Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект пратаколу аб унясеньні зьмяненьняў у міжурадавае пагадненьне з Расеяй аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве Беларускай АЭС, піша «Позірк». Базавую дамову заключылі 15 сакавіка 2011 году.
Згодна з указам № 346 ад 2 лістапада, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 10 лістапада, праект пратаколу ўхвалены «ў якасьці асновы для перамоваў». Правесьці іх Лукашэнка ўпаўнаважыў Савет Міністраў.
У дзень падпісаньня ўказу ўрад сваёй пастановай № 760 даручыў правесьці гэтыя перамовы міністру энэргетыкі Віктару Каранкевічу.
Адна пры гэтым сутнасьць зьмяненьняў не раскрываецца. Адметна, што 1 лістапада спэцкамісія на чале з намесьнікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам падпісала акт прыёмкі ў эксплюатацыю другога энэргаблёку БелАЭС. На гэтым пабудова атамнай станцыі завяршылася.
Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня 2023 году.