Тэхнічны адміністратар зоны .BY «ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (beCloud) зьняў зь сябе адказнасьць за наступствы набыцьця дамэнных імёнаў на дабрачынным аўкцыёне. Пра гэта кампанія папярэдзіла пакупнікоў у спэцыяльным звароце, піша Reform. by.
Адміністратар паведамляе, што «не нясе адказнасьці за наступствы набыцьця ў выніку аўкцыёну права на рэгістрацыю дамэннага імя, уключанага ў пералік ідэнтыфікатараў інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны» ў адпаведнасьці з пастановай ААЦ, Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі ад 3 кастрычніка 2018 году (№ 8/10/6).
Ідзецца і пра заблякаваныя ў Беларусі СМІ. Рашэньне тычыцца і якога-хаця прададзенага на аўкцыёне дамэну, які ёсьць «ідэнтыфікатарам інфармацыйнага рэсурсу, уключанага ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Звычайны карыстальнік, піша Reform. by, ня мае доступу да сьпісу заблякаваных дамэнаў, і патэнцыйны пакупнік ня можа загадзя ведаць, ці дамэн «таксычны». Колькасьць такіх дамэнаў у Беларусі імкліва расьце, а валоданьне такім актывам можа пацягнуць і крымінальную адказнасьць.
Найбліжэйшы аўкцыён адбудзецца 14 жніўня. У сьпісе на продаж 1244 дамэнныя імя. Усе атрыманыя сродкі (за выняткам кошту рэгістрацыі дамэнаў) будуць накіраваныя на падтрымку дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, паведаміў beCloud.
- Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнту Беларусі выпцсьціў загад ад 25 жніўня 2021 году № 138, паводле якога з 1 студзеня 2022 году функцыі тэхнічнага адміністратара перайшлі да СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі».
- Перад гэтым 10 гадоў тэхнічным адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны было ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster. by). Кампанія адказвала за працу нацыянальнай дамэннай зоны .BY і .БЕЛ: ад падтрымкі рэестру і DNS-сэрвэраў да правядзеньня дабрачынных аўкцыёнаў дамэнаў.
- Раніцай 18 траўня 2021 году ў офісы Tut.by і Hoster.by прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Пазьней стала вядома, што ДФР распачаў супраць службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). У красавіку 2023 году справу закрылі.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».