Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў у Сочы. Ці высьлізнуў ён з абдымкаў Пуціна?


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, 26 верасьня 2022
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, 26 верасьня 2022

Сьцісла

  • Ва ўступным слове на перамовах у Сочы Лукашэнка не гаварыў ані пра ўдзел Беларусі ў вайне, ані пра прызнаньне вынікаў квазірэфэрэндумаў аб далучэньні да РФ акупаваных вобласьцяў Украіны.
  • Макей днямі заявіў, што пытаньне гэтага прызнаньня Беларусь будзе вырашаць, зыходзячы з «нацыянальных інтарэсаў».
  • Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што мабілізацыі ў Беларусі ня будзе.
  • Партнэры і саюзьнікі Расеі заявілі аб непрызнаньні вынікаў квазірэфэрэндумаў. Самаабвешчаная Паўднёвая Асэтыя, сатэліт РФ, квазірэфэрэндумы падтрымала.
  • Расеі пасьля мабілізацыі могуць быць ня вельмі патрэбныя беларускія салдаты на фронце. Зьніжэньне статусу Беларусі да статусу Паўднёвай Асэтыі не канечне будзе ў інтарэсах Крамля.
  • Па выніках перамоваў у Сочы беларускі бок не зрабіў ніякіх заяваў ні аб прамым удзеле ў вайне, ні аб прызнаньні вынікаў квазірэфэрэндумаў.

Сёньня ў расейскім Сочы адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна — сёмая іх сустрэча з пачатку году і першая пасьля абвяшчэньня ў Расеі мабілізацыі. Перамовы прайшлі за дзень да завяршэньня квазірэфэрэндумаў аб далучэньні да РФ чатырох вобласьцяў Украіны.

Галоўныя пытаньні — ці ўступіць Беларусь у вайну сваім войскам, ці правядзе ў сябе мабілізацыю, ці прызнае далучэньне да Расеі чатырох вобласьцяў Украіны.

Але на пачатку перамоваў у Сочы Лукашэнка гаварыў зусім пра іншае: пра тое, што ня так ужо і шмат людзей паўцякалі з Расеі ад мабілізацыі; прыгадваў, што і зь Беларусі пасьля пратэстаў 2020 году зьехала пэўная колькасьць людзей, і ніякай бяды ня здарылася. Маўляў, тое, што і Беларусь, і Расея пазбаўляюцца ад такога кшталту асобаў — дык гэта нават і да лепшага.

Словам, выказваўся як суўладар Расеі, гаварыў пра наступствы новай мабілізацыйнай палітычнай рэальнасьці для РФ. А што ж для Беларусі? У кантэксьце было сказана — «у нас мабілізацыяй палохаюць». Дык і што? Ці будзе яна? Прынамсі на пачатку перамоваў Лукашэнка пра гэта не сказаў нічога.

Перад гэтым, напрыканцы мінулага тыдня, сказаў, што мабілізацыі ў Беларусі ня будзе. Аднак і ў Сочы гэтую сваю заяву не абверг.

На мінулым тыдні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію францускаму тэлебачаньню заявіў, што прызнаньне Менскам так званых рэфэрэндумаў у 4 абласьцях Украіны залежыць ад «нацыянальных інтарэсаў».

Не сказаў, што прызнаюць, не сказаў, што не прызнаюць. А Лукашэнка ў Сочы ва ўступным слове наагул не закрануў гэтую тэму.

Рэакцыю беларускай улады цікава параўнаць з рэакцыяй іншых дзяржаваў — прызнаных і непрызнаных. Краіны Захаду заявілі, што не прызнаюць вынікі квазірэфэрэндумаў, адразу ж, як толькі была агучаная гэтая ініцыятыва.

Сэрбія, партнэр Расеі, сёньня заявіла, што «ня можа прыняць вынікі рэфэрэндуму ва ўкраінскіх рэгіёнах». Саюзьнік Расеі Казахстан таксама сёньня заявіў: «Што тычыцца правядзеньня самаабвешчанымі дзяржавамі ЛНР і ДНР і вайсковымі адміністрацыямі Запароскай і Херсонскай абласьцей рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі, то Казахстан зыходзіць з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў, іх сувэрэннай роўнасьці і мірнага суіснаваньня».

Наўпрост не сказана, што не прызнае, але фармулёўкі наконт «самаабвешчаных дзяржаў» і «вайсковых адміністрацый», а зусім не наконт волевыяўленьня жыхароў гэтых рэгіёнаў, сьведчаць пра тое, што гаворка ідзе менавіта пра непрызнаньне.

Нарэшце, сёньняшняя ж рэакцыя сатэліта Расеі, самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі. Яе прэзыдэнт Алан Гаглоеў сказаў: «Кіраўніцтва і народ Рэспублікі Паўднёвая Асэтыя цалкам падтрымліваюць правядзеньне 23–27 верасьня 2022 году рэфэрэндумаў па пытаньні аб уваходжаньні ў склад Расейскай Фэдэрацыі ў Луганскай і Данецкай народных рэспубліках, Запароскай і Херсонскай абласьцях».

Ясна і недвухсэнсоўна. Гэтаксама як і ў Сэрбіі, толькі з адваротным зьместам.

А беларуская афіцыйная пазыцыя — паміж пазыцыяй Казахстану і самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі. Паглядзім, будзем сачыць, прымем рашэньне на падставе «нацыянальных інтарэсаў».

Але важна, што менавіта паміж, што рэакцыя Лукашэнкі, беларускіх уладаў усё ж не такая, як бясспрэчнага сатэліта Расеі, які да таго ж ня мае шырокага міжнароднага прызнаньня.

Лукашэнка і пасьля завяршэньня перамоваў з Пуціным сёньня не зрабіў заяваў, падобных да сёньняшніх заяваў Гаглоева.

Можа здарыцца, што зробіць заўтра, пасьлязаўтра, што зробіць пасьля афіцыйнага абвяшчэньня ў Расеі пра далучэньне чатырох вобласьцяў Украіны.

Выключаць гэтага нельга. Але і катэгарычна сьцьвярджаць гэта таксама не выпадае. Крым, дарэчы, Лукашэнка так і не наведаў пасьля заявы аб прызнаньні яго расейскім. У Маскве таксама ведаюць, што іншыя яе партнэры і саюзьнікі — міжнародна прызнаныя дзяржавы — не зьбіраюцца прызнаваць вынікі квазірэфэрэндумаў.

Зьнізіць статус Беларусі да статусу Паўднёвай Асэтыі — не відавочна, што гэта ў інтарэсах Масквы.

Гэтак жа і з мабілізацыяй у Беларусі. Матывам мабілізацыі ў Расеі быў недахоп жывой сілы ў расейскай арміі на полі бою. Уцягваньне беларускага войска ў вайну мела ваенны сэнс у сытуацыі, калі гэты дэфіцыт «гарматнага мяса» быў. Але і тады Лукашэнку не прымусілі паслаць беларусаў ваяваць.

Цяпер ваеннага сэнсу ў гэтым няма. Так ці інакш мабілізацыя дасьць Расеі шмат салдатаў. Палітычны сэнс уцягваньня Беларусі ў вайну наўпрост для Крамля мо і ёсьць. Але ён і раней быў. Аднак за апошнія 7 месяцаў ён ня стаў настолькі пільным, каб сапраўды яе ўцягнуць.

Бо з пункту гледжаньня Масквы ў гэтым ёсьць рызыкі. Ня тое каб там былі ўпэўненыя, што ў выпадку больш шчыльнага ўцягваньня Беларусі ў вайну краіна паўстане, а беларускае войска паверне зброю супраць Лукашэнкі і Пуціна. Але там ня ўпэўненыя, што гэтага не адбудзецца.

І тады давядзецца ўчыніць не мэтафарычную, а рэальную акупацыю Беларусі. А на гэта трэба войскі, гэта нясе з сабой дадатковыя міжнародныя выдаткі. Словам, ня факт, што для Масквы плюсы ад гэтага пераважаюць мінусы.

Калі б Лукашэнка сёньня ў Сочы заявіў: мы прызнаем вынікі рэфэрэндумаў у 4 вобласьцях Украіны, беларуская армія ўступае ў бой, далучаецца да расейскіх «братоў па зброі» ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», Беларусь праводзіць мабілізацыю, — тады мой аналіз быў бы абсалютна недарэчным і памылковым.

Але ён гэтага не заявіў. Значыць, няпэўнасьць захоўваецца, Беларусь яшчэ не ператварылася ў Паўднёвую Асэтыю. Заўтра, можа, і ператворыцца. Але сёньня — не.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG