Другі энэргаблёк БелАЭС падключылі да энэргасыстэмы Беларусі

Другі энэргаблёк Беларускай АЭС 13 траўня ў 13:24 пачаў выдаваць першыя кіляват-гадзіны электраэнэргіі ў энэргасыстэму краіны, паведаміла 13 траўня прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі.

«Усе тэхналягічныя апэрацыі выкананыя ў адпаведнасьці з рэглямэнтам, з захаваньнем неабходных патрабаваньняў бясьпекі», — адзначае ведамства.

Далей спэцыялісты «працягнуць паэтапнае асваеньне магутнасьці рэактара блёка да 100%», пасьля чаго пачнецца пераход да этапу яго досьледна-прамысловай эксплуатацыі, які прадугледжвае «шырокі спэктар выпрабаваньняў тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня на розных рэжымах працы блёка, у тым ліку зь яго адключэньнем ад сеткі».

Ад моманту ўхваленьня Дзяржатамнаглядам пачатку энэргетычнага пуску другога энэргаблёку БелАЭС да пачатку выдачы электрычнасьці прайшло 38 дзён. У выпадку зь першым блёкам БелАЭС паміж гэтымі падзеямі было 11 дзён.

  • Другі энэргаблёк БелАЭС плянуюць увесьці ў прамысловую эксплюатацыю ў кастрычніку 2023 году. 25 сакавіка яго вывелі на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасьці — 1% ад намінальнай.
  • 31 сакавіка 2023 году Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту з патрабаваньнем спыніць БелАЭС да вырашэньня ўсіх пытаньняў ядзернай бясьпекі, выяўленых міжнароднымі місіямі. Гэта адбылося пасьля апублікаваньня дакладу літоўскай выведкі, якая заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках Беларускай АЭС.
  • Міністэрства энэргетыкі Беларусі адпрэчыла даклад літоўскай выведкі, назваўшы яго «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • У 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргію 54,6% часу. З моманту запуску станцыя прастойвала палову часу, вынікае са справаздачнасьці МАГАТЭ.

​
XS
SM
MD
LG