Другі блёк Беларускай АЭС зноў аддаюць у рамонт, паведаміў Сяргей Бабовіч, дырэктар станцыі.
Рамонты, на якія пэрыядычна закрываюць блёкі БелАЭС, — плянавыя, бо на станцыі маюць у прыярытэце бясьпеку, а не аб’ёмы вырабленай электраэнэргіі, сказаў Сяргей Бабовіч у інтэрвію СТВ:
«У сярэдзіне наступнага месяца, у лістападзе, у нас плянава-папераджальны рамонт другога блёку. Гэта будзе другі плянава-папераджальны рамонт, мы плянуем завяршыць яго да канца году, зойдзем трошкі ў студзень, потым уключым яго ў сетку. За гэты час зробім частковую замену паліва, чвэрць паліва ў нас ідзе пад замену. Пасьля таго як уключым другі блёк, пад капітальны рамонт пойдзе блёк нумар адзін».
Таксама ў этэры тэлекампаніі СТВ кіраўніцтва беларускай энэргетыкі аб’явіла аб плянах будаўніцтва другой АЭС. Дзяніс Мароз, міністар энергетыкі:
«Мы бачым пэрспэктыву разьвіцьця энэргасыстэмы і бачым яе ў тым ліку за кошт разьвіцьця атамнай генэрацыі... Намі рыхтуюцца тэхніка-эканамічныя абгрунтаваньні, у рамках якіх рыхтуюцца два розныя варыянты. Адзін варыянт — гэта будаўніцтва яшчэ аднаго блёку на тэрыторыі Беларускай атамнай электрастанцыі, ён дазваляе ў карацейшыя тэрміны рэалізаваць падобны праект, выкарыстоўваючы адпаведную тэхналягічную інфраструктуру, таксама сацыяльную інфраструктуру — сам горад Астравец, дарогі, людзей, мэдыцыну... У той жа час існуе альтэрнатыва, можна рэалізоўваць новы праект на ўсходнім кірунку, пабудаваць іншую атамную электрастанцыю».
Цяпер узважваюць мінусы і плюсы абодвух варыянтаў, заявіў Мароз. Зь яго словаў, будаўніцтва АЭС павінна даць штуршок разьвіцьцю ўсходніх рэгіёнаў.
Раней Аляксандар Лукашэнка прапанаваў пашырэньне ці будаўніцтва новай атамнай станцыі з мэтай забесьпячэньня электраэнэргіяй акупаваных Расеяй усходніх рэгіёнаў Украіны. Паводле яго, «Росатом» ужо распрацаваў варыянты далейшага пашырэньня атамнай энэргетыкі Беларусі. Але Лукашэнка адмовіўся назваць аб’ём неабходных фінансавых сродкаў.