Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Канвэнцыі Espoo заявілі аб невыкананьні Беларусьсю абавязаньняў у эксплюатацыі БелАЭС


Астравецкая АЭС.
Астравецкая АЭС.

Дзявятая сустрэча краін Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансьмежавым кантэксьце (Espoo) завяршылася ў Жэнэве сустрэчай прадстаўнікоў на высокім узроўні. На ёй, як інфармуе reform. by, прынялі паўторнае рашэньне аб БелАЭС.

У сустрэчы ўзялі ўдзел 300 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі урадаў 46 краін, а таксама міжнародных і няўрадавых арганізацый.

Для Літвы найважнейшымі сталі рашэньне аб невыкананьні Беларусьсю сваіх абавязаньняў у Канвэнцыі Espoo пры эксплюатацыі БелАЭС і рашэньне аб неадпаведнасьці нацыянальнага заканадаўства Беларусі гэтай Канвэнцыі.

У рашэньні па БелАЭС бакі Канвэнцыі Espoo аднагалосна пацьвердзілі парушэньні, дапушчаныя Беларусьсю пры распрацоўцы гэтага праекту, абавязалі яе належным чынам стасаваць патрабаваньні Канвэнцыі ў будучыні і адзначылі недастатковы прагрэс у выкананьні рэкамэндацый Камітэту выкананьня Канвэнцыі Espoo.

«У рашэньні аб неадпаведнасьці заканадаўства Беларусі ня толькі канстатуецца факт неадпаведнасьці, але і даюцца рэкамэндацыі аб тым, якія дзеяньні трэба прыняць Беларусі для належнага пераносу патрабаваньняў Канвэнцыі Espoo ў нацыянальнае заканадаўства», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы.

«Літва як суседняя зь Беларусьсю дзяржава вітае гэтыя рашэньні бакоў Канвэнцыі Espoo, што накіраваныя на забесьпячэньне належнага выкананьня ацэнкі транспамежнага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, празрыстых працэдураў і адэкватнага інфармаваньня грамадзкасьці і ўстаноў суседніх краін», — сказала ў камэнтары Рамінта Радавічэне, намесьніца міністра навакольнага асяродзьдзя Літвы, якая была на паседжаньні.

  • 16 сьнежня першы энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку пасьля плянава-папераджальнага рамонту, паведамляе Міністэрства энэргетыкі.
  • Першы энэргаблёк Беларускай АЭС вывелі ў чарговы рамонт 6 кастрычніка, ён доўжыўся 10 тыдняў. Летась такі рамонт праводзілі 198 дзён, хоць папярэдне плянавалі завяршыць за 80.
  • Першы блёк БелАЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня 2021 году. З моманту яго ўключэньня (3 лістапада 2020 году) блёк выпрацаваў каля 18,5 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Як адзначаюць экспэрты, выпрацоўка у 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі.
  • За час сваёй працы першы энэргаблёк БелАЭС спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргію 54,6% часу.
  • Тым часам, ад пачатку працы АЭС электрычнасьць у Беларусі падаражэла на 21–22% залежна ад тарыфу.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG