«Быць гатовымі зьнішчыць яе». Былы амбасадар ЗША ў Польшчы — пра расейскую ядзерную зброю у Беларусі

(Зьлева направа) Амбасадар ЗША ў Польшчы Віктар Эш, міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс і міністар абароны Польшчы Аляксандар Шчыгла на ганаровай цырымоніі, Варшава, 24 красавіка 2007
(Зьлева направа) Амбасадар ЗША ў Польшчы Віктар Эш, міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс і міністар абароны Польшчы Аляксандар Шчыгла на ганаровай цырымоніі, Варшава, 24 красавіка 2007

Пасьля заявы Ўладзіміра Пуціна Польшча паведаміла, што зацікаўленая ў больш шчыльным удзеле ў ядзернай палітыцы NATO. Рашэньне Крамля, магчымы адказ ЗША і пэрспэктывы ўдзелу Варшавы і Вільні ў ядзерным стрымліваньні мы папрасілі пракамэнтаваць былога амбасадара ЗША ў Польшчы (2004-2009) Віктара Эша.

— Уладзімір Пуцін заявіў, што рашэньне Расеі аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі адлюстроўвае даўнюю практыку ЗША ў справе сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі з саюзьнікамі па NATO, такімі як Нямеччына ці Турэччына. Афіцыйныя асобы ЗША сьцьвярджаюць, што сумеснае выкарыстаньне ядзернай зброі зь іншымі краінамі не парушае Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), бо ЗША захоўваюць кантроль над зброяй. Ці лічыце вы, што дзеяньні Расеі супярэчаць літары і духу ДНЯЗ?

— Па-першае, цяжка спраўдзіць дакладнасьць таго, што Расея сьцьвярджае адносна ядзернай зброі. Яна мяняе свой пункт гледжаньня кожную гадзіну. Беларусь знаходзіцца пад кантролем Расеі. Яе палітычная сыстэма такая ж недэмакратычная, як і расейская. Пуцін — непраўдзівы чалавек, ён ваенны злачынца.

— Як, на вашу думку, павінны рэагаваць ЗША і NATO на рашэньне Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?

— ЗША ня могуць перашкодзіць Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, але ЗША павінны шчыльна супрацоўнічаць з Польшчай і іншымі краінамі NATO, каб сачыць за ёй. Трэба быць гатовымі зьнішчыць яе, калі яна будзе выкарыстана або будзе гатовая да неадкладнага ўжываньня.

— Пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі сябра NATO, суседка Беларусі Польшча, дзе вы ў свой час былі амбасадарам ЗША, заявіла пра жаданьне больш шчыльна ўдзельнічаць у ядзернай стратэгіі Альянсу. Раней у Варшаве гаварылі нават пра магчымасьць разьмяшчэньня ў краіне амэрыканскай ядзернай зброі. Якая ваша думка пра гэта?

— Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Польшчы ці Літве — сур’ёзны і значны крок. Спачатку гэтыя нацыі павінны захацець, каб яе там разьмясьцілі. Ці зможам мы (і яны) забясьпечыць належную бясьпеку гэтай зброі? Наколькі гэта насамрэч дапаможа нам? Ці не было б разьмяшчэньне большай колькасьці салдатаў лепшым варыянтам? Без дадатковай інфармацыі я не гатовы даць адказ «так» ці «не».

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

​
XS
SM
MD
LG