Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ў час пасланьня 31 сакавіка 2023
Аляксандар Лукашэнка ў час пасланьня 31 сакавіка 2023

Тэма паседжаньня, якое праходзіць у Палацы Рэспублікі, — умовы захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, паведаміў Лукашэнка на пачатку сваёй прамовы.

Упершыню з 25 сакавіка, калі пра падрыхтоўку перакідваньня ядзернай зброі ў Беларусь заявіў прэзыдэнт Расеі Пуцін, Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю.

«Ва ўмовах ваенна-палітычнага становішча, якое складваецца вакол нашай краіны, мною былі актывізаваныя перамовы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным па вяртаньні ў Беларусь ядзернай зброі. Менавіта па вяртаньні ядзернай зброі, якую вывелі ў 90-х гадах. Пад гарантыі. Усё растаптана, усё парушана. Я маю права паставіць пытаньне вярнуць ядзерную зброю? Якую тады яшчэ, да мяне, вар’яты падпісалі абавязаньні яе вяртаньня?!

Я ня стаў выводзіць у 1994–1995 гадах ядзерную зброю. І быў падвергнуты жорсткаму ціску з боку ня толькі Захаду, але і з боку прэзыдэнта Расеі».

Пры гэтым варта адзначыць, што зараз гаворка вядзецца зусім не пра тую ядзерную зброю, якая засталася ў беларускіх сховішчах у 90-я гады як спадчына ад СССР і якую вывелі з краіны ў сярэдзіне таго дзесяцігодзьдзя.

Тактычная і стратэгічная ядзерная зброя — розныя паняцьці, розныя віды зброі з рознымі наступствамі прымяненьня.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Лукашэнка аргумэнтаваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьць краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.

«Вы чулі ад прэзыдэнта Расеі аб сумесных плянах стварэньня адпаведнай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі. Я хачу ўдакладніць: уся інфраструктура створана і гатова». Пазьней дадаўшы: «Гэта наша зброя, якая будзе садзейнічаць сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Ад расейскага боку ніякай інфармацыі пра тое, што тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі будуць кантраляваць беларускія вайскоўцы, не паступала. Разам з тым некаторыя апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты падазраюць, што перакідваньне такой зброі стане этапам стварэньня паўнавартаснай вайсковай базы РФ у краіне.

Перамовы па Ўкраіне

Лукашэнка ў прамове некалькі разоў акцэнтаваў увагу на неабходнасьці весьці перамовы ў справе вайны з Украінай, каб скончыць баявыя дзеяньні. Гэта пракамэнтаваў дарадца Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

«У кантэксьце Ўкраіны нічога не мяняецца, спэцапэрацыя цяпер — адзіны сродак дасягненьня пастаўленых Расеяй мэтаў», — заявіў Пяскоў.

Ён нагадаў, што на наступным тыдні пройдзе пасяджэньне Найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы, там Лукашэнка і Пуцін могуць абмеркаваць прапановы Менску аб урэгуляваньні.

«Спэцапэрацыяй» расейскае кіраўніцтва называе разьвязаную 24 лютага 2022 году поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Хайўрусьнік Крамля Лукашэнка, пры гэтым, рэгулярна называе падзеі вайной.

Пратэсты-2020 і рэфэрэндум-2022

Лукашэнка зноў закрануў у пасланьні тэму пратэстаў 2020 году.

«....Жнівень-2020 паказаў нашы пралікі... Гэта быў важны момант у нашай гісторыі. І, дзякуй Богу, ён скончыўся... Але я кажу вам: „Не расслабляйцеся“», — зьвярнуўся ён да прысутных.

Лукашэнка таксама згадаў аб стварэньні новага праекту Канстытуцыі. І заявіў, што, нягледзячы на заявы многіх аб тым, што Канстытуцыю стварыў пад сябе, гэта нібыта не адпавядае рэчаіснасьці.

Пры гэтым канстытуцыйны рэфэрэндум 2022 году не прызналі заходнія краіны. Рэфэрэндум прайшоў без аўтарытэтных замежных назіральных місій і безь незалежных беларускіх назіральнікаў. Выбарчыя камісія цалкам складаліся з прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый і ўстаноў.

У апошнія гады Лукашэнка зьвяртаецца з пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу не з Авальнай залі Дома ўраду, як раней, а з Палаца Рэспублікі. Як адзначае БелТА, прычыны зьменаў — падзеі 2020 года: напружаньне на фоне пандэміі, якое вылілася і ў палітычныя працэсы.

Аляксандар Лукашэнка анансаваў сёлетняе пасланьне ў сярэдзіне лютага. «...Будзе рэакцыя на ўсе пытаньні, і крыху наперад мы пастараемся зазірнуць у рамках гэтага Пасланьня», — сказаў тады Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG