Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі ядзерныя ракеты зьявяцца ў Беларусі? Думкі экспэртаў

абноўлена

Пускавая ўстаноўка «Тополь» на выставе ў Маскоўскай вобласьці, 2014
Пускавая ўстаноўка «Тополь» на выставе ў Маскоўскай вобласьці, 2014

Мы задалі пытаньні аб пэрспэктывах і наступствах абвешчанага разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі тром экспэртам з рознымі поглядамі на гэту праблему. Нам адказалі: амэрыканскі гісторык, аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расею» Юрый Фяльштынскі; аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў; акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, палітоляг Пётра Рудкоўскі.

Юрый Фяльштынскі: Ад разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі да нанясеньня ядзернага ўдару часавая дыстанцыя — усяго некалькі гадзін

— Вы даволі даўно і пасьлядоўна заяўлялі, што Расея зьбіраецца разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, каб менавіта з тэрыторыі Беларусі нанесьці ядзерны ўдар па эўрапейскіх краінах. Чаму ў вас была такая ўпэўненасьць? Вы мелі пэўныя крыніцы інфармацыі ці гэта проста абстрактны аналіз сытуацыі?

— Крыніцы інфармацыі ў нас ва ўсіх адны і тыя ж — заявы расейскага і беларускага кіраўніцтва плюс нейкія выказваньні расейскіх і беларускіх прапагандыстаў, якія на ўтрыманьні ў сваіх гаспадароў. Ніякіх іншых крыніц інфармацыі ў нас няма, ды нам яны і не патрэбны. Усё адбываецца на нашых вачах. Лукашэнка год таму вывеў Беларусь зь бязьядзернага статусу. Ён жа неаднаразова казаў, што зьвернецца да Расеі з просьбай «вярнуць» ядзерную зброю, якую Расея вывезла ў 1995 годзе на падставе дамоўленасьцяў, дасягнутых з Украінай і Беларусьсю ў 1994 годзе («Будапэшцкі мэмарандум»).

Юрый Фяльштынскі
Юрый Фяльштынскі

Лукашэнка неаднаразова гаварыў, што Польшча і Літва нясуць пагрозу для Беларусі, і ў тым ліку ядзерную пагрозу (што чыстая хлусьня, але ён гэта казаў). Пасьля апошняга візыту Пуціна ў Менск Лукашэнка паведаміў, што беларускія самалёты будуць у Расеі пераабсталяваныя пад «спэцыфічныя боепрыпасы» (ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі), якія будуць усталяваныя на беларускіх самалётах. Гэтыя самалёты былі адпраўленыя ў Расею і былі там адпаведным чынам мадэрнізаваныя. І вось зараз Пуцін абвясьціў, што так, Расея перадысьлякуе ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі для беларускіх самалётаў і «Іскандэры» ў Беларусь, дзе гэтая ядзерная зброя будзе знаходзіцца пад кіраваньнем і кантролем расейскага Міністэрства абароны.

Гэта ўсё адбылося на нашых вачах цягам апошняга году, і заключны акорд ужо прагучаў. Справа ў тым, што ад разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі да нанясеньня ядзернага ўдару часавая дыстанцыя — усяго некалькі гадзін. Так што часу для прэвэнтыўнага рашэньня ўзьніклай пагрозы ў нас вельмі мала.

— Некаторыя спэцыялісты заяўляюць, што ўсё гэта досыць нерэальна — да 1 ліпеня падрыхтаваць усё неабходнае для разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. І яны робяць выснову, што гэтая заява Пуціна хутчэй палітычная, чым рэальная. Што вы на гэта скажаце?

— Пра «1 ліпеня» мы пачулі з вуснаў Пуціна, і я б гэтую дату ўвогуле ігнараваў. «Сховішчаў» для ядзернай зброі будаваць увогуле ніякай неабходнасьці няма. Калі зараз нешта і будуць узводзіць у Беларусі «да 1 ліпеня», дык гэта бамбасховішчы для кіраўніцтва краіны, паколькі трэба будзе чакаць зваротнага ўдару па Беларусі сіламі NATO. Пуцін рыхтаваўся да апэрацыі па нанясеньні ядзернага ўдару па Эўропе з сакавіка мінулага году. У Беларусі даўным-даўно ўсё падрыхтавана для выкарыстаньня ядзернай зброі і для яе захоўваньня.

Так што «1 ліпеня» з вуснаў Пуціна можа аказацца адкрытай дэзынфармацыяй, каб «спэцыялісты» зараз разважалі, што пасьпее, а чаго не пасьпее зрабіць Расея да 1 ліпеня, і ці азначае гэта, што да 1 ліпеня «сапраўды» нічога не адбудзецца. Я б ня быў у гэтым так ужо ўпэўнены. Да 1 ліпеня шмат чаго можа адбыцца.

Калі б Пуцін хацеў перакінуць ядзерную зброю бліжэй да эўрапейскіх межаў у рамках «палітычнай заявы», як вы кажаце, ціску, шантажу, яму ня трэба было б разьмяшчаць ядзерную зброю ў іншай дзяржаве, у Беларусі, парушаючы, дарэчы кажучы, дамову 1995 году аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, членам якой Расея зьяўляецца (таму Пуцін і падкрэсьліў, што гэта не перадача Беларусі ядзернай зброі, а перамяшчэньне падкантрольнай Расеі ядзернай зброі ў Беларусь). У рамках «палітычнай заявы», блефу і шантажу Пуцін перакінуў бы гэтую зброю ў Калінінградзкую вобласьць. Адтуль (паглядзіце на карту) і Польшчы можна пагражаць, і Літве, і Швэцыі зь Фінляндыяй, якой, між іншым, расейскае кіраўніцтва толькі што пагражала «сьмяротнымі наступствамі», калі яны ўступяць у NATO, і ўсёй астатняй Эўропе.

— Вы лічыце, што ніякі варыянт гандлю з Лукашэнкам ужо немагчымы? Няма такой прапановы, ад якой ён «ня зможа адмовіцца»? Чаму? Таму, што гэта ўсё той жа Лукашэнка, ці таму, што ён сёньня проста занадта залежны ад Расеі і ўжо нічога не вырашае, — ва ўсякім разе, у такіх сур’ёзных пытаньнях?

— Мы ўжо перайшлі тыя межы, дзе магчымыя былі таргі і перамовы. Ня можа цяпер быць ніякіх таргоў ні з Пуціным, ні з Лукашэнкам. З Пуціным перамоваў ня можа быць, таму што ён ваенны злачынца, які знаходзіцца пад міжнародным ордэрам на арышт. З Лукашэнкам — таму што няма больш такога дзяржаўнага дзеяча ці нават дыктатара Лукашэнкі. Ёсьць дзяржаўны злачынца — здраднік беларускага народу, правакатар і здраднік, гатовы загубіць Беларусь у інтарэсах Пуціна, нават не Расеі (таму што ўсё, што робіць Пуцін, робіцца на шкоду інтарэсам Расеі, а менавіта ў інтарэсах Пуціна).

Рыгор Ніжнікаў: Дзьве асноўныя мэты: першая — замацаваць сваю прысутнасьць у Беларусі, другая — шантаж Захаду

— Намер разьмясьціць расейскую ядзерную зброю ў Беларусі неяк мяняе стратэгічную абстаноўку ў рэгіёне? Ці можна сказаць, што гэта стратэгічная гульня Расеі, у якой Лукашэнка самастойнай ролі не выконвае?

— Найперш трэба глядзець, хто прымаў рашэньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі. Толькі Масква. Для чаго гэта Крамлю? Тут магчымыя тры варыянты. Першы — у Расеі могуць лічыць, што гэта можа працягнуць уладу Лукашэнкі, умацаваць ягоны рэжым. Другі — наадварот, Расея проста замацоўвае сваю інстытуцыйную прысутнасьць у Беларусі.

Рыгор Ніжнікаў
Рыгор Ніжнікаў

Расея з разьмяшчэньнем ядзернай зброі фактычна стварае ў Беларусі сваю паўнавартасную вайсковую базу. Па-трэцяе, Масква пасылае сыгнал Захаду. Гэта крок у кірунку эскаляцыі сытуацыі, бо яе ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне ўжо не ўспрымаюцца як сур’ёзная пагроза. Так што гэта справа расейска-заходніх адносінаў, гэта не пра Лукашэнку.

— Гучаць таксама думкі, што Расея хоча разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю, каб пагражаць ядзернымі ўдарамі па Эўропе з тэрыторыі Беларусі. Магчымасьці прымяненьня Расеяй тактычнай ядзернай зброі абмяркоўваюцца фактычна ад пачатку вайны. Як вы ставіцеся да гэтай імавернасьці?

— Стаўлюся дастаткова скептычна, лічу гэта вельмі малаімаверным — ня толькі выкарыстаньне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, а ўвогуле гатовасьць Расеі да выкарыстаньня ядзернай зброі. Я думаю, гэта пакуль з разраду фантастыкі. І тут вельмі простае пытаньне: ці магла б Масква зрабіць гэта (выкарыстаць ядзерную зброю) без разьмяшчэньня яе на тэрыторыі Беларусі? Так. Проста можна было паслаць самалёт у беларускую паветраную прастору і зрабіць гэта. Таму я ня бачу ніякай лёгікі ў гэтым аргумэнце.

— А сама ідэя разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі — гэта, на вашу думку, рэальнасьць ці толькі палітычны шантаж?

— Я думаю, гэта якраз рэальнасьць: лічу, Масква гэта зробіць. Ня ведаю, ці ўдасца гэта зрабіць да 1 ліпеня, але раней ці пазьней яны, хутчэй за ўсё, гэта зробяць. І тут дзьве асноўныя мэты — замацаваць сваю прысутнасьць у Беларусі і шантаж Захаду. І для Пуціна тут ужо будзе пытаньне прынцыпу: калі Захад адмовіўся на гэта адказваць, фактычна праігнараваў, ня выставіў ніякіх сустрэчных прапаноў, то Масква ўжо абавязкова гэта зробіць.

Візыт Лукашэнкі ў Маскву і візыт Шайгу ў Менск, па-мойму, даказваюць, што практычная падрыхтоўка да гэтага ўжо вядзецца.

Пётра Рудкоўскі: Лукашэнка можа спадзявацца, што ў нейкай сытуацыі здольны перахапіць кантроль над ядзернай зброяй

— Ці лічыце вы дастаткова рэалістычным разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі? І які асноўны сэнс для Масквы і Менску ў гэтай ідэі?

— Цягам апошняга году і ад Пуціна, і ад Лукашэнкі можна было пачуць шмат самых грозных меркаваньняў, у тым ліку, напрыклад, пра намер «усімі сродкамі» абараняць тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі, у якую, з пункту гледжаньня Крамля, уваходзіць і Херсон. І дагэтуль і Пуцін, і Лукашэнка не вызначаліся асаблівай павагай да сваіх заяваў, таму шмат іхных словаў абясцэнілася, асабліва цягам апошняга году.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Аднак гэтым разам, у гэтай тэме, як я мяркую, існуе даволі вялікая імавернасьць, што ядзерная зброя ўсё ж будзе разьмешчаная ў Беларусі. На сёньня імавернасьць гэтага я б ацаніў як 60 на 40. Крамлю патрэбен нейкі жэст, але разам з тым не настолькі незваротны, які не пацягнуў бы нейкіх надта незваротных наступстваў.

— Часам гучаць такія вэрсіі, што ядзерная зброя ў Беларусі патрэбна Крамлю не для палітычнага шантажу, але для больш канкрэтнай мэты — нанясеньня ўдару тактычнай ядзернай зброяй з тэрыторыі Беларусі.

— Як мне здаецца, калі б Крэмль рашыўся ажыцьцявіць прымяненьне ядзернай зброі і ўвесь ланцужок выканаўцаў пагадзіўся б гэта выканаць, то гэта адбылося б незалежна ад разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі. Асноўная мэта гэтага кроку — падвысіць трывожнасьць грамадзкай думкі на Захадзе, каб праз гэта ўплываць на рашэньні элітаў. Іншымі словамі, гэта такі чарговы псыхалягічны манэўр.

Аднак гэта не азначае, што пагрозы прымяненьня ядзернай зброі зусім няма. Ёсьць, але беларускі момант тут ня мае вырашальнага значэньня.

— А для чаго гэта Лукашэнку? Ён успрымае гэту расейскую ядзерную зброю як нейкі «парасон», які ахоўвае ягоную ўладу і падвышае ягоную значнасьць?

— Калі б Лукашэнка атрымаў хоць бы частковы кантроль над гэтай зброяй, гэта, вядома, вельмі істотна яго падмацавала б у палітычным і псыхалягічным аспэкце. Але натуральна, што гэтага не адбудзецца, Крэмль на такое ня пойдзе. Тым ня менш Лукашэнка чыста псыхалягічна ў дачыненьнях з Захадам будзе намякаць, што ў мяне тут пад бокам ядзерная зброя, так што размаўляйце са мной па-іншаму.

Яшчэ адзін, магчыма, даволі нечаканы аспэкт. Ведаючы Лукашэнку, думаю, ён можа спадзявацца, што ў выніку (ці ў кантэксьце) вайны можа стварыцца такі хаос, такая сытуацыя, калі яму ўдасца перахапіць кантроль над ядзернай зброяй у Беларусі. Гэты момант можа быць для яго чыньнікам, які вельмі абнадзейвае. Ён ня дзейнічае стратэгічна, але ўмее добра выкарыстоўваць сытуацыйныя акалічнасьці, якія нечакана зьяўляюцца. І тут ён можа спадзявацца, што такія абставіны могуць скласьціся.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG