Як адзначаецца ў паведамленьні, адключэньню першага энэргаблёку будзе папярэднічаць уключэньне ў сетку другога энэргаблёку, які перад гэтым быў выключаны на «плянавы рамонт».
«Плянава-папераджальныя рамонты на кожным энэргаблёку Беларускай АЭС праводзяцца адзін раз на год для забесьпячэньня надзейнай працы і падтрыманьня асноўных тэхнічных характарыстык тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня. Плянавыя рамонты на атамных станцыях — агульная для сьвету практыка. Іх працягласьць можа быць рознай, залежна ад аб’ёмаў і складанасьці работ, што трэба выканаць», — адзначылі ў ведамстве.
У часе рамонту першага энэргаблёку перазагрузяць ядзернае паліва ў актыўнай зоне рэактару і заменяць частку ўжо адпрацаваных зборак, якія выдзяляюць цяпло. Апроч таго, правядуць дыягностыку і тэхнічнае абслугоўваньне больш за 10 тысяч адзінак тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня — рэактарнага, турбіннага, электратэхнічнага, вэнтыляцыйнага, прыладаў аўтаматыкі і вымярэньняў, а яшчэ плянуюць ажыцьцявіць эксплуатацыйны кантроль мэталю і зварных злучэньняў.
Першы блёк Беларускай АЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 году. На ім ужо выпрацавалі больш за 37 мільярдаў кВт-гадзін электраэнэргіі.
Форум