Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайну не выйграюць перамогамі». 7 ваенных раманаў, якія варта прачытаць


Васіль Верашчагін «Апатэоз вайны» (1871)
Васіль Верашчагін «Апатэоз вайны» (1871)

Вайна — скразная літаратурная тэма. Некаторыя кнігі пра вайну ўвайшлі ў сьціслы канон сусьветнай літаратуры; іншыя сталі здабыткамі нацыянальных літаратур і вывучаюцца ў школьных праграмах розных узроўняў. Я прыгадаю творы, якія склалі падмурак маёй прыватнай адукацыі ў літаратурнай ваеннай тэме.

Эрнст Юнгер, «У сталёвых навальніцах» (Ernst Jünger, «In Stahlgewittern», 1920)

Эрнст Юнгер (1895-1998), які пайшоў на І сусьветную вайну добраахвотнікам, праслужыў у нямецкай арміі на заходнім фронце, у Францыі і Бэльгіі, амаль да канца ваенных дзеяньняў. На фронце Юнгер быў чатырнаццаць разоў паранены. З арміі выйшаў у 1923 годзе ў званьні лейтэнанта.

Вокладка выданьня «Ў сталёвых навальніцах» 1922 году
Вокладка выданьня «Ў сталёвых навальніцах» 1922 году

Дакумэнтальную кнігу «Ў сталёвых навальніцах» 25-гадовы Юнгер напісаў на аснове сваіх франтавых дзёньнікаў, заахвочаны бацькам. Кніга прынесла яму эўрапейскую вядомасьць, але адначасова, пасьля прыходу нацыстаў да ўлады ў Нямеччыне, уставіла яго і ягоны літаратурны дэбют у вельмі непажаданы кантэкст. Юнгера шмат хто пачаў разглядаць як пісьменьніка і мысьляра, які ўхваляе мілітарызм і вайну, а разам зь імі і тагачасную нацысцкую палітыку.

У кніжцы «Ў сталёвых навальніцах» ухваленьне вайны, безумоўна, ёсьць, але аўтар там ухваляе вайну як «містычны досьвед», а не як сродак здабыцьця жыцьцёвай прасторы для немцаў. Чалавек на вайне, кажа Юнгер свайму чытачу, уваходзіць у непасрэдны кантакт з праявамі быцьця, якія ў цывільным жыцьці яму абсалютна недаступныя. На вайне чалавек адчувае подыхі вышэйшай сілы, ягонае жыцьцё набывае новую якасьць праз інтэнсіўнае адчуваньне болю. Той, хто не баіцца болю і не пазьбягае яго, можа вызваліцца са сваёй цывільнай шкарлупіны і дасягнуць вышэйшай формы існаваньня. Такі погляд на вайну, зразумела, вельмі адпавядаў нацыстам у 1930-х, якія рыхтавалі новую сусьветную бойню…

Эрнст Юнгер са сваімі баявымі ўзнагародамі
Эрнст Юнгер са сваімі баявымі ўзнагародамі

Аднак Юнгер у нацысцкай Нямеччыне выбраў унутраную эміграцыю, адхіляючы прапановы нацыстаў балятавацца ў дэпутаты Райхстагу зь іхнага сьпісу і ўступіць у нацысцкую Акадэмію літаратуры. Нягледзячы на гэта, Юнгер увесь час заставаўся недатыкальным, перш за ўсё з увагі на стаўленьне Адольфа Гітлера, які яго шанаваў як героя Першай сусьветнай вайны. Стаўленьне Гітлера да Юнгера ўратавала гэтага апошняга ад сьмерці ў 1944 годзе, калі гітлераўская судовая махіна праводзіла крывавую чыстку сярод нямецкіх афіцэраў, якія мелі дачыненьне да замаху на жыцьцё фюрэра. Юнгер быў асабіста знаёмы шмат з кім з замахоўцаў, і гэтага зь лішкам хапала, каб пакараць яго сьмерцю, аднак і тады Гітлер сказаў не чапаць пісьменьніка, які ў рангу капітана служыў у нацысцкай арміі ў Парыжы.

Эрнст Юнгер памёр на 104-м годзе жыцьця, аўтарам больш як 50 кніг. Аднак ніводная зь іх не перавысіла славы ягонага «мілітарысцкага» дэбюту.

Эрых Марыя Рэмарк, «На заходнім фронце безь пераменаў» («Im Westen nichts Neues», 1928)

Эрых Марыя Рэмарк
Эрых Марыя Рэмарк

Герою гэтага самага вядомага раману Эрыха Марыі Рэмарка (1898-1970), Паўлю Боймэру, 19 гадоў, калі ён, як усе яго аднаклясьнікі, уступае ў нямецкую армію і трапляе на Заходні фронт. Але вайна для Боймэра — гэта далёка не «містычны досьвед» і не нагода загартаваць свой характар і дасягнуць «вышэйшай формы існаваньня», як для Юнгера. Вайна — гэта бессэнсоўныя і крывавыя акопныя будні, падчас якіх ад роты ў 150 чалавек застаюцца ўсяго тры дзясяткі. Атрымаўшы водпуск, Паўль наведвае родны гарадок і там усьведамляе сабе сваю неадольную адчужанасьць ад мірнага жыцьця. Вайна зрабіла зь яго іншага чалавека, вялага і расчараванага, пазбаўленага як веры ў перамогу Нямеччыны, так і ў сэнс змаганьня наагул.

У нацысцкай Нямеччыне раман «На заходнім фронце безь пераменаў» быў забаронены. Адольфу Гітлеру патрэбныя былі салдаты, «жалезныя мужчыны», пра якіх пісаў Юнгер, а ня «хліпкія хлопчыкі», аднаго зь якіх сваім героем зрабіў Эрых Марыя Рэмарк.

Эрнэст Гэмінгуэй, «Разьвітаньне са зброяй» (Ernest Hemingway, «A Farewell to Arms», 1929)

На гэтую ў асноўным эўрапейскую вайну амэрыканец Эрнэст Гэмінгуэй (1899-1961) трапіў 19-гадовым, як героі Юнгера і Рэмарка. Яго ўзялі на італьянска-аўстрыйскі фронт у 1918 годзе як кіроўцу санітарнай машыны. Пасьля двух месяцаў службы Гэмінгуэй быў сур’ёзна паранены — лекары вынялі зь ягонага цела 26 асколкаў. Прастрэлены надкаленьнік яму замянілі алюмініевым пратэзам. Ён правёў шэсьць месяцаў у шпіталі Чырвонага Крыжа ў Міляне, дзе пазнаёміўся з амэрыканскай мэдсястрой Агнэс фон Куроўскі. У іх завязаўся раман, і яны пастанавілі пажаніцца ў Амэрыцы.

Агнэс фон Куроўскі і Эрнэст Хэмінгуэй у Мілане ў 1918 годзе
Агнэс фон Куроўскі і Эрнэст Хэмінгуэй у Мілане ў 1918 годзе

Вось гэты двухмесячны побыт на фронце і шасьцімесячны ў шпіталі і стаўся асновай для раману 1929 году «Разьвітаньне са зброяй». Твор Гэмінгуэя збольшага мае падобны мэсыдж, што і згаданы вышэй твор Рэмарка. Герой Гэмінгуэя, амэрыканец Фрэдэрык Генры, як і Паўль Боймэр, сутыкнуўшыся з крывава-абсурднай рэальнасьцю фронту, разьвенчвае свае ілюзіі наконт таго, што ў гэтай вайне ёсьць нейкі правільны бок і няправільны.

«Я ведаю, што вайна — страшная рэч, але мы павінны давесьці яе да канца» — тлумачыць Фрэдэрык Генры салдатам сэнс свайго ўдзелу ў вайне. На што адзін салдат-італьянец яму адказвае: «Вайна ня мае канца. (…) Вайну не выйграюць перамогамі. (…) Толькі калі аўстрыйцы перастануць біцца. Адзін бок павінен перастаць біцца. Чаму не перастаць біцца нам?»

Гэмінгуэй у часе І сусьветнай вайны ў Італіі
Гэмінгуэй у часе І сусьветнай вайны ў Італіі

Каб пазьбегчы расстрэлу пасьля абсурднага абвінавачаньня ў шпіянажы, Фрэдэрык пастанаўляе дэзэртаваць і ўцякае разам з мэдсястрой-англічанкай, зь якой у яго раман, у Швайцарыю. Мэдсястра, якая ў рамане завецца Катрын Барклі, памірае ў Швайцарыі пры цяжкіх родах іхнага дзіцяці.

Раман «Разьвітаньне са зброяй», магчыма, ня меў бы сёньня такога значэньня ў гісторыі антываеннай літаратуры, якое мае кніга Рэмарка, калі б не яго love story. Катрын Барклі — адзін з найбольш запамінальных жаночых пэрсанажаў у літаратуры. Як для мяне, «Разьвітаньне са зброяй» — значна цікавейшы твор Гэмінгуэя, чым «Па кім звоніць звон» або «Стары чалавек і мора».

Джозэф Гэлер, «Выкрут-22» (Joseph Heller, «Catch-22», 1961)

Кнігу, відаць, амаль усе чытачы гэтага тэксту некалі чыталі, а таму пра яе — зусім коратка. «Выкрут-22» — бадай ці ня самая гратэскная і сатырычная кніга пра вайну ў сусьветнай літаратуры. Яна бязьлітасна і грубавата высьмейвае абсурднасьць вайсковага жыцьця і бессэнсоўнасьць вайны, сутыкаючы ў сюжэтным пляне намаганьні групы амэрыканскіх пілётаў у Італіі падчас ІІ сусьветнай вайны выжыць і вярнуцца дадому жывымі — з вайсковай бюракратычнай сыстэмай, якая ўвесь час павышае ім ліміт баявых палётаў. Пасьля выхаду кнігі Гэлера выраз catch-22 стаў у ангельскай мове крылатай фразай, якая азначае безвыходную сытуацыю («зачараванае кола»).

Джозэф Гэлер
Джозэф Гэлер

Джозэф Гэлер (1923-1999) ва ўзросьце 19 гадоў уступіў у корпус авіяцыі арміі ЗША, а ў 1944 годзе трапіў на італьянскі фронт, дзе адбыў 60 баявых палётаў як бамбардыр бамбавіка Б-25. Ягоны дэбютны раман «Catch-22» стаў сусьветным бэстсэлерам. Потым ён апублікаваў яшчэ пяць іншых раманаў, але ніводзін зь іх не паўтарыў посьпеху гэтага першага.

Курт Вонэгут, «Бойня нумар пяць» (Kurt Vonnegut, «Slaughterhouse-Five», 1969)

Курт Вонэгут
Курт Вонэгут

Курт Вонэгут (1922-2007) таксама трапіў на фронт, у сьнежні 1944 году. 22 сьнежня немцы, падчас контранаступу ў гэтак званай Ардэнскай апэрацыі, захапілі яго ў палон і разам зь іншымі палоннымі амэрыканцамі адправілі ў Дрэздэн. У Дрэздэне ён стаў сьведкам альянцкага бамбаваньня, якое 13-14 лютага 1945 году сьцерла амаль увесь горад з паверхні зямлі, забіваючы дзясяткі тысяч мірнага насельніцтва. Вонэгут выжыў, бо палонных нанач замыкалі ў гарадзкой жывёлабойні нумар 5, а падчас бамбаваньня адводзілі ў склеп, у якім раней захоўваліся мясныя тушы. Пазьбегнуўшы гібелі ад сваіх бамбавікоў, Вонэгут быў вымушаны разам зь іншымі палоннымі расчышчаць руіны і выцягваць з-пад друзу тысячы трупаў.

Гэты траўматычны ваенны досьвед лёг у аснову ці ня самага вядомага раману Курта Вонэгута, поўны загаловак якога: «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей».

Галоўны герой «Бойні нумар пяць» — Білі Пілігрым, нясьмелы і нягеглы амэрыканец, які, як і аўтар, трапляе ў нямецкі палон, выжывае ў бамбаваньні Дрэздэну, а потым бярэ ўдзел у пахаваньні целаў і астанкаў загінулых жыхароў гораду. Траўматычныя ваенныя перажываньні сталі прычынай стрэсавага расстройства Пілігрыма, чалавека, які «выпаў са свайго часу» і набыў здольнасьць падарожнічаць у часе, якой навучылі яго іншаплянэтнікі. Жыцьцё Білі Пілігрыма апісваецца ў эпізодах, у «тэлеграфічна-шызафрэнічным стылі», як некалі выказаўся сам Вонэгут. Кніга спалучае ў сабе элемэнты рэалізму, гратэску і фантастыкі, прыпраўленыя добрай дозай іроніі і сатыры.

Лётар-Гюнтэр Бухгайм, «Лодка» (Lothar-Günther Buchheim, «Das Boot», 1973)

Лётара-Гюнтэра Бухгайма (1918-2007), студэнта мастацтва да вайны, у 1940 годзе мабілізавалі ў вайскова-марскія сілы нацысцкай Нямеччыны, Kriegsmarine. Ён служыў на падводнай лодцы як зондэрфюрэр, то бок ягоным заданьнем было не ваяваць разам з экіпажам, а працаваць прапагандыстам, карэспандэнтам і мастаком: ён пісаў карэспандэнцыі, зводкі аб падводных мінах і лодках, рабіў эскізы і фатаграфіі.

Восеньню 1941 году Бухгайм далучыўся да экіпажу падводнай лодкі U-96 пад камандаваньнем капітана Гайнрыха Лемана-Віленброка , якая ўзяла ўдзел у бітве за Атлянтыку. У 1973 годзе ён апублікаваў раман «Das Boot», заснаваны на сваім досьведзе службы на гэтай падводнай лодцы — бэлетрызаваны аўтабіяграфічны аповед ад імя «лейтэнанта Вэрнэра». Кніга стала самым прадаваным нямецкім раманам пра вайну. Далейшую славу раману ўгрунтаваў фільм на яго аснове, які зьявіўся ў 1981 годзе.

Капітан Гайнрых Лемана-Віленброк, камандзір падводнай лодкі U 96, на якой служыў Лётар-Гюнтэр Бухгайм
Капітан Гайнрых Лемана-Віленброк, камандзір падводнай лодкі U 96, на якой служыў Лётар-Гюнтэр Бухгайм

У Нямеччыне «Das Boot» Бухгайма быў адразу прызнаны найлепшым нямецкім раманам пра ІІ сусьветную вайну. Як мне здаецца, гэтае меркаваньне не зьмянілася і да сёньняшняга дня. Магчыма, нават узмацнілася. У 2018 годзе нямецкі тэлеканал Sky One зьняў сэрыял «Das Boot», які працягвае гісторыю падводнай лодкі Бухгайма, паказаную ў фільме 1981 году. Сэрыял грунтаваўся на кніжцы Бухгайма «Die Festung» («Крэпасьць», 1995), якую ён напісаў як «свабодны працяг» гісторыі герояў «Лодкі». Сёлета сэрыял «Das Boot» увайшоў ужо ў свой трэці сэзон.

Васіль Быкаў, «Сотнікаў» (1970)

Шмат хто, мабыць, назаве «Сотнікава» самай выдатнай аповесьцю Васіля Быкава. У кожным разе, я належу якраз да такіх чытачоў. Пытаньні маральнага выбару паміж жыцьцём і сьмерцю, здрадай і вернасьцю сваім прынцыпам, мужнасьцю і баязьлівасьцю, адказнасьцю за свой лёс і за лёс іншых — якія выразна прысутнічаюць і ў іншых творах Быкава — у «Сотнікаве» пастаўленыя ў максымальна аголеным і, так сказаць, крыштальна чыстым выглядзе.

Васіль Быкаў «Сотнікаў. У тумане»
Васіль Быкаў «Сотнікаў. У тумане»

На падставе «Сотнікава» Ларыса Шэпіцька зьняла ў 1977 годзе фільм «Узыходжаньне», які заслужана лічыцца адным з найвыдатнейшых дасягненьняў савецкага кінэматографу. Агульна кажучы, сцэнар карціны Шэпіцькі даволі дакладна адлюстроўвае калізіі аповесьці Быкава, але само заканчэньне ў фільме атрымалася занадта бескампраміснае і адназначнае. У Быкава заканчэньне аповесьці, так сказаць, амбівалентнае: подзьвігу Сотнікава і здрадзе Рыбака пісьменьнік не дае такой адназначнай маральнай ацэнкі, як Шэпіцька.

«Варта» – суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG