпер, як мы паказалі ў нашых апошніх дасьледаваньнях ва Ўкраіне, выкарыстаньне для побытавых патрэбаў драўніны з наяўнасьцю радыяактыўных элемэнтаў. Вельмі небясьпечныя пажары ў чарнобыльскім лесе, бо радыяактыўныя рэчывы праз паветра трапляюць у арганізм людзей, якія жывуць ня толькі побач з гэтай тэрыторыяй, але і далей ад яе.

— Плошча забруджаных тэрыторый таксама ня зьменшылася з таго часу?

— Калі мець жаданьне рэзка зьменшыць гэтую тэрыторыю, то такія дасьледчыкі заўсёды знойдуцца, каб падыграць нейкай пэўнай канцэпцыі і пэўным жаданьням. Але яна ня зьменшылася, калі сур’ёзна і скрупулёзна глядзець на існуючую праблему.

У сваім эўрапейскім праекце пры супрацы з украінскімі дасьледчыкамі, якія замяралі наяўнасьць цэзію і стронцыю ў глебе праз 30 гадоў і зрабілі дакладную картаграфію забруджаньня, мы прыйшлі да высновы, што плошчы ня зьменшыліся, а канцэнтрацыя стронцыю ў прадуктах харчаваньня і ў попеле, які ўтвараецца пры спальваньні драўніны, застаецца.

Новы саркафаг над 4-м рэактарам ЧАЭС. 3 красавіка 2021 года
Новы саркафаг над 4-м рэактарам ЧАЭС. 3 красавіка 2021 года

Я ня схільны сьцьвярджаць, што праблемы прайшлі. Так, у паверхневых пластах глебы можна сапраўды замераць меншую колькасьць цэзію і стронцыю. Так, канцэнтрацыі таго ж цэзію ў арганізмах людзей сталі меншыя, але адчувальнасьць да іх у чалавека павялічваецца.

Мы дасьледавалі гэты эфэкт, і назіраньні паказалі, што дзеці другога чарнобыльскага пакаленьня больш адчувальныя да ўзьдзеяньня радыяцыі на жыцьцёва важныя сыстэмы.

Праблема закрываецца, калі яе не дасьледаваць. Мы бачым, што і цікавасьць да яе скарацілася, у тым ліку і дзякуючы намаганьням прапаведнікаў атамнага лобі. Але захворваньні ёсьць на гэтай тэрыторыі — унутраныя хваробы, сардэчна-сасудзістыя паталёгіі. Нават тыя невялікія канцэнтрацыі, якія ёсьць у арганізьме людзей, што жывуць ня толькі на забруджаных тэрыторыях, але і побач зь імі, і далёка ад іх, сьведчаць, што праблема нікуды не сышла і яна працягвае шкодзіць здароўю ўжо другога постчарнобыльскага пакаленьня. Я ня бачу падстаў казаць, што ўсё добра і можна перагарнуць старонку.

Прагнозы пацьвердзіліся ў найгоршых маштабах

— Вы першым заявілі пра істотны ўплыў дробных доз радыяцыі на здароўе чалавека. Ці былі ў вас такія прагнозы, якія пазьней навука зьняпраўдзіла?

— На жаль, усё пацьвердзілася ў горшым варыянце. Улады навучыліся хаваць гэтыя праблемы, навучыліся ўтойваць статыстыку сьмяротнасьці пры канкрэтных захворваньнях і паталёгіях, зьявіліся нават адмысловыя грыфы, якія закрываюць і не ілюструюць існыя праблемы.

Мы дасьледавалі праблему ўкраінскіх тэрыторый, якія, паводле афіцыйнай статыстыкі, нібыта менш пацярпелі, і пабачылі больш як у 70 адсоткаў дзяцей ва ўзросьце ад 12 да 17 гадоў парушэньні абмену жыцьцёва важных амінакіслот, у прыватнасьці мэтыяніну, якому ва ўсім сьвеце ўдзяляюць вялікую ўвагу, і там, дзе бачаць павялічаны ўзровень гэтых парушэньняў, б’юць трывогу. Мы знайшлі ў дзяцей сур’ёзныя паталёгіі сэрца, абмену рэчываў, і найперш амінакіслот.

З аднаго боку — гэта вялікае адкрыцьцё, а з другога — вялікая небясьпека. Да такіх парушэньняў прыводзяць радыянукліды, якія паступаюць з паветра ў выніку пажараў у чарнобыльскай зоне адчужэньня.

— У чым небясьпека парушэньняў абмену амінакіслот?

— Гэта прыводзіць да анкалёгіі, да парушэньняў згусальнасьці крыві, у выніку чаго разьвіваюцца трамбозы, інфаркты і інсульты. Цяпер мы шмат разумеем, адкуль такая высокая сьмяротнасьць, адкуль раптоўныя сьмерці ў маладым узросьце. Мы шмат зрабілі ў гэтым пляне, і я лічу, што гэта вельмі важная частка працы ў чарнобыльскай праблематыцы.

Пра мутантаў і бясьпеку Беларускай АЭС

— У першыя гады пасьля аварыі пэрыядычна зьяўлялася шакуючая інфармацыя пра вялікую колькасьць біялягічных мутантаў, якія нібыта нараджаліся вельмі часта. Ці пацьвердзіла навука такія факты?

— Ва Ўкраіне я пазнаёміўся з прафэсарам-біёлягам, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў збору прыроджаных парокаў разьвіцьця. Ён працаваў у галіне сельскай гаспадаркі і зьбіраў зародкі розных жывёлаў. У яго была вялікая калекцыя, якую ён хаваў і ніяк не адважваўся абнародаваць гэты матэрыял. На апошняй сустрэчы ён сказаў, што, магчыма, наважыцца яе паказаць. Але не пасьпеў, памёр. І я магу сказаць, што ён меў пацьвярджэньне таго, што ў вялікай колькасьці жывёлін былі прыроджаныя парокі.

Але варта разумець, што прыроджаныя парокі найчасьцей прыводзяць да ўнутрывантробнай гібелі зародку, ён гіне, ці разам зь ім гіне і маці, і тады зародак выходзіць вонкі ў выглядзе асобных тканак. То бок атрымаць варыянт прыроджаных парокаў, калі зародак яшчэ жыцьцяздольны, ня так проста. Але праблема ёсьць. Толькі да яе трэба кваліфікавана падыходзіць. А ў ёй, на жаль, шмат было дылетантаў і непрафэсіяналаў.

Папраўдзе праблема велічэзная. Яна існавала і будзе існаваць ня толькі ў чарнобыльскай зоне. Ёсьць праблема Фукусімы і ўсіх станцый, якія будуюцца ці пабудаваныя. Сярод іхных недахопаў — уплываць праз цэлы шэраг фактараў на здароўе людзей, якія жывуць на прылеглай тэрыторыі. Таму тэма радыяцыйнай бясьпекі выходзіць на першае месца.

Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

— Мяркуеце, што і Беларуская АЭС небясьпечная з гэтага пункту гледжаньня?

— Я ня ведаю, як яе абслугоўваюць і якая там сыстэма бясьпекі. Каб пра гэта разважаць, варта мець дакладную інфармацыю пра яе функцыянаваньне. Але тое, што яна дадала праблемаў суседзям і ўсёй Беларусі, — гэта дакладна. Таму што непаладкі, як у любой машыне ці сыстэме, заўсёды існуюць.

Брытанскія навукоўцы вывучалі частату анкалягічных захворваньняў у людзей, якія пражываюць у прылеглых да АЭС раёнах. І яны прыйшлі да высновы, што гэта не небясьпечна. Уявіце, для ахалоджваньня рэактара патрэбна вада ў вялікай колькасьці, і яна некуды павінна выходзіць... Я вельмі непакоюся за гэтую сытуацыю, якую стварылі на памежжы зь Літвой і для тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Абавязак дзяржавы — кантраляваць якасьць прадуктаў

— Ці могуць людзі самастойна зрабіць сваё жыцьцё бясьпечным ва ўмовах радыяцыі?

— Ва ўсіх краінах існуюць свае нормы дапушчальных узроўняў канцэнтрацыі радыянуклідаў. Але што такое норма? І тады, і сёньня я перакананы, што любы ўзровень — кепска для арганізму чалавека, і любая колькасьць радыянуклідаў небясьпечная для дзіцячага і дарослага арганізму. За ўсе гады дасьледаваньня гэтай тэмы я не зьмяніў сваёй пазыцыі. Трэба кантраляваць іх у прадуктах харчаваньня, гэта важна зразумець.

Але гэта — задача для ўлады, якая хоча зьберагчы здароўе людзей па-сапраўднаму, а не на словах.

Вядома, у нас цяпер іншая праблема — вірусная інфэкцыя, найцяжэйшая, якая забірае жыцьці вялікай колькасьці людзей. Але варта памятаць, што радыяактыўныя элемэнты зьніжаюць абаронныя функцыі арганізму, і на гэтай тэрыторыі людзі вельмі ўразьлівыя.

Варта памятаць, што няма людзей, у арганізмах якіх радыянуклідаў няма. Яны ёсьць паўсюль, бо ва ўсіх постсавецкіх краінах у харчовых прадуктах ёсьць гэтыя рэчывы. А гэта ўплывае на розныя клеткавыя структуры арганізму.

На жаль, я ня бачу жаданьня клапаціцца пра здароўе людзей. Мы бачым, як пад уплывам бізнэс-інтарэсаў ці іншых інтарэсаў адбываецца ўтылізацыя людзкой папуляцыі. Пра якую пэрспэктыву можна гаварыць? Сёньня, як і 35 гадоў таму, стан людзкой папуляцыі ў Беларусі знаходзіцца ў небясьпецы ад радыяцыйнага фактару. Нічога не рабіць, закрываць праблемы, пісаць, што ўсё добра, і хаваць праблемы — шлях у нікуды.

Пра чарнобыльскі турызм

— Як ставіцеся да плянаў украінскага ўраду стварыць цэлы турыстычны кластэр у чарнобыльскай зоне?

— Пакуль канкрэтна не зразумела, як гэта будзе. Калі браць турызм, то нехта можа падумаць, што гаворка ідзе аб тым, каб пусьціць турыстаў у зону адчужэньня, і яны змогуць вольна там перамяшчацца і паліць вогнішчы. Канечне, гэта вельмі нэгатыўныя рэчы. Пазыцыя тут вельмі дакладная. Які можа быць турызм у радыяцыйна небясьпечнай зоне?

Іншая справа, калі турыстаў будуць вазіць у аўтобусах. Але ёсьць такія месцы, дзе людзям небясьпечна ўвогуле знаходзіцца. Ёсьць вельмі адчувальныя да радыяцыі людзі, таму абавязкова патрэбна ведаць, для якіх людзей можна адкрываць зону. Праблема вельмі складаная, каб проста махаць рукамі ці запрашаць некуды зьезьдзіць ці схадзіць.

Я ня бачу ніякіх падстаў, каб разьвіваць там турызм. Мы выказалі сваю пазыцыю, паказалі прыклады — і спадзяюся, што пераканалі. Вось гэтыя пажары ў чарнобыльскай зоне, яны ж самі па сабе не ўзьнікаюць. Яны здараюцца таму, што там былі людзі.

Пра перасьлед у Беларусі

— Прайшло амаль 20 гадоў пасьля вашага ўвязьненьня ў Беларусі. Як мяркуеце, што насамрэч стала падставай для крымінальнага перасьледу?

— Барацьба са мной пачалася ў 1992 годзе, калі я накіраваў у Савет міністраў ліст, у якім паведаміў пра вынікі дасьледаваньняў стану здароўя дзяцей. Мы паказалі, што ў дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 6 гадоў, якія зьнешне нібыта здаровыя, быў высокі ўзровень утрыманьня радыянуклідаў. Я адразу пачаў інфармаваць органы ўлады, што гэта ненармальна. Тады ж яшчэ дзяржава адказвала за арганізацыю харчаваньня ў дзіцячых садках. І вось дзяржава тады пачала «карміць радыянуклідамі». Мы бачылі эшалёны з радыяактыўным мясам на гомельскіх станцыях. Яго не зьнішчалі, яго выкарыстоўвалі для фаршаў, каўбасаў, і рэалізоўвалі іх па ўсёй Беларусі.

Юры Бандажэўскі пасьля суду ў 2001 годзе
Юры Бандажэўскі пасьля суду ў 2001 годзе

Але я прыехаў у Гомель з Горадні не для таго, каб капаць пад гэтыя праблемы. Мая задача была стварыць унівэрсытэт, і я справіўся зь ёй. Калі ў 1999 годзе мяне арыштавалі, я ўжо падрыхтаваў больш за тысячу кваліфікаваных лекараў, якія цяпер ужо маюць вялікі досьвед. А другая задача — навуковыя дасьледаваньні. І я пачаў пісаць пра іх.

А празь некалькі месяцаў да мяне прыехала «брыгада пасланцоў ад улады» — функцыянэры рознага ўзроўню, правялі выязную калегію Міністэрства аховы здароўя, а потым зачыніліся са мной і пачалі расказваць, што вельмі кепска, што я гэтым займаюся. Пыталіся, ці мне недастаткова славы першага рэктара ўнівэрсытэту. Я не пагадзіўся і працягваў рабіць сваю справу, нягледзячы на тое, што былі пагрозы. Розныя пагрозы... Але я не хачу пра гэта гаварыць, каб не выклікаць у людзей нейкія жаласьлівыя ўражаньні. Гэта непатрэбна.

Мы тады пачалі абсьледаваць Веткаўскі раён і знайшлі там шмат вельмі кепскіх тэндэнцый. У дзяцей выявілі ня толькі паталёгіі сардэчнай дзейнасьці, зьвязаныя з наяўнасьцю радыянуклідаў, а і паталёгіі вачэй — катаракты ў дзяцей. Потым гэтыя працы, калі я сядзеў у турме, актыўна абмяркоўвалі ў сьвеце.

Юры Бандажэўскі з жонкай пасьля судовага паседжаньня ў Гомельскім абласным судзе. 18 чэрвеня 2001
Юры Бандажэўскі з жонкай пасьля судовага паседжаньня ў Гомельскім абласным судзе. 18 чэрвеня 2001

Я напісаў прэзыдэнту і ўраду ліст, у якім выклаў сутнасьць праблемаў. Як я потым аналізаваў, пазыцыя была вельмі вострая, але я разглядаў свае дзеяньні найперш з пункту гледжаньня абароны здароўя людзей. Мяне ўвогуле не цікавілі тэмы, зьвязаныя зь нейкай палітыкай ці іншымі дзеяньнямі. Мяне хвалявала толькі тое, што людзі пакутуюць, а органы ўлады не дапамагаюць.

Але сытуацыя склалася такім чынам, што мая пазыцыя не задаволіла ўладу, таму што яна супярэчыла ўсім іхным дзеяньням — яны ажыцьцяўлялі палітыку замоўчваньня, потым пачалі паціху вяртаць у абарачэньне забруджаныя сельскагаспадарчыя землі. А гэта азначала, што людзі будуць працягваць атрымліваць радыяактыўныя элемэнты, натуральна, ня толькі на забруджаных тэрыторыях, а па ўсёй Беларусі.

Чытаць кнігу Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» (PDF)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG