Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч напісаў артыкул, у якім разглядае магчымасьць ядзернага ўдару Расеі па ЭЗ з тэрыторыі Беларусі

Мікола Статкевіч дома. Фота з фэйсбук-акаўнту facebook.com/maryna.adamovic
Мікола Статкевіч дома. Фота з фэйсбук-акаўнту facebook.com/maryna.adamovic

Мікола Статкевіч, якога пасьля інсульту выпусьцілі з турмы дамоў, апублікаваў артыкул у нядаўна створаным тэлеграм-канале на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.

Нядаўна вызвалены палітвязень Мікола Статкевіч апублікаваў вялікі артыкул, у якім папярэджвае беларусаў пра небясьпеку, якая ім, паводле яго словаў, пагражае ў сувязі з раней абвешчаным уладамі Расеі і Беларусі разьмяшчэньнем расейскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі.

Паводле Статкевіча, «расейскія генэралы называюць Беларусь «беларускім бальконам», «бо з нашай тэрыторыі можна наносіць удары па трох краінах NATO і Ўкраіне».

Статкевіч прагназуе, што «першы ўдар расейскіх войскаў будзе наносіцца зь беларускай тэрыторыі і скіраваны супраць балтыйскіх краін, якія знаходзяцца ў геаграфічным адрыве ад буйных краін NATO і могуць быць ізаляваныя ад іх. Да таго ж іх акупацыя дазволіць вярнуць Балтыйскаму флёту апэратыўную прастору і зрабіць бясьпечнымі морскія камунікацыі з Калінінградзкай вобласьцю ды забясьпечыць больш гарантыяў для экспарту расейскіх вуглевадародаў з партоў Ленінградзкай вобласьці», — піша Статкевіч.

На яго думку, асноўныя ўдары расейскія войскі могуць нанесьці па Латвіі з раёну Полацку, па Коўне і Клайпедзе з раёну Горадні і па Вільні з раёну Ашмянаў.

«Найбольш імаверным месцам расейскага ядзернага ўдару будзе Сувалкаўскі калідор, каб зрабіць немагчымай адпраўку празь яго падмацаваньня ў Балтыю, калі чыгунка там будзе зьнішчаная, асфальт на шашы згарыць і ўсё гэта будзе завалена палаючымі радыяактыўнымі дрэвамі. Яшчэ магчымыя ўдары па „вузкіх месцах“ трансбалтыйскіх магістраляў, месцах збораў падмацаваньня і матэрыяльных рэсурсаў», — піша далей Статкевіч.

Паводле яго, «падобна, што Крэмль прыняў ідэю прэвэнтыўнага ядзернага ўдару па Захадзе, разам з тым яны цалкам дапускаюць, што будзе такі ж удар у адказ».

«І прыдумалі, як зрабіць першае, мінімізаваўшы пагрозу другога», — робіць выснову Статкевіч.

На яго думку, удар магчымы з тэрыторыі Беларусі, каб на яе быў скіраваны і адказ — Расея, каб унікнуць удару па сваёй тэрыторыі, вырашыла падставіць пад гэты ўдар іншую, фармальна яшчэ незалежную краіну.

Пры гэтым заходнія дыпляматы кажуць, што надзейнага пацьверджаньня інфармацыі аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі няма.

Палітвязень Мікола Статкевіч быў зьняволены ў калёніі ў Глыбокім. Пасьля адмовы пакідаць Беларусь у верасьні мінулага году яго даставілі ў тую ж калёнію, дзе ён быў да верасьня 2025 году.

Прэсавая служба Лукашэнкі раней паведаміла, што Лукашэнка «рашэньне аб памілаваньні Міколы Статкевіча ўхваліў ужо даўно».

«Але тады ехаць у „райскі сад“ Статкевіч адмовіўся і вярнуўся ў турму. З таго моманту прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы з здароўем. У прыватнасьці, адбыўся інфаркт галаўнога мозгу», — сказала тады Натальля Эйсмант.

Паводле Эйсмант, калі Лукашэнку паведамілі пра сытуацыю з Статкевічам, той распарадзіўся «тэрмінова перавесьці яго ў лякарню», дзе Статкевіча забясьпечылі ўсёй неабходнай і своечасовай дапамогай і выратавалі.

Потым, дадала Эйсмант, Лукашэнка атрымаў «шматлікія звароты сваякоў — жонкі, родных — з просьбамі адпусьціць яго дадому, каб мець магчымасьць даглядаць яго».

11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў былі вызваленыя 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.

Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікола Статкевіч.

Спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай гады да таго дня ён быў увязьнены ў Глыбоцкай калёніі ў рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

Паводле сваякоў, Статкевіч 21 студзеня перанёс інсульт, а 19 лютага яго вызвалілі з турмы і адправілі дадому.


XS
SM
MD
LG