У Расеі затрымалі былога «вагнэраўца» з падазрэньнем у масавым забойстве

Затрыманы Ігар Сафронаў
Затрыманы Ігар Сафронаў

Затрыманы раней адбываў вялікі тэрмін пакараньня ў калёніі за замах на забойства, разбой і крадзяжы.

У Карэліі паводле падазрэньня ў забойстве шасьці грамадзян арыштавалі былога найміта расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр» Ігара Сафонава, які нядаўна вярнуўся з вайны ва Ўкраіне.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Север.Реалии», 37-гадовы мужчына быў раней суджаны.

Целы шасьці жыхароў вёскі Дзеравяннае Прыанескага раёну Карэліі знайшлі ў двух прыватных дамах на адлегласьці 200 мэтраў. Усе былі з нажавымі раненьнямі. У першым будынку знайшлі целы бацькі і сына, а ў другім — трох мужчын і жанчыны. Абодва будынкі спрабавалі спаліць, каб схаваць сьляды злачынства.

Праз шэсьць гадзін паліцыя затрымала падазраваных — згаданага Ігара Сафонава і 38-гадовага Максіма Бачкарова.

Абодва раней адбывалі працяглыя тэрміны пакараньня ў адной калёніі: першы — за замах на забойства, разбой і крадзяжы, а другі за згвалтаваньне, разбой і крадзяжы. Менавіта ў калёніі Сафонава завэрбавалі ў ПВК «Вагнэр» і адправілі ва Ўкраіну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Пасьля гэтага Сафонава памілавалі паводле ўказу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Летась уласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын асабіста вэрбаваў наймітаў у калёніях Расеі. Усе, хто пагаджаўся ваяваць, мусілі паўгоду знаходзіцца на перадавой, ім пад пагрозай расстрэлу забаранялі адступаць і здавацца ў палон. Тым, хто праз паўгоду заставаўся жывым, абяцалі выхад на волю. Такім чынам у ПВК «Вагнэр», паводле розных ацэнак, завэрбавалі ад 50 да 70 наймітаў. Пазьней Яўгеній Прыгожын заяўляў, што каля 32 тысяч вагнэраўцаў вярнуліся з фронту і атрымалі памілаваньне.

​
XS
SM
MD
LG