Капітан Ігар Валачылаў, бартавы мэханік расейскага вайсковага самалёта Іл-22, які зьбілі вагнэраўцы ў часе свайго мяцяжу, паходзіў зь Беларусі.
Як стала вядома Свабодзе, ён нарадзіўся ў пасёлку Балабасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году. У 1996 годзе скончыў Стаўрапольскае вышэйшае авіяцыйнае інжынэрнае вучылішча. З 2015 году служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласьці Расеі.
Вядома, што да сваёй гібелі ў часе мяцяжу вагнэраўцаў Ігар Валачылаў выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Ўкраіне.
Яго пахавалі на гарадзкіх могілках у расейскім горадзе Іванава.
24 чэрвеня 2023 году самалёт Іл-22 зьбілі пад Варонежам у часе супрацьстаяньня з вагнэраўцамі, якія на чале зь Яўгеніем Прыгожыным выйшлі на так званы «марш справядлівасьці» супраць вайсковага кіраўніцтва Расеі. Увесь экіпаж загінуў.