Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запісаў ролік для чату, выказаўся пра «ўсебеларускі сход». У чым абвінавачваюць беларусаў, якіх судзяць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі»


Ларыса Шчыракова каля будынка суду ў Гомлі, архіўнае фота
Ларыса Шчыракова каля будынка суду ў Гомлі, архіўнае фота

Як стала вядома Свабодзе, у «дыскрэдытацыі» Рэспублікі Беларусі абвінавачваюць былую журналістку Ларысу Шчыракову. Расказваем пра іншыя такія выпадкі.

У Гомлі 6 сьнежня затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Апошнія гады яна не супрацоўнічала з мэдыя, займалася этнафотасэсіямі, паступіла вучыцца на псыхоляга. Як стала вядома Свабодзе, Шчыракову абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусі».

Расказваем, як і каго ў Беларусі за гэта ўжо асудзілі.

Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі — гэта «заведама непраўдзівыя зьвесткі»

Пра Ларысу Шчыракову вядома, што яна цяпер у СІЗА. З словаў сяброў, трымаецца добра, здароўе ў парадку. «Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі ёй „павесілі“. Мабыць, за тое, што давала нейкае інтэрвію, дзе „ня так“ выказалася пра дзяржаву», — сказала адна з крыніц Свабоды.

Шчыракову наведвала ў турме адвакатка, але яна мае падпіску аб невыдаваньні.

Паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу, «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі» — гэта распаўсюджваньне «заведама непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае ці міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусі. Гэта таксама і распаўсюджваньне «непраўдзівых зьвестак аб праўным становішчы грамадзян у Беларусі, дзейнасьці дзяржаўных органаў».

Такія дзеяньні мусяць быць зробленыя публічна. Скажам, у СМІ ці ў інтэрнэце. Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэта пакараньне да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Напісаў артыкул у «Вікіпедыю»

У красавіку 2022 году ў Берасьці судзілі аднаго з рэдактараў «Вікіпэдыі» Паўла Пернікава. Яго асудзілі на два гады калёніі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі». Сьледчыя, якія вялі справу Пернікава, знайшлі «дыскрэдытацыю» ў разьмешчаных ім у «Вікіпэдыі» артыкулах. Пернікаў напісаў некалькі артыкулаў пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама падрыхтаваў іншыя публікацыі.

Прынёс прапановы ў Канстытуцыю

У чэрвені ў Гомлі судзілі пэнсіянэра Мікалая Віцікава. Перад рэфэрэндумам 27 лютага 2022 году ўлада актыўна заклікала грамадзян прыняць удзел у абмеркаваньні паправак да Канстытуцыі. Пэнсіянэр скарыстаўся гэтай прапановай і трапіў за краты. Падставай для затрыманьня паслужыў ягоны ліст у газэту «Маяк» з нагоды абмеркаваньня зьменаў у асноўны закон. Замест абмеркаваньня прапановаў пэнсіянэра галоўная рэдактарка газэты Ірына Канавалава данесла на актывіста ў міліцыю.

Вядома, што ў сваім лісьце Віцікаў назваў так званы ўсебеларускі сход «шабасам». Паводле абвінавачаньня, пэнсіянэр хацеў «распаўсюдзіць непраўдзівыя зьвесткі шырокаму колу асобаў». Сам жа Віцікаў сказаў на судзе, што не зьбіраўся распаўсюджваць свае развагі — хацеў толькі падзяліцца імі з дэпутатам і рэдактаркаю. Вынік — 8 месяцаў пазбаўленьня волі.

Зьмясьціў відэазапіс у вайбэр-чаце

У ліпені 2022 году паўтара года калёніі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі» атрымаў жыхар Берасьця Васіль Чых. У вэрсіі абвінавачаньня 16 сакавіка ён у адным з вайбэр-чатаў чыгуначнікаў «разьмясьціў відэазапіс з заведама непраўдзівымі зьвесткамі пра эканамічнае і сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусі». Пра што дакладна там паведамлялася і ў якой форме, невядома.

Здымаў ролікі для замежнага тэлеканалу

У лістападзе 2022 году ў Менску судзілі былога журналіста БТ Дзьмітрыя Лукшу. Ён атрымаў 4 гады калёніі і буйны штраф. Лукшу абвінавацілі ў «масавых беспарадках», а таксама ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусі».

У вэрсіі абвінавачаньня «з мэтай дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусі ён стварыў шэраг відэасюжэтаў, якія зьмяшчалі заведама непраўдзівую інфармацыю». Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што Лукша з дапамогай сваёй жонкі, якая на камэру назвалася грамадзянкай Сырыі, здымаў сюжэт пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. Жонка апавядала пра парушэньне правоў мігрантаў.

Выказаў спачуваньні родным загінулага

У канцы верасьня 2021 году вядомы гомельскі валянтэр Ільля Міронаў пасьля рэзананснай перастрэлкі ў Менску, дзе загінулі Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк, напісаў на сваёй старонцы спачуваньні родным Зельцара. Абвінавачаньне і суд палічылі, што такім чынам ён «дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, станоўча ацэньваў Андрэя Зельцара і нэгатыўна — супрацоўнікаў КДБ». Міронаў у выніку атрымаў паўтара года калёніі. Акрамя пазбаўленьня волі, ён мусіць сплаціць вялікі штраф.

Напісаў «гопота» і «в квартиру ломились»

У лістападзе 2022 году ў Гомлі судзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі» Мікалая Кацуру. Ён атрымаў паўтара года калёніі і ўжо выйшаў на волю, бо адбыў тэрмін (дзень, праведзены ў СІЗА, залічваецца за паўтара дня ў калёніі. — РС). У адной з суполак «УКантакце» Кацура абмяркоўваў перастрэлку ў Менску, у выніку якой загінуў супрацоўнік КДБ і Андрэй Зельцар. У выказваньнях жыхара Гомля былі словы «гопота» і «ломиться». Паводле сьледзтва, пракуратуры і судзьдзі, Кацура гэтымі словамі дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь.

«Нэгатыўная ацэнка дадзеных асобаў выказаная ў сэмантыцы рытарычнага пытаньня „Гэта тых, якія ў кватэру ламіліся?“, нэгатыўнай ацэнкай дзеяньняў дадзеных асобаў — дзеясловам „ламіцца“», — прыйшлі да высновы экспэрты.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG