Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне папярэдзілі аб адказнасьці «замежных назіральнікаў» на псэўдарэфэрэндумах у акупаваных абласьцях краіны. Сярод іх ёсьць беларусы

абноўлена

Вадзім Гігін, архіўнае фота
Вадзім Гігін, архіўнае фота

У Міністэрстве ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны заявілі, што ідэнтыфікавалі ўсіх так званых «міжнародных назіральнікаў» на псэўдарэфэрэндумах у чатырох акупаваных расейскімі войскамі абласьцях Украіны.

«Рэфэрэндумы на часова акупаваных тэрыторыях зьяўляюцца абсалютна незаконнымі, як паводле законаў Украіны, так і паводле міжнародна-прававых дакумэнтаў. Зьвяртаемся да іншаземцаў: усе, хто адважыцца патураць злачынцам, самі становяцца злачынцамі! Пазьбегнуць адказнасьці не атрымаецца», — адзначылі ў міністэрстве.

У Міністэрстве рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны перакананыя, што прадстаўнікі Расеі, Беларусі, Сырыі, Эгіпту, Бразыліі, Вэнэсуэлы, Уругваю, Тога і ПАР «бяруць удзел у калектыўным злачынстве супраць сувэрэннай незалежнай дзяржавы Ўкраіна».

Кіраўніцтва ўкраінскага міністэрства зьвярнулася ў праваахоўныя органы па расьледаваньне ўсіх гэтых фактаў, а таксама легітымнасьці ўезду і знаходжаньня замежных грамадзян на тэрыторыі Ўкраіны і ажыцьцяўленьня любой дзейнасьці так званых «замежных назіральнікаў» на часова акупаваных тэрыторыях.

На афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі адсутнічае інфармацыя аб накіраваньні сваёй дэлегацыі для назіраньня за псэўдарэфэрэндумамі на тэрыторыі Ўкраіны.

У той жа час вядома, што ў Луганску знаходзіцца дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, а ў Крыме — дырэктар Цэнтру сучасных сацыяльных тэхналёгій Сяргей Лушч. У мясцовых інтэрнэт-выданьнях іх называюць «назіральнікамі ад Беларусі». Імаверна, што яны «назіраюць» ад грамадзкіх арганізацый. Вядома, што Гігін ачольвае рэспубліканскае таварыства «Веды», а Лушч — прарасейскую партыю «Саюз», якой улады ўвесну 2021-га адмовілі ў рэгістрацыі.

Прызначаныя Расеяй акупацыйныя адміністрацыі чатырох украінскіх абласьцей, часткова падкантрольных Маскве, 23 верасьня пачалі фальшывыя апытаньні, якія яны называюць рэфэрэндумамі аб далучэньні да Расеі. Масква плянуе выкарыстаць іх для анэксіі ўкраінскіх тэрыторый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG