Літва зьвярнулася ў МНС Беларусі: просіць спыніць АЭС пасьля паведамленьняў пра дэфэкты

Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Атамную электрастанцыю ў Астраўцы просяць не эксплюатаваць да таго часу, пакуль ня будуць вырашаны ўсе пытаньні ядзернай бясьпекі.

Літоўская дзяржаўная інспэкцыя ў бясьпецы атамнай энэргетыкі паведаміла, што яшчэ 25 траўня накіравала ліст у МНС Беларусі з заклікам спыніць эксплюатацыю і пуск 1-га і 2-га энэргаблёкаў Беларускай АЭС, піша Delfi.

Літоўская інспэкцыя просіць беларускія органы патлумачыць апублікаваную інфармацыю аб тым, што контур ахаладжэньня рэактару 2-га энэргаблёку станцыі быў забруджаны арганічнымі рэчывамі, а другаснага цыркуляцыйнага контуру 1-га энэргаблёку — радыянуклідамі. Інспэкцыя таксама запытвае тлумачэньні аб заганах мацаваньня корпусу рэактару, а таксама аб выяўленых дэфэктах і незавершаных работах.

«Мэта — атрымаць ад Беларусі інфармацыю аб вызначаных лімітавых значэньнях актыўнасьці радыянуклідаў, якія выкідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе. Інспэкцыя таксама заклікае МНС і іншыя адказныя ўстановы Беларусі апублікаваць рэкамэндацыі, прад’яўленыя падчас міжнародных экспэртных місій, і вынікі іх выкананьня, даць дадатковую інфармацыю, якая неабходная для больш дакладнага прагназаваньня магчымых аварыйных выкідаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Копіі ліста адправілі ў МАГАТЭ, Эўрапейскую камісію, Эўрапейскую групу па наглядзе ў сфэры ядзернай бясьпекі (ENSREG) і Асацыяцыю заходнеэўрапейскіх органаў рэгуляваньня ядзернай бясьпекі (WENRA).

​
XS
SM
MD
LG