Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як NATO адкажа на расейскую ядзерную зброю ў Беларусі? Меркаваньне былога прадстаўніка Альянсу ў Маскве


"Ядзерная валізка" прэзыдэнта ЗША
"Ядзерная валізка" прэзыдэнта ЗША

Як дзейнічае мэханізм Nuclear sharing у NATO і хто можа аддаваць загад на ўжываньне ядзернай зброі, якая будзе разьмешчана ў Беларусі? Ці абароніць расейская ядзерная зброя Беларусь ад нападу? Чым адкажа Паўночнаатлянтычны альянс на ядзерны выклік Пуціна?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы навуковы супрацоўнік Фонду Пуласкага, былы кіраўнік бюро NATO ў Маскве Робэрт Пшчэль.

— 25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што Расея вяртае ў Беларусь тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, да 1 ліпеня ў Беларусі зьявіцца адпаведнае сховішча для ядзерных зарадаў.

Пуцін заявіў, што Расея адносна Беларусі будзе праводзіць палітыку, аналягічную палітыцы Nuclear sharing — узаемадзеяньня з саюзьнікамі ў сфэры ядзерных узбраеньняў, якую праводзяць ЗША ў рамках NATO.

Як працуе ў Альянсе палітыка Nuclear sharing? Напрыклад, хто, у адпаведнасьці зь ёй, аддае загад нямецкаму пілёту самалёта зь ядзерным боепрыпасам на яго ўжываньне — прэзыдэнт ЗША Байдэн? Ці гэта павінна быць сумеснае рашэньне і амэрыканскага, і нямецкага лідэраў?

— Першае адрозьненьне практыкі NATO ад таго, што мы пачулі 25 сакавіка, — тое, што было агучана рашэньне толькі Расеі. А дзе рашэньне Беларусі? У NATO такое немагчыма. У важных пытаньнях калектыўнай абароны, у прыватнасьці, у пытаньні разьмяшчэньня элемэнтаў ядзернага стрымліваньня, рашэньні прымаюцца толькі тады, калі ёсьць поўная згода краінаў, якіх гэтыя рашэньні тычыцца.

Сапраўды, ёсьць краіны NATO, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гэтыя элемэнты ядзернага стрымліваньня, і гэта адбываецца ўжо шмат гадоў. Зь іншага боку, ёсьць такія чальцы Альянсу, як Данія і Нарвэгія, якія заўсёды адмаўляліся, каб на іх тэрыторыі была разьмешчаная ядзерная зброя.

Палітыка Nuclear sharing дзейнічала шмат гадоў, і ў часы існаваньня СССР з боку Масквы не ўзьнікала ніякіх пярэчаньняў з гэтай нагоды.

Але ў апошнія гады Крэмль пачаў гэтую тэму ўзьнімаць.

За апошнія 30 гадоў NATO істотна скараціла ядзерныя арсэналы, разьмешчаныя ў Эўропе. Тое, што засталося, — гэта мінімальны ўзровень. А на іншым баку карцінка зусім іншая.

Ёсьць рэчы, пра якія я не магу гаварыць. Але агульнавядомая рэч: у Альянсе ёсьць тры краіны, якія маюць ядзерную зброю — гэта ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя. І яны прымаюць рашэньне аб яе выкарыстаньні. Але ёсьць і прыгаданыя элемэнты ядзернага стрымліваньня, якія зьяўляюцца часткай калектыўнай палітыкі Альянсу, гэтыя тры краіны пагадзіліся на такі статус гэтых элемэнтаў.

— А як будзе прымацца рашэньне адносна ўжываньня расейскай ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі? Пуцін сказаў пра 10 самалётаў беларускіх ВПС, якія мадэрнізавалі такім чынам, што яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Беларускаму пілёту самалёта, на борце якога будзе ядзерная зброя, хто зможа аддаць загад на яе ўжываньне — Пуцін ці Пуцін і Лукашэнка разам?

— У краіны, якая зьяўляецца ўладальніцай ядзернай зброі, застаецца поўны кантроль за яе выкарыстаньнем. У NATO на яе ўжываньне патрабуецца згода краіны, дзе гэтая зброя разьмешчана.

У тым, што тычыцца Расеі і Беларусі, складана гаварыць пра нейкую сымэтрыю. Пра тое, што ў стасунках гэтых краінаў працэдуры прыняцьця рашэньняў іншыя, сьведчыць нават форма, у якой было абвешчана пра разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.Можна ж было зрабіць сумесную заяву.

Асаблівасьць расейскай ядзернай палітыкі — у яе непразрыстасьці. Ёсьць зьвесткі, што пэўныя элемэнты ядзернай зброі Расея ўжо разьмясьціла ў Калінінградзкай вобласьці. Але дакладна афіцыйна гэта не пацьвярджалася.

Ну, і ня трэба забываць, што адносна Беларусі і Расеі размова ідзе пра дзяржавы, якія грэбуюць дэмакратычнымі працэдурамі.

Грамадзяне Беларусі павінны зразумець, што гэтае рашэньне супярэчыць і іх інтарэсам, і той палітыцы, якую Беларусь праводзіла шмат гадоў.

Мы ня можам ведаць дэталі гэтага пляну. Калі дзьве дыктатуры хлусяць пра ўсё, чаму варта спадзявацца, што яны скажуць праўду ў гэтым пытаньні?

— Беларускія праўладныя аналітыкі кажуць: NATO ў апошнія гады шмат ваявала, але не з краінамі, якія мелі на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. А Беларусь цяпер будзе мець, будзе абароненая расейскім ядзерным «парасонам».

Што б вы маглі сказаць у адказ на гэтыя аргумэнты?

— Гэта не аргумэнты. Я магу сказаць толькі тое, што дурань застаецца дурнем.

Хіба нармальны чалавек у Беларусі баіцца агрэсіі NATO? Калі чалавек сядзіць у нейкім цэнтры прапаганды ці ў вар’ятні — ён сапраўды можа гэтага баяцца.

Калі размова ідзе пра саюзьніцтва з Расеяй, то лепш ня мець такога саюзьніка. Гэта краіна, якая напала на Грузію, якая вядзе агрэсію супраць Украіны. Расея не аказала дапамогі Армэніі, якая разьлічвала на гэта, Расея пагражае Казахстану.

Які зь яе «парасон»?

Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта нагода, каб узмацніць кантроль Расеі над Беларусьсю. І з вайсковага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня бясьпекі. У гэтым палягае плян Пуціна, а Лукашэнка яму ў гэтым дапамагае.

Размовы прапагандыстаў, якія кажуць пра пляны NATO ці Польшчы напасьці на Беларусь, — гэта проста трызьненьне.

Гэтае рашэньне Пуціна набліжае Беларусь да стану Паўночнай Карэі.

— Можа, Лукашэнка гэтым і задаволены? Што ён робіцца як бы Кімам-light. Кіма ня тое каб усе баяліся, але зь ім лічацца. Лукашэнка, можа, думае, што і зь ім цяпер будуць лічыцца?

— Але ў Кіма ўсё ж ёсьць пэўнае поле для манэўру. У Лукашэнкі пасьля гэтага рашэньня Пуціна такога поля ня будзе.

— Якім будзе адказ NATO на разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі? Паведамлялася, што пэўны час таму Польшча зьвярталася да ЗША з прапановай распаўсюдзіць на яе палітыку Nuclear sharing — разьмясьціць на польскай тэрыторыі амэрыканскую ядзерную зброю.

Дарэчы, Лукашэнка ў лістападзе 2021 году ўпершыню заявіў пра магчымасьць вяртаньня ў Беларусь расейскай ядзернай зброі менавіта як пра крок у адказ на гіпатэтычнае разьмяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Польшчы.

Аднак такая зброя ў Польшчы не зьявілася, а расейская ў Беларусі зьявіцца. Ці не адкажа NATO сымэтрычна, ці ня зьдзейсьніць тую перасьцярогу, пра якую Лукашэнка казаў у лістападзе 2021 году? Праўда, ЗША днямі заявілі, што ня будуць мяняць ядзерную стратэгію ў адказ на рашэньне Пуціна. Яны могуць перадумаць?

— Такая магчымасьць існуе, і якраз з тых прычын, пра якія вы сказалі. Шматгадовая агрэсіўная палітыка Расеі выклікае асьцярогі ў «прыфрантавых» краінаў — у дзяржаваў Усходняй і нават Паўночнай Эўропы. Можна прыгадаць рашэньне Фінляндыі ўступіць у NATO.

У 90-я гады міністры абароны ЗША, Расеі і краінаў Усходняй Эўропы сымбалічна саджалі дрэвы там, дзе раней месьцілася ядзерная зброя. Тады зь Беларусі, Казахстану, Украіны ядзерная зброя перавозілася ў Расею. Цяпер гэты працэс павярнуўся ў адваротны бок.

Ад «прыфрантавых» дзяржаваў, сапраўды, былі прапановы далучыцца да Nuclear sharing. Гэта была рэакцыя на палітыку Расеі. Ці можа гэты распаўсюд адбыцца зараз? Можа.

У 1997 годзе NATO абяцала, што на тэрыторыі новых чальцоў Альянсу ня будзе ядзернай зброі. Хоць Расея парушыла ўсе магчымыя дамовы, але NATO гэтае сваё абяцаньне пакуль выконвае. У NATO няма абавязку трымацца сваіх абяцаньняў, калі гэтага ня робіць іншы бок.

— Наколькі гэтаму сцэнару можа перашкаджаць нежаданьне раскручваць эскаляцыю? Скажам, ЗША разьмесьцяць тактычную ядзерную зброю ў Польшчы, Расея ў адказ верне ў Беларусь і стратэгічную ядзерную зброю. Ці не прывядзе раскручваньне гэтай сьпіралі эскаляцыі да ядзернай вайны? Наколькі гэта ўлічваюць у Варшаве і ў Вашынгтоне?

— Гэта ўлічваецца. NATO — гэта не Варшаўская дамова, у Альянсе прымаюцца ўзгодненыя рашэньні. Зразумела, Польшча ці Эстонія ня могуць самі вырашыць разьмясьціць на сваёй тэрыторыі амэрыканскую ядзерную зброю, патрэбнае рашэньне ЗША.

Калі ў свой час савецкія войскі базаваліся ў Польшчы, у Маскве заяўлялася, што на тэрыторыі Польшчы ядзернай зброі няма. Але калі Польшча запатрабавала вывесьці савецкія войскі са сваёй тэрыторыі, высьветлілася, што Масква проста казала няпраўду, а савецкая ядзерная зброя ў Польшчы была.

Хоць у цэлым у часы існаваньня СССР падыход Масквы да ядзернай зброі быў больш адказны, чым цяпер.

Эскаляцыя — гэта сапраўды галоўная небясьпека палітыкі Расеі. NATO будзе рабіць усё, каб абмежаваць рызыку эскаляцыі. Але, зь іншага боку, Альянс ня будзе паддавацца на ядзерны шантаж.

Тое, што зараз робіць Масква, — гэта бандыцкая спроба ўсіх палохаць. Так, у Расеі ёсьць магчымасьць зьнішчыць плянэту некалькі разоў. Ну і што?

Ядзерная зброя — гэта інструмэнт стрымліваньня, але гэта не азначае, што можна сябе паводзіць як піцерскі бандыт.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG