Фота бюлетэня для галасаваньня, дасланага ў рэдакцыю
Рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Беларусі, які пашырыць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, адбыўся, паведамляе БелТА са спасылкай на Цэнтравыбаркам.
Згодна з папярэднімі дадзенымі, удзел у рэфэрэндуме нібыта прыняў 5 359 471 чалавек, або 78,63% грамадзян Беларусі, уключаных у сьпісы для галасаваньня.
За ўнясеньне зьмен і дапаўненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 чалавек, ці 65,16% ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў. Супраць — 686 165 чалавек ці 10,07%, паведамляе БелТА.
Калі падлічваць вынікі галасаваньня ад колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, атрымліваецца, што зь іх «за» прагаласавала 82,85%, «супраць» — 12,8%, несапраўдных бюлетэняў — 4,35%.
На канстытуцыйным рэфэрэндуме 2004 году яўка склала 90,28%, галасы «за» ад тых, хто прыйшоў галасаваць — 87,97%, «супраць» — 10,97%, несапраўдныя бюлетэні — 1,06%.
Рэфэрэндум прайшоў без аўтарытэтных замежных назіральных місій і без незалежных беларускіх назіральнікаў. Выбарчыя камісія цалкам складаліся з прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый і ўстаноў.
27 лютага ў розных раёнах Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі лякальныя акцыі пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі.
Напярэдадні дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская заклікала суграмадзян к 14:00 прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і «актыўна выказаць пратэст супраць вайны».
Паводле праваабаронцаў, міліцыя схапіла ня менш як 500 чалавек, вядомыя іх прозьвішчы.