Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША падтрымалі рэзалюцыю аб спэцтрыбунале за агрэсію Расеі супраць Украіны


Будынак Капітолія ЗША ў Вашынгтоне. Архіўнае фота
Будынак Капітолія ЗША ў Вашынгтоне. Архіўнае фота

Камітэт замежных спраў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласаваў 16 траўня за рэзалюцыю з заклікам прэзыдэнта ЗША падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу для пакараньня Расеі за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

Дакумэнт накіравалі на разгляд Палаты прадстаўнікоў, паведамляе «Голас Амэрыкі». Праект рэзалюцыі падаў кангрэсмэн-дэмакрат Біл Кітынг у суаўтарстве з 25 кангрэсмэнамі ад дзьвюх вядучых партый ЗША.

Прадстаўляючы рэзалюцыю перад камітэтам, Біл Кітынг адзначыў, што яна зьяўляецца адным з дакумэнтаў, якія маюць вырашальнае значэньне як для ўнутраных, так і для міжнародных намаганьняў у прыцягненьні расейскага ўраду да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека.

Старшыня Камітэта замежных спраў Палаты прадстаўнікоў, кангрэсмэн-рэспубліканец Майкл Маккол, заявіў, што перад прыняцьцем рэзалюцыі кангрэсмэны мелі магчымасьць заслухаць генэральнага пракурора Ўкраіны Андрэя Косьціна, а таксама на свае вочы ўбачыць ваенныя злачынствы.

«Я падтрымліваю гэтую пастанову. Мы пачулі ад генэральнага пракурора Ўкраіны аб жудасных зьверствах. У мяне была магчымасьць пабываць зь ім у Бучы, убачыць месцы масавых пахаваньняў, дзяцей, расстраляных у патыліцу, пяцігадовых, згвалтаваных да сьмерці групай Вагнэра, акупацыю тэрыторый, вываз дзяцей з дамоў, разбомбленыя радзільныя дамы і іншыя цывільныя аб’екты, парушэньні ўсіх Жэнеўскіх канвэнцый, таму я лічу спэцыяльны трыбунал дарэчным», — сказаў Маккол.

Згодна з праектам рэзалюцыі:

  • Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рашуча асуджае поўнамаштабнае ўварваньне Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну;
  • падтрымлівае народ Украіны ў яго барацьбе за свабоду, незалежнасьць і дэмакратыю;
  • падкрэсьлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах;
  • лічыць, што існуюць важкія доказы таго, што асобныя лідэры Расеі вінаватыя ў зьдзяйсьненьні злачынства агрэсіі супраць Украіны, што патрабуе належнага судовага рашэньня міжнароднай супольнасьці;
  • прызнае неабходнасьць стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу ў справе аб злачынствах агрэсіі супраць Украіны;
  • вызначае пагадненьне паміж Украінай і ААН пасьля станоўчага галасаваньня Генэральнай Асамблеі ААН як адзін з варыянтаў стварэньня міжнароднага трыбуналу;
  • заклікае прэзыдэнта ЗША прыняць усе даступныя захады для падтрымкі стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу для злачынстваў агрэсіі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG