Дзяржатамнагляд (VATESI) Літвы заклікаў Беларусь спыніць эксплюатацыю 1-га і 2-га энэргаблёкаў атамнай электрастанцыі ў Астраўцы да вырашэньня ўсіх пытаньняў ядзернай бясьпекі.
«Мы бачым, што абодва энэргаблёкі Беларускай АЭС цяпер спыненыя — паведамляецца, што на энэргаблёку № 1 праводзіцца плянавы рамонт, але інфармацыі аб прычынах спыненьня энэргаблёку № 2 вельмі мала», — сказаў кіраўнік Дзяржатамнагляду Літвы Міхаіл Дземчанка.
Паводле яго, Беларуская АЭС увогуле эксплюатуецца з парушэньнямі, пра якія беларускі бок не паведамляе, а праблемы бясьпекі станцыі па-ранейшаму не вырашаюцца.
«Мы чакаем ня толькі афіцыйных заяваў ад рэгулятара суседняй краіны, але і падрабязнай інфармацыі аб практычных намаганьнях па гарантаваньні бясьпекі Беларускай АЭС у адпаведнасьці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі бясьпекі», — падкрэсьліў кіраўнік VATESI.
У Дзяржатамнаглядзе Літвы мяркуюць, што цяпер «безадказны падыход да бясьпекі ўсё часьцей дэманструюць пазаплянавыя спыненьні энэргаблёкаў Беларускай АЭС і зацягваньне тэрмінаў рамонту».
«Беларусь не распаўсюджвае інфармацыю аб прычынах нераўнамернай працы БелАЭС, пазаплянавых адключэньнях блёкаў і іх працяглых рамонтах», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Дзяржатамнагляд Літвы таксама папрасіў беларускі бок адказаць на пытаньні, зьвязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасьцю важнага для бясьпекі абсталяваньня да сэйсьмічных зьяваў ці іншых катастроф і іншымі падобнымі рэчамі.
«Таксама просім даць тлумачэньні па апублікаванай у адкрытым доступе інфармацыі аб забруджваньні контуру ахалоджваньня рэактара 2-га энэргаблёку арганічнымі рэчывамі, забруджваньні радыенуклідамі другога цыркуляцыйнага контуру 1-га энэргаблёка, недахопах у мацаваньні рэактара», — адзначылі ў Дзяржатамнаглядзе Літвы.
Літва таксама настойвае на публікацыі рэкамэндацый, зробленых падчас міжнародных экспэртных місій, і выніках іх выкананьня. Копіі ліста таксама накіравалі ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ), Эўрапейскую камісію, старшыні Эўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бясьпекі (ENSREG) і ў Заходнеэўрапейскую асацыяцыю рэгулятараў ядзернай бясьпекі (WENRA).
Летась у кастрычніку Беларускую АЭС наведаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Па выніках паездкі ён напісаў на сваёй старонцы на плятформе X, што «стаў сьведкам імкненьня станцыі да бясьпечнай і надзейнай працы». Аднак ацэнкі дзейнасьці Беларускай АЭС дагэтуль не апублікаваныя.
У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі сьцьвярджалі, што, паводле ацэнкі МАГАТЭ, «праца БелАЭС адпавядае міжнародным стандартам».
- Будаўніцтва БелАЭС паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, генэральным падраднікам выступіў «Расатам».
- Першы энэргаблёк БелАЭС працуе ў энэргасыстэме Беларусі з 3 лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023 году. У прамысловую эксплюатацыю іх увялі ў чэрвені 2021 і лістападзе 2023 году адпаведна.
- Літва ня раз выказвала занепакоенасьць наконт бясьпекі БелАЭС. Вясной гэтага году ў Вільні правялі вучэньні агульнадзяржаўнага ўзроўню для гарантаваньня цывільнай бясьпекі ў выпадку ядзернай аварыі на станцыі.
Форум