Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейку, якая жыве ў Нямеччыне і ўхваляла вайну, будуць судзіць


Алена Каўбаснікава і Макс Шлунд (Расьціслаў Цясьлюк)
Алена Каўбаснікава і Макс Шлунд (Расьціслаў Цясьлюк)

Грамадзянка Расеі Алена Каўбаснікава, якая жыве ў Нямеччыне, паўстане перад судом у Кёльне. Пра гэта паведамляе DW. Каўбаснікавай ставіцца ў віну публічнае ўхваленьне ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Паводле нямецкіх законаў ёй можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі, але, паводле ацэнак юрыстаў, суд хутчэй за ўсё абмяжуецца штрафам.

Алена Каўбаснікава — адна з прыкметных фігураў пракрамлёўскага руху ў Нямеччыне. Яна была ў ліку арганізатараў прарасейскага аўтапрабегу ў Кёльне 8 траўня 2022 года. Тады ў аўтапрабегу з расейскімі і савецкімі сьцягамі ўдзельнічалі каля тысячы чалавек. Каўбаснікава прывітала прысутных. У сваёй прамове яна заявіла, што Расея не зьяўляецца агрэсарам, а наадварот, «дапамагае пакласьці канец вайне ва Украіне».

Акрамя таго, у дачыненьні да Каўбаснікавай вядзецца расьсьледаваньне за перапост закліку да вярбоўкі ў атрады «ЧВК Вагнера».

Каўбаснікава і яе муж Макс Шлунд (Расьціслаў Цясьлюк) уваходзяць у грамадзкую арганізацыю «Мост узаемаразуменьня паміж Расеяй і Нямеччынвй e.V»., Шлунд зьяўляецца яе старшынём. Арганізацыя супрацоўнічае зь нямецкімі ўльтраправымі палітыкамі і займаецца, апроч іншага, дапамогай прарасейскім актывістам і вайсковым сілам так званых «ДНР» і «ЛНР».

У ліпені мінулага году «Мост паразуменьня» правёў у Дзюсэльдорфе прарасейскую сустрэчу. Каўбаснікава фатаграфавалася са сьцягам з партрэтам кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Кадыраў у сваім тэлеграме назваў Каўбаснікаву і Шлунда «пасламі добрай волі», якія «стаяць на баку праўды».

Алена Каўбаснікава нарадзілася ва Ўкраінскай ССР, у Днепрапятроўску (цяпер Дняпро). Яе муж Расьціслаў Цясьлюк у Расеі быў вайскоўцам, пасьля эміграцыі ў Нямеччыну ён зьмяніў імя і прозьвішча на Макс Шлунд. Сама Каўбаснікава лічыць сябе і мужа пацярпелымі за праўду і барацьбу за мір. На яе думку, праз «русафобію» яе муж страціў працу ў службе дастаўкі пасылак у аэрапорце Кёльна, а яе саму звольнілі з пасады медсястры.

Судовае паседжаньне адбудзецца 29 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG