Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў гісторыі журналістаў заходніх СМІ не акрэдытавалі на Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум


Расейскія ўлады ня будуць акрэдытоўваць журналістаў з так званых «недружалюбных краінаў» для асьвятленьня Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму.

Упершыню за ўсю гісторыю мерапрыемства з 2006 года на ім ня будзе ніводнага заходняга карэспандэнта, паведамляе The Bell.

Паводле інфармацыі выданьня, журналісты двух найбуйнейшых заходніх выданьняў хацелі зарэгістравацца для ўдзелу ў мерапрыемстве. 1 чэрвеня ім прыйшло пацьвярджэньне заяўкі, але ўжо на наступны дзень ім прыйшло паведамленьне аб адкліканьні акрэдытацыі без тлумачэньня прычын. The Bell не раскрывае назвы СМІ, якія атрымалі адмову.

Прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў The Bell, што расейскія ўлады сапраўды вырашылі сёлета не запрашаць на форум у Санкт-Пецярбургу журналістаў зь «недружалюбных» дзяржаў. Аб прычынах Пяскоў не расказаў.

У 2021 годзе форум асьвятляла тысяча СМІ з 46 краінаў.

  • Масква прызнала «недружалюбнымі» ўсе краіны Эўразьвязу, ЗША і Канаду, Вялікую Брытанію, Японію, Паўднёвую Карэю і іншыя. Усе яны ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі за яе вайну супраць Украіны.
  • Пецярбурскі эканамічны форум адбудзецца з 14 па 17 чэрвеня. Галоўнай тэмай сёлета стане «Сувэрэннае разьвіцьцё — аснова справядлівага сьвету». Прадстаўнікі краінаў Захаду сярод выступоўцаў амаль не заяўленыя. У сьпісе сьпікераў прадстаўлены кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG