Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паралельная дыпляматыя. Пра што сьведчаць заявы Макея ў кулюарах ААН


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

МЗС Беларусі цяпер працуе толькі некалькі дзён на год. Акурат, калі адбываецца сэсія Генэральнай асамблеі ААН, якую наведвае Ўладзімер Макей. Там ёсьць магчымасьць у кулюарах перамовіцца з заходнімі дыпляматамі пра тое, што насамрэч турбуе афіцыйны Менск і на якія кампрамісы ён гатовы ісьці.

Сьцісла:

  • У афіцыйнага Менску ёсьць двайная, ці паралельная, дыпляматыя.
  • Праблема ў тым, што беларуская публічная і кулюарная дыпляматыя маюць супрацьлеглы, узаемавыключны вэктар.
  • Кіраўніцтва Беларусі насьцярожвае магчымасьць правядзеньня «рэфэрэндуму» аб далучэньні Беларусі да Расеі паводле ўкраінскага сцэнару.
  • Афіцыйны Менск будзе доўга ўхіляцца ад прызнаньня «рэфэрэндумаў» у чатырох украінскіх абласьцях.

Актыўнасьць Макея на Генасамблеі ААН паказвае, што афіцыйны Менск мае двайную, ці паралельную, дыпляматыю. На публічным узроўні — жорсткая, непрымірымая антызаходняя рыторыка, цэлая плынь абвінавачаньняў ва ўсіх сьмяротных грахах у адрас калектыўнага Захаду. А ў кулюарах — міралюбівыя жэсты, маўляў, давайце дамаўляцца, мы ня ўдзельнічаем у вайне, мы за мір. То бок спроба неяк мякка дыстанцыявацца ад Расеі.

Насамрэч існаваньне ў дзяржавы такой двайной дыпляматыі не такая ўжо і рэдкасьць у міжнародных адносінах. Аднак тут, у беларускім выпадку, праблема ў тым, што публічная і кулюарная дыпляматыя маюць супрацьлеглы, узаемавыключны вэктар. І словы Макея, сказаныя ім, паводле інсайдэрскай інфармацыі, заходнім дыпляматам, супярэчаць рэальным дзеяньням рэжыму. Як, напрыклад, у пытаньні палітвязьняў.

Найбольш цікавы сюжэт — гэта камэнтар Макея адносна «рэфэрэндумаў», якія правяла Расея ў чатырох украінскіх абласьцях. Адказваючы на пытаньне журналіста, ці зьбіраецца Беларусь прызнаваць гэтыя «рэфэрэндумы», міністар адказаў: «Мы будзем назіраць за сытуацыяй і прымем рашэньне ў адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі, а не інтарэсамі нейкай іншай краіны». Хоць мог бы горача падтрымаць Расею, сказаць, што вось жа ажыцьцявілася спрадвечная мара насельніцтва ўсходняй Украіны пра аб’яднаньне з братняй Расеяй.

Справа ў тым, што афіцыйны Менск тут насьцярожвае абсалютнае ігнараваньне Масквой усялякіх, самых элемэнтарных працэдур падчас гэтага так званага «волевыяўленьня» ў чатырох украінскіх абласьцях, поўная, нават дэманстратыўная прафанацыя падчас гэтых «рэфэрэндумаў». І ўзьнікае лягічнае пытаньне: калі такое магчыма ва Ўкраіне, то чаму немагчыма ў Беларусі? Тут жа таксама стаяць расейскія войскі.

Як на мой погляд, рэалізацыя падобнага сцэнару зь Беларусьсю малаверагодная з розных прычын. Тым ня менш, такія асьцярогі маглі зьявіцца ў беларускага кіраўніцтва. Дарэчы, паводле кулюарнай інфармацыі з дыпляматычных крыніц, да такой небясьпекі апэляваў Макей падчас размоваў з заходнімі дыпляматамі. Адсюль такая асьцярожнасьць у адказе міністра.

Урэшце ад прызнаньня гэтых «рэфэрэндумаў» можна доўга ўхіляцца. Як гэта шмат гадоў рабіў афіцыйны Менск адносна прызнаньня акупацыі Крыму. На пытаньне «Чый Крым?», беларускія афіцыйныя асобы цьмяна адказвалі, што, маўляў, дэ-факта паўвостраў кантралюе Расея, і гэтым абмяжоўваліся.

Дарэчы, незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР» Беларусь так і не прызнала, хоць Расея іх лічыць незалежнымі дзяржавамі яшчэ зь лютага.

Аднак ці ёсьць цяпер у афіцыйнага Менску палітычныя рэсурсы, каб доўга ўхіляцца ад сынхранізацыі сваёй замежнай палітыкі з Масквой? Яснага адказу на гэтае пытаньне пакуль няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG