Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінэнэрга Беларусі і Крамлі пракамэнтавалі інфармацыю агенцтва Bloomberg пра небясьпеку АЭС у Астраўцы


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

З заявамі выступілі намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк і прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў публікацыю Bloomberg аб магчымай няштатнай сытуацыі на БелАЭС, якая мела месца ў 2022 годзе, спробай дыскрэдытаваць адносіны Беларусі з Расеяй.

«Чарговая спроба дыскрэдытаваць праз гэты праект нашы добрыя адносіны з нашым старэйшым братам у Расейскай Фэдэрацыі, таму што ў тым становішчы, якое склалася вакол нашых краін, што наша канструктыўнае ўзаемадзеяньне толькі, так бы мовіць, нарошчвае мускулы нашай эканомікі і павышае ўзровень жыцьця нашых людзей», – завіў Міхадзюк у відэакамэнтары, апублікаваным прэс-службай Мінэнерга.

Па словах Міхадзюка, беларускі бок быў адкрыты для міжнародных арганізацый і адказаў на ўсе пытаньні. На ягоную думку, у МАГАТЭ няма прэтэнзіяў да беларускага праекту.

Намесьнік міністра сказаў, што беларускі бок прад'яўляў патрабаваньні да бясьпекі станцыі з самага пачатку.

«Быў створаны, прыняты шэраг нарматыўных дакумэнтаў, і ўсе органы, якія маюць дачыненьне да гэтых спраў, уважліва выконвалі наглядныя функцыі і патрабавальна вельмі падыходзілі да кожнага кроку пры рэалізацыі гэтага праекта. Вядома ж, гэта найскладаны праект: і тэхналягічна складаны, і ў арганізацыйным пляне. На ўсіх стадыях, калі мы недзе нешта бачылі, што можна павысіць, даўдасканаліць, павысіць надзейнасьць з улікам ужо вопыту эксплуатацыі аналягічных станцый, якія выводзіліся, або рэфэрэнтных такіх станцый, мы гэты вопыт прымалі і дапрацоўвалі, дадасканалілі. Таму гэта выклікала некаторыя дадатковыя праверкі, дадатковае абсталяваньне, дзесьці дробныя, праектныя рашэньні ўдасканальваліся. І тут нічога няма дзіўнага», – сказаў ён.

Міхадзюк запэўніў, што якасьць рэалізацыі праекта высокая, штат станцыі поўнасьцю ўкамплектаваны.

Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што знаёмы з публікацыяй Bloomberg, але, на яго думку, тое, што адбылося «нельга назваць няштатнай сытуацыяй, таму што гаворка ідзе аб пуска-наладачных працах, гэты нюанс — самы важны», піша ТАСС.

«Гэта не няштатная сытуацыя падчас працы станцыі, там праводзяцца пуска-наладачныя працы», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў.

  • Днямі амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Bloomberg расказала пра небясьпеку Беларускай АЭС. Паводле выданьня, дакумэнты «Росатома» раскрываюць пагрозу аварыі на АЭС у Астраўцы. Другі энергаблёк Беларускай АЭС зьбіраліся запусьціць яшчэ ўлетку 2022 году, але гэта адклалася да лістапада 2023 году. Bloomberg у сваім матэрыяле называе сярод іншых прычын такой затрымкі праблему з рэактарам, трапленьне ў першы контур рэактара іонаабменных смолаў. Пра такое здарэньне раней паведамляла літоўская выведка.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG