МНС выдала ліцэнзію на прамысловую эксплюатацыю другога блёку БелАЭС

БелАЭС. Архіўнае фота
БелАЭС. Архіўнае фота

Міністэрства надзвычайных сытуацый на пасяджэньні калегіі 24 кастрычніка выдала ліцэнзію на прамысловую эксплуатацыю другога энэргаблёку Беларускай АЭС.

«МНС пераканаўся, што ўстаноўленыя праектам межы і ўмовы бясьпечнай эксплюатацыі станцый пацьверджаныя і абгрунтаваныя, а рашэньні, закладзеныя ў эксплюатацыйнай і аварыйнай дакумэнтацыі, адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі, — паведамляе прэс-служба ведамства. — Выдачай ліцэнзіі на эксплюатацыю энэргаблёку № 2 завяршаецца шматгадовая праца ўсіх зацікаўленых у стварэньні сучаснай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі ў нашай краіне».

Цяпер камісія на чале зь віцэ-прэм’ерам Пятром Пархомчыкам павінна ацаніць абʼект і вырашыць, ці зацьвярджаць акт прыёмкі другога блёку БелАЭС.

Пры вырашэньні такога ж пытаньня ў чэрвені 2021 года ў першым блёку ад выдачы ліцэнзіі да падпісаньня акту прайшло 8 дзён.

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) у асноўным за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праектавальнікам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёну расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом».

Першы энергаблёк сілкуе энэргасыстэму з 3 лістапада 2020 году. 6 кастрычніка 2023 года на абʼекце пачаўся чарговы плянава-прафіляктычны рамонт. Падчас сваёй працы блёк адключаецца ад сеткі.

Другі блёк працуе ў рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі з выпрацоўкай электраэнэргіі з 13 траўня гэтага году. У сярэдзіне кастрычніка завяршыліся фінальныя 15-дзённыя выпрабаваньні яго абсталяваньня, вынікі якіх у «Росатоме» ацанілі станоўча.

​
XS
SM
MD
LG