Лукашэнка папрасіў у Расеі кампэнсацыі за адкладаньне запуску Астравецкай АЭС

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пра гэта беларускі палітык заявіў 31 кастрычніка, слухаючы даклад пра завяршэньне будаўніцтва АЭС.

Беларусь паставіла перад расейскім бокам пытаньне аб кампэнсацыях у сувязі зь пераносам тэрмінаў уводу ў эксплюатацыю БелАЭС. Аляксандар Лукашэнка заявіў аб гэтым, прымаючы даклад аб завяршэньні будаўніцтва БелАЭС і павышэньні даступнасьці электраэнэргіі для ацяпленьня жылых дамоў. Словы Лукашэнкі перадае БелТА.

«У нас крыху зьмяніліся тэрміны ўводу ў эксплюатацыю атамнай станцыі праз расейскі бок. Натуральна, паводле дамовы мы паставілі перад імі пытаньне аб кампэнсацыях. Гэтага хаваць ня трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытаньні пастаўлены ў сувязі з тым, што парушаны тэрміны ўводу станцыі, і адказнасьць за гэта нясе расейскі бок. Яны нам прапанавалі варыянты і па цане на сьвежае ядзернае паліва — як для расейцаў, як для сваіх станцый. І тэрмін гарантыйны на 5 гадоў (на асноўныя вузлы. — заўвага БелТА)».

Пры гэтым фактычны кіраўнік Беларусі адзначыў, што «залішне напружваць» расейцаў яму ня хочацца.

«Гэта вы мне сёньня раскажаце, ці задавальняе гэта беларускі бок. Мы, вядома, залішне не павінны напружваць расейцаў: электрычнасьці ў нас хапала і хапае, але дамова ёсьць дамова. І ці дастатковыя тыя саступкі, якія зрабілі расейцы, „Расатам“, для беларускага боку», — дадаў Лукашэнка.

​
XS
SM
MD
LG