Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны, моладзь, менчукі — найбольшыя праціўнікі разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі


Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці ядзерную зброю
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці ядзерную зброю

Як стаўленьне да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі зьвязана з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі — полам, узростам, адукацыяй жыхароў краіны?

Паводле сакавіцкага апытаньня, праведзенага Chatham House сярод беларускіх гараджанаў, тры чвэрці апытаных супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, а за — кожны чацьвёрты.

Падчас дасьледаваньня высьветлілася, што гэтае стаўленьне вельмі моцна залежыць ад таго, якімі інфармацыйнымі крыніцамі карыстаецца рэспандэнт: сярод тых, хто атрымлівае інфармацыю толькі зь дзяржаўных СМІ, праціўнікаў разьмяшчэньня ў краіне ядзернай зброі 58%, а сярод тых, хто карыстаецца толькі недзяржаўнымі мэдыя, такую думку маюць 97%.

Інфармацыйныя перавагі шчыльна зьвязаныя з палітычнымі поглядамі, а яны зь цягам часу могуць мяняцца. Сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі больш устойлівыя: полавая, узроставая, адукацыйная структура грамадзтва мяняецца ня хутка. Як жа стаўленьне да разьмяшчэньня ў краіне ядзернай зброі зьвязана з гэтымі характарыстыкамі?

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з полам, у %

Залежнасьць ад полу даволі значная і відавочная: сярод мужчын доля прыхільнікаў ядзернай зброі ў Беларусі ў паўтара зь лішкам раза большая, чым доля прыхільніц гэтага сярод жанчын.

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з узростам, у %

З узростам сувязь больш складаная, асобы больш сталага веку ў асноўным больш прыхільныя да зьяўленьня ў краіне ядзернай зброі, але ёсьць асаблівасьці. Найбольшыя антыядзерныя настроі ўласьцівыя ня самай юнай моладзі, а ўзроставай катэгорыі 25–44 гады. З другога боку, і апытаныя самага пажылога веку — ня самыя гарачыя прыхільнікі зьяўленьня ў краіне «зброі Суднага дня».

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з адукацыяй, у %

З адукацыяй сувязь крыху парадаксальная: супраць разьмяшчэньня ў краіне ядзернай зброі найбольш людзі з вышэйшай адукацыяй, а за імі ідуць людзі з самай нізкай. Найбольш «праядзерныя» — выпускнікі ПТВ, сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў і асобы зь няпоўнай вышэйшай адукацыяй, у тым ліку студэнты.

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з рэгіёнам пражываньня, у %

Рэгіянальны падзел прыкметна ўплывае на адказы: усходнія вобласьці ў большай ступені схільныя падтрымліваць разьмяшчэньне ў краіне ядзернай зброі, заходнія — у меншай; на Магілёўшчыне і на Горадзеншчыне стаўленьне аднолькавае, сталіцы антыядзерныя настроі ўласьцівыя ў найбольшай ступені.

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з памерам гораду пражываньня, у %

Сувязь з памерамі населеных пунктаў, дзе жывуць рэспандэнты, нелінейная. Менск, як было адзначана вышэй, самы антыядзерны, але самыя прыхільныя да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне — жыхары абласных цэнтраў, а не малых гарадоў, як можна было чакаць.

Сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі з агульным даходам сям’і, у %

Таксама цяжка знайсьці заканамернасьць у стаўленьні да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў залежнасьці ад сукупнага даходу сямʼі рэспандэнта. Найбольш зацятыя як праціўнікі гэтага рашэньня, так і яго прыхільнікі назіраюцца ў розных групах сукупнага даходу. Але зьвяртае на сябе ўвагу, што падтрымка разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне максымальная ў групе самых бедных рэспандэнтаў, а адзін з найменшых узроўняў падтрымкі — сярод самай заможнай даходнай групы.

У цэлым можна адзначыць, што сувязь стаўленьня да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі даволі істотная, але не празьмерная. Сытуацыя розьніцца ад сувязі зь пераважным мэдыяспажываньнем, дзе адрозьненьні ў стаўленьні аўдыторыяў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыя — на дзясяткі адсоткавых пунктаў.

З дэмаграфіяй сувязь менш выразная і часам нелінейная. З выразных заканамернасьцяў варта адзначыць тое, што жанчыны, людзі маладзейшага веку і жыхары сталіцы менш схільныя падтрымліваць разьмяшчэньне ў краіне расейскай ядзернай зброі. І таксама адметна тое, што няма ніводнай сацыяльна-дэмаграфічнай групы, у якой не дамінавалі б праціўнікі гэтага кроку.

(Выказваем удзячнасьць Chatham House за перададзеныя зьвесткі, якія дазволілі падрыхтаваць гэту публікацыю).

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG