Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму, нягледзячы на санкцыі, пасьля пачатку вайны з Расеі сышлі менш за 10% заходніх кампаній? Вынікі швайцарскага дасьледаваньня


Многія заходнія кампаніі далей вядуць бізнэс у Расеі, нягледзячы на санкцыі і ціск з боку палітыкаў. Менш за 10% фірмаў з Эўразьвязу і краін «Вялікай сямёркі» прадалі свае расейскія актывы пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Такія высновы зрабілі дасьледчыкі з двух швайцарскіх унівэрсытэтаў.

Швайцарская статыстыка

«Калі доля заходніх фірмаў, якія сыходзяць, значна ня вырасьце ў бліжэйшыя два гады, гэта паставіць пад сумнеў гатоўнасьць або здольнасьць заходніх фірмаў адлучацца ад тых юрысдыкцый, якія іх урады лічаць геапалітычнымі супернікамі», — да такой высновы прыходзіць Сайман Эвэнэт з унівэрсытэту Санкт-Галена разам са сваім суаўтарам Нікалё Пізані.

Аўтары публікацыі разгледзелі прыкладна 1400 кампаній, у якіх былі даччыныя прадпрыемствы ў Расеі да пачатку 2022 году. Да лістапада 2022 году толькі 120 прадалі хаця б адну «дачку». Гэта 8,5%.

«Велізарная колькасьць кампаній, якія спачатку, мабыць, спрабавалі калі не працягнуць нармальную дзейнасьць, то, можа, замарозіць яе на нейкім узроўні. Думаю, працэс сыходу паволі ідзе. Хтосьці проста шукае магчымасьць выхаду без парушэньня кантрактаў, хтосьці чакае, што ў яго скончыцца кантракт, а новага ня будзе, нехта пачынае лічыць грошы і рызыкі», — кажа эканаміст Мікалай Кульбака.

Украінскія лічбы

Зробленыя ў Швайцарыі дасьледаваньні — не адзіныя працы пра сыход бізнэсу з Расеі. Кіеўская школа эканомікі налічыла ў Расеі тры тысячы замежных кампаній. Цалкам прадалі свой бізнэс толькі 177 зь іх. Гэта менш за 6%. Мэтады падлікаў ва ўкраінскіх і швайцарскіх вучоных розныя.

«Калі сапраўды прадалі бізнэс, мы прысвойваем статус толькі на аснове аналізу зьменаў у рэестрах, а ня проста ў прэс-рэлізах і на словах. Мы бачылі, як кампаніі, якія заявілі, што выйшлі, насамрэч проста сказалі, што выйдуць. Але ў цэлым, як ні дзіўна, парадак лічбаў прыблізна адпавядае рэчаіснасьці, калі браць нашы дадзеныя», — кажа дата-аналітык Кіеўскай школы эканомікі Аляксей Грыбаноўскі.

Статыстыка Ейльскага ўнівэрсытэту

Свой сьпіс кампаній, якія сышлі з Расеі, вядзе і Ейльскі ўнівэрсытэт. Там налічылі больш за тысячу фірмаў, якія абвясьцілі, што ня будуць весьці бізнэс у Расеі. Але ступень іх рашучасьці адрозьніваецца. Нехта цалкам прадаў актывы, а нехта проста адмовіўся ад новых інвэстыцый.

«Nestle, фармацэўтычныя гіганты, рытэйлеры, як „Ашан“, і іншыя — яны ўсе, з аднаго боку, не зьяўляюцца прадстаўнікамі стратэгічных галін. Вялікай шкоды для эканомікі РФ ня будзе, калі яны сыдуць. Але прынцыпы, дзеля якіх яны кажуць, што застаюцца, — такія крыху зьдзеклівыя. Мы павінны забясьпечваць спажыўцоў у Расеі таварамі крытычнай неабходнасьці. Шакалядкамі, напрыклад!» — працягвае тлумачыць Аляксей Грыбаноўскі.

Чыньнікі могуць быць розныя. Нейкі бізнэс не падпадае пад фармальныя абмежаваньні. Або ўладальнікі вырашылі, што ад іх пакупнікоў у Расеі не залежала рашэньне, ці ўрывацца ва Ўкраіну, гаворыцца ў швайцарскім дасьледаваньні. Нехта проста не знайшоў, каму прадаць актывы. Або сутыкнуўся зь перашкодамі з боку расейскіх уладаў. Урэшце, гэта проста дорага. З прычыны таго, што француская кампанія Danone пазбавіцца ад трынаццаці фабрык у Расеі, ёй давядзецца сьпісаць мільярд эўра.

«Авіяцыя і аўтамабілебудаваньне. Гэта дзьве галіны, у якіх расейская эканоміка пацярпела больш за ўсё. Таму што там вялікія аб’ёмы, там задзейнічана дастаткова вялікая колькасьць людзей. Тое, што я сам глядзеў і лічыў па аўтамабілях: пад рызыку больш дарагога рамонту і больш дарагога абслугоўваньня падпадаюць больш за дванаццаць мільёнаў машын. Гэта вельмі шмат», — дзеліцца сваімі назіраньнямі эканаміст Мікалай Кульбака.

Сышлі ня вельмі пасьпяховыя

Можа, фірмаў сышло мала, але менавіта яны больш за ўсё ўкладалі ў Расею? Аўтары дасьледаваньня лічаць, што гэта ня так. Прадалі актывы пераважна тыя, хто і так недаатрымаў прыбытак. І пры гэтым у іх было шмат супрацоўнікаў.

«Адначасова ідзе зьніжэньне прыбытковасьці і павышэньне рызык. Гэта прыводзіць да таго, што фірмы пачынаюць думаць і лічыць. Найбольш, скажам так, слабыя сыходзяць хутчэй. Наймацнейшыя, можа, спрабуюць утрымацца. Вядома, для людзей гэта цяжэй, чым для фірмаў. У фірмаў таксама будуць страты. Але людзі, якія працавалі ў сур’ёзных замежных кампаніях і раптам засталіся бяз працы, — для іх гэта праблема», — працягвае Мікалай Кульбака.

А вось вытворцы ў сфэры сельскай гаспадаркі або здабычы карысных выкапняў адмаўляюцца ад сваіх укладаньняў у Расею зь вялікай неахвотай. Дарэчы, некаторыя фірмы пакідаюць шчыліну: магчымасьць выкупіць бізнэс зваротна. Для аўтаканцэрну Nissan такая агаворка ў кантракце дзейнічае на працягу шасьці гадоў, для Макдоналдса — пятнаццаці. Гэта значыць, сыходзяць не назаўжды.

Большасьць тых, хто застаўся, — зь Нямеччыны

Паводле дасьледаваньня, большасьць заходніх кампаній, якія працягваюць актыўна працаваць у Расеі, — зь Нямеччыны. А вось амэрыканскія кампаніі прадавалі долі ў расейскім бізнэсе часьцей, чым фірмы з Эўразьвязу і іншых краін «Вялікай сямёркі». Але завяршыла выхад з Расеі толькі кожная пятая.

  • За першыя тры месяцы пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, на фоне жорсткіх санкцый Захаду ў дачыненьні да Масквы, сотні карпарацый і брэндаў абвясьцілі аб прыпыненьні бізнэсу або сыходзе з Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG