Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан заявіў, што ў пытаньні рэфэрэндумаў на ўсходзе Ўкраіны зыходзіць «з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў»

Выхадцы з Данбасу галасуюць у расейскім горадзе Новачаркаску, 24 верасьня 2022 году.
Выхадцы з Данбасу галасуюць у расейскім горадзе Новачаркаску, 24 верасьня 2022 году.

Казахстан у пытаньні далучэньня да Расеі Данбасу, а таксама тэрыторый Запароскай і Херсонскай абласьцей зыходзіць з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасьці краін.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік казахстанскага МЗС Айбек Смадыяраў.

Смадыяраў таксама сказаў пра гатоўнасьць рэспублікі «аказаць пасільнае садзейнічаньне наладжваньню палітычнага дыялёгу». Дыплямат нагадаў, што прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў «дакладна заяўляў аб важнасьці няўхільнага захаваньня прынцыпу міжнароднага права», у аснове якога ляжыць Статут ААН. У статуце гаворыцца аб адказнасьці членаў ААН за падтрыманьне міру і захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў.

«Што тычыцца правядзеньня самаабвешчанымі дзяржавамі ЛНР і ДНР і вайсковымі адміністрацыямі Запароскай і Херсонскай абласьцей рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі, то Казахстан зыходзіць з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў, іх сувэрэннай роўнасьці і мірнага суіснаваньня», — гаворыцца ў камэнтары прадстаўніка МЗС.

Пры гэтым найважнейшай задачай, адзначыў Смадыяраў, Казахстан лічыць «захаваньне стабільнасьці, як на рэгіянальным, так і на глябальным узроўні».

У ДНР і ЛНР, а таксама ў падкантрольных расейскім вайскоўцам частках Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны напярэдадні скончыўся трэці дзень галасаваньня аб далучэньні да Расеі. Усе тэрыторыі даюць справаздачы аб высокай актыўнасьці ўдзельнікаў рэфэрэндумаў.

СМІ паведамляюць, што так званыя рэфэрэндумы ва ўкраінскіх рэгіёнах праходзяць з маштабнымі парушэньнямі правілаў: па-за выбарчымі ўчасткамі, без захаваньня таямніцы галасаваньня і пад кантролем узброеных людзей.

Многія экспэрты лічаць, што вынікі будуць падробленыя, а адразу пасьля іх заканчэньня — 29–30 верасьня — Расея можа абвясьціць рэгіёны, якія «прагаласавалі», часткай сваёй тэрыторыі, што дазволіць ёй увесьці ў краіне ваеннае становішча і ўзмацніць ваенную агрэсію аж да магчымага прымяненьня ядзернай зброі.

У чэрвені прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў Уладзіміру Пуціну, што Казахстан ня будзе прызнаваць ДНР і ЛНР, назваўшы іх «квазідзяржаўнымі» ўтварэньнямі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG